Эпоха герояў альбо футбол у кожны двор

«Эпоха герояў» — пад такім сьлёганам у бліжэйшыя два месяцы футболам будзе ахоплена 8 гарадоў і мноства нефармальных камандаў. Што да чаго, распавядаем на прыкладзе адборачных этапаў, што прайшлі на гэтых выходных у Маладзечне і Баранавічах.


Здымак з туру ў Баранавічах 16 красавіка 2011 у гонар Дзеда Талаша. zabej.info.

Дваровы футбольны Турнір Пасыянарыяў 2011 — так завецца футбольны марафон, які ладзіць супольнасьць «Забей». Дваравы турнір распачаўся ў 2006 годзе. За гэты час у турніры паўдзельнічала мноства нефармальных дваровых камандаў зь Менску, Гомеля, Горадні, Магілёву, Рэчыцы, Наваполацку, Вілейкі, Жодзіна ды іншых гарадоў. Гэта сотні тураў і тысячы дваровых футбалістаў.

Аднак не адзін футбол як такавы ды разьвіцьцё нефармальнага спорту ў краіне перасьледуюць арганізатары ды ўдзельнікі, а яшчэ й «стымуляваньне самаарганізацыі, актыўнай жыцьцёвай пазыцыі ды прапаганда ведаў пра родную гісторыю».

«У мінулым сэзоне кожны турнір быў прысьвечаны герою з гісторыі Беларусі. Кастусь Каліноўскі, Эмілія Плятэр, Тадэвуш Касьцюшка, Марат Казей, Фелікс Дзяржынскі ды іншыя людзі, якія пакінулі сьлед у гісторыі. Таму й завецца ўвесь марафон Турнір Пасыянарыяў», — тлумачаць арганізатары турніру.

Так, адборачны тур у Баранавічах на гэтых выходных прысьвечаўся Дзеду Талашу. А ў Маладзечне — аднаму з антысавецкіх партызан і змагару за незалежнасьць Беларусі Міхаілу Вітушку.

На баранавіцкі адбор прыйшло 12 камандаў, а месцам спартовых баталіяў абралі стадыён мясцовага ўнівэрсытэту. Дысцыпліна й самаарганізацыя тут былі на вышыні. Адзначым пераможцаў фіналу — каманду «ОСШ№14».

А ў Маладзечне ў туры на фоне суботніку ды падрыхтоўкі гораду да Дажынак сыйшліся чатыры мясцовыя каманды і дзьве зь Вілейкі. Пыл стаяў слупом і атмасфэра накалялася. На выніку пуцёўку на рэспубліканскі фінал выйграла каманда «Барчак».

Бліжэйшы менскі тур пройдзе 23-24 красавіка. Азнаёміцца з правіламі ды падаць заяўку на ўдзел у турніры дваровых камандаў можна на сайце zabej.info.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1381 seconds.