Што п’юць беларусы?

За апошнія 10 гадоў беларусы сталі меней спажываць піва, затое болей п’юць гарэлкі і віна. У выніку мы занялі 10 месца сярод самых пітушчых краінаў сьвету. Хаця 2 мільёны беларусаў не спажываюць увогуле, паводле дакладу Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), на кожнага беларуса, старэйшага за 15 гадоў, прыходзіцца 15.13 літры чыстага алькаголю.

Па дадзеных ўсё той жа СААЗ, пры ўжываньні 8 літраў алькаголю на чалавека пачынаецца дэградацыя нацыі. І наша дэмаграфічная сытуацыя адпаведная: у мінулым годзе насельніцтва Беларусі скарацілася на 55 тысячаў чалавек.


Хто што п'е ў Нямеччыне, Беларусі і Літве. Па дадзеных СААЗ

Болей за ўсё беларусы спажываюць гарэлкі і «іншых» алькагольных напояў — 43% усяго алькаголю якраз прыходзіцца на «сьпірт». І мала, параўнальна зь іншымі эўрапейскімі краінамі, віна і піва. Да прыкладу, у Францыі і іншых эўрапейскіх краінах з даўнімі традыцыямі вінаробства, спажываньне віна ў 7 разоў вышэйшае, чым у Беларусі. У гэтых краінах, дарэчы, цяжкія запоі назіраюцца параўнальна рэдка, адзначаюць спэцыялісты СААЗ.

Кожны 5 алькагольны літар у Беларусі — піўны (ва Ўкраіне кожны трэці, у Бэльгіі — больш чым кожны другі). Атрымліваецца, што другі па папулярнасьці алькагольны напой у нашай краіне аднесены ў графу «іншае». У беларускім варыянце пад «іншым» часьцей за ўсё хаваецца багаты асартымэнт пладова-ягадных він «дэмакратычнага кошту».

Віно ў беларусаў зусім не ў пашане: толькі кожны 11 літар спажытага ў краіне алькаголю прыходзіцца на гэты даўні напой. У Літве і Польшчы гэты паказчык на 50% вышэйшы, а ў Нямеччыне віно — другі па папулярнасьці напой (27%) пасьля піва. «Іншага» там, дарэчы, зусім не спажываюць.


Спажываньне алькаголю ў літрах на чалавека, старэйшага за 15 гадоў, у Беларусі: піва, віно, сьпірт, іншае, агулам

Дасьледчыкі знайшлі ў Беларусі 2 мільёны непітушчых (увогуле ня п’ьюць 29% жанчын і кожны 9 мужчына). Але агулам у дакладзе СААЗ сытуацыя са спажываньнем алькаголю ў Беларусі ацэньваецца як блізкая да рызыкоўнай.

У выніку ў 2005 годзе Беларусь займала 10 месца сярод краін з найбольшым спажываньнем алькаголю на чалавека. Ранейшых дадзеных спэцыялістам сабраць не атрымалася, таму прыходзіцца параўноўваць менавіта з гэтым пэрыядам. Самай «алькагольнай» краінай тады аказалася Малдова (спажываюць там на 3 літры болей, чым у нас). Таксама Беларусь абагналі Чэхія, Украіна, Расея і Вугоршчына.


Яшчэ адзін сумны рэкорд Беларусі — чацьвёртае месца краіны па колькасьці самазабойстваў на 100 тысячаў чалавек. Аб гэтым казала нядаўна адна зь кіраўнікоў Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя Альбіна Самусенка.

Пры гэтым СААЗ прыкладна 12% усіх "алькагольных" сьмярцей зьвязвае з самазабойствамі. Агулам у сьвеце па прычынах, зьвязаных са спажываньнем алькаголю, памірае 2.5 мільёны чалавек штогод. І кожная пятае сьмерць у рэгіёне СНД зьвязаныя з алькаголем. Такім чынам, наш рэгіён — самы небясьпечны ў гэтым сэнсе ў сьвеце.


Алесь Bezuher 17:55, 11.03.2011 | Артыкулы |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0618 seconds.