Беларусы галасуюць нагамі: пасьля выбараў усё болей людзей хоча зьехаць з краіны

Кожны трэці беларус хацеў бы зьехаць за мяжу часова, а кожны пяты — на ўвесь час. 45% насельніцтва лічыць, што моладзі няма чаго рабіць у Беларусі, а чвэрць беларусаў хоць зараз гатовыя выехаць у ЗША ці Нямеччыну. Гэта толькі частка несуцяшальных дадзеных пасьлявыбарчага дасьледаваньня грамадзкай думкі, што агучылі незалежныя сацыёлягі.


Вынікі апытаньняў Gallup: 1. Хацелі б паехаць на часовую працу. 2. Хацелі б павучыцца за мяжой. 3. Хацелі б зьехаць у іншую краіну на сталае жыхарства.

Паводле дадзеных глябальнага дасьледаваньня агенцыі Gallup, Беларусь займае трэцяе месца сярод краін СНД па жаданьню зьехаць з краіны. Вышэй нас толькі армяне і малдаване. Як адзначаюць сацыёлягі Gallup, першыя маюць адну з найбольшых дыяспараў у сьвеце і вядомыя тым, што большасьць армян жыве за мяжой, чым на гістарычнай радзіме. Прыкладна тая ж сытуацыя зараз і ў Малдове, але нягледзячы на гэта, яшчэ 54% жыхароў гэтай краіны ня супраць зьехаць на часовую працу.

Сярод беларусаў колькасьць жадаючых паехаць на часовую працу (35%) вышэйшая за сярэдні паказчык па СНД. Вышэй гэта і ў параўнаньні з суседнімі краінамі Балтыі, дзе ўлады перасьцерагаюцца, што жыць у гэтых краінах хутка ўвогуле ня будзе каму. Так, прыкладна кожны пяты латвіец плянуе ў бліжэйшыя гады ехаць у іншую краіну дзеля працы альбо навучаньня. У Літве кожны пяты грамадзянін зьбіраецца ў бліжэйшы час заняцца пошукамі замежнай працы.

Тое ж самае і з жаданьнем беларусаў паехаць вучыцца за мяжу: 32% беларусаў хацелі паехаць у бліжэйшы час вучыцца ці практыкавацца ў іншай краіне. Гэта другі паказчык у СНД.

Пасьля выбараў зьехаць захацела яшчэ болей беларусаў


Беларусы думаюць пра эміграцыю ўсё часьцей. Дадзеныя НІСЭПД

Паводле першага пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году вялікага апытаньня Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД), за апошні час значна вырасла колькасьць жадаючых зьехаць з краіны. Так, на 800 тысячаў чалавек вырасла войска жадаючых выехаць зь Беларусі ў Нямеччыну і ЗША.

На пытаньне: «Як Вы думаеце, ці могуць маладыя людзі сёньня зрабіць пасьпяховую кар’еру ў Беларусі» 44.9% апытаных адказалі «Не, для гэтага моладзі лепей ехаць у іншую краіну». Два гады таму прыкладна кожны трэці беларус лічыў, што пасьпяховай кар’еры моладзь тут не збудуе.

Болей за ўсё беларусы хацелі б сёньня пераехаць на пастаяннае месца жыхарства ў Нямеччыну і ЗША. Гэтага жадаюць 26.03% апытаных (у чэрвені 2006 г. такіх было на 8% меней).

Аднак як адзначаюць сацыёлягі, кажучы аб жаданьні выехаць у заходнія краіны, рэальна беларусы зьяжджаюць не ў Эўропу, а ў Расею. Гэта зьвязана з асаблівасьцямі ідэнтычнасьці беларусаў, якая будуецца не на падставе вопыту паўсядзённага жыцьця, а на больш агульных культурна-псыхалягічных структурах. Агулам аб эміграцыі цяпер задумваецца каля 45% беларусаў. Пяць гадоў таму такіх было толькі 33%. Прычым тых, хто ня вызначыўся, стала ў два разы меней.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0598 seconds.