Амаль на тыдзень Менск запалоняць экспэрымэнтальныя тэатры

У Менску пройдзе Першы Міжнародны Фэстываль экспэрымэнтальных тэатраў. «Той Самы Фэстываль» адбудзецца з 21 па 26 красавіка 2011 году. 18 тэатральных калектываў, паўтары сотні гасьцей зь дзевяці краінаў — усё для стварэньня плятформы да міжнародных дыялёгаў у сфэры сучаснага тэатру.

На працягу шасьці дзён з 10 раніцы да ночы тэатралы разам з гледачамі будуць выконваць неабдымную шматузроўневую праграму. Яе аснову сфармуюць вулічныя і плястычныя спэктаклі экспэрымэнтальных калектываў Германіі, ЗША, Чэхіі, Славакіі, Славеніі, Польшчы, Расеі і Беларусі. А ў межах моладзевай праграмы фестывалю пройдуць 2 дабрачынныя паказы: мультфільмы студыі дзіцячай анімацыі «Мы ёсьць!» (навукова-практычны дзіцячы цэнтар, Бараўляны) і спэктакль лялечнай студыі «Ціхі Акіян» (дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў). 

Акрамя паказу конкурсных спэктакляў для ўдзельнікаў фэстывалю будзе праведзена штодзённая сэрыя бясплатных майстар-клясаў:

  • кантактная імправізацыя (Карэл Ванэг, Германія);
  • танец бута (Лілі Эмэрсан, ЗША);
  • «Вулічны тэатар», які ўключае ўдзел у вулічных флэшмобах (Kud Ljud, Славенія);
  • праца з моладзевымі тэатрамі (Ціна Юкэр, Германія);
  • драматургія тэатра імправізацыі (Галіна Пьянова, Казахстан).

Вечарамі ўсе ўдзельнікі змогуць абмеркаваць прадстаўленыя працы, пагутарыць з тэатральнымі прадусарамі, якія займаюцца арганізацыяй фэстываляў у Эўропе, ЗША і Казахстане, прасякнуцца нефармальнай атмасфэрай і атрымаць асалоду ад музыкі ва ўтульнай «Кальяннай № 1».

«Той Самы Фэстываль» арганізаваны тэатрам-студыяй «Ронд», Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў, Муніцыпальнай установай па культуры г. Бона (Германія) і Цэнтрам беларускай драматургіі і рэжысуры.

Сайт арганізатараў: www.rondstudio.org. Інфалінія: (029) 334 52 45; (029) 514 25 25.

02:50, 18/04/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.066 seconds.