Амаль кожны другі малады чалавек па-ранейшаму хоча зьехаць зь Беларусі
Беларускае пакаленьне Y лічыць, што для таго, каб зрабіць пасьпяховую кар’еру, варта зьехаць за мяжу. Гэта зьбіраюцца зрабіць каля 46% маладых людзей.
46.3% рэспандэнтаў ва ўзросьце ад 18 да 24 гадоў на пытаньне «У будучыні ці хацелі б вы жыць (ці працаваць) у Беларусі?» адказваюць адмоўна. Гэта сьвежыя дадзеныя дасьледаваньня, праведзенага групай экспэртаў Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД).
Як адзначаюць аўтары дасьледаваньня, «на сваю будучыню, прынамсі, матэрыяльна-эканамічную, многія маладыя людзі глядзяць з большым пэсымізмам, чым старэйшае пакаленьне… Многія маладыя людзі бачаць сваю будучыню за межамі роднай краіны».
У будучыні ці хацелі б вы жыць (ці працаваць) у Беларусі? (красавік 2010). Усе апытаныя і рэспандэнты ад 20 да 24 гадоў.
Паводле апошніх дадзеных НІСЭПД, колькасьць маладых людзей ва ўзросьце да 25 гадоў, якія не жадалі б жыць (ці працаваць) у Беларусі, больш чым удвая перавышае колькасьць людзей з такім жа настроем ва ўзросьце ад 30 да 60 гадоў.
Сацыёлягі зьвязваюць адсутнасьць жаданьня заставацца ў краіне зь невялікімі кар’ернымі магчымасьцямі, якія мае ў Беларусі пакаленьне Y. 62.9% людзей ва ўзросьце ад 18 да 19 гадоў кажуць, што для таго каб выбудаваць пасьпяховую кар’еру, моладзі варта зьехаць за мяжу. Тое ж самае лічыць кожны другі чалавек, якому яшчэ ня споўнілася 25. Але старэйшае пакаленьне глядзіць на пытаньне кар’еры маладых больш аптымістычна. Агулам прыкладна кожны трэці беларус лічыць, што пасьпяховай кар’еры моладзь тут не збудуе.
Як вы мяркуеце, ці могуць маладыя людзі сёньня зрабіць пасьпяховую кар'еру ў Беларусі? (сьнежань 2008). Усе апытаныя і рэспандэнты ад 18 да 19 гадоў
А як у суседзяў?
Цікава, што падобная сытуацыя назіраецца і ў суседніх зь Беларусьсю Літве і Ўкраіне. Паводле дадзеных Дзяржаўнага інстытуту разьвіцьця сям’і і моладзі, які знаходзіцца ў Кіеве, амаль 30 працэнтаў украінскіх студэнтаў плянуюць назаўсёды пакінуць Украіну пасьля навучаньня цераз матэрыяльныя праблемы ці таму, што ня могуць цалкам сябе рэалізаваць на радзіме, а яшчэ 25 працэнтаў хацелі б паехаць на заробкі за мяжу. Больш за ўсё студэнтаў прыцягвае Вялікабрытанія, ЗША і Германія.
У Літве, дзе кожны пяты грамадзянін зьбіраецца ў бліжэйшы час заняцца пошукамі працы, найбольш жадаючых зьехаць сярод людзей ад 15 да 24 гадоў, кажуць вынікі дасьледаваньня агенцыі RAIT.
У апошнія гады адсотак моладзі, якая зьбіралася пакінуць Беларусь, крыху зьменшыўся. Напрыклад, у 2003 годзе жадаючых выехаць маладых людзей ва ўзросьце ад 18 да 24 гадоў было 63,4%. У 2005 такіх стала 50%, а ў напрыканцы 2008 — 53%. Па дадзеных на 2009 год 40% маладых людзей рыхтавалі чамаданы для эміграцыі.