Першыя ў сьвеце выбары праз sms праходзяць у Эстоніі

На бліжэйшых парлямэнцкіх выбарах эстонцы ўпершыню прагаласуюць з дапамогай мабільнікаў. Галасаваць праз кампутар жыхары гэтай краіны могуць яшчэ з 2005 году.


Скрыншот відэа Ройтэрз

Эстонія стане першай краінай у сьвеце, дзе выбаршчыкі змогуць галасаваць па мабільным тэлефоне, паведамляе РІА Навіны. Папярэдняе электроннае галасаваньне ўжо пачалося. Скончыцца яно за чатыры дні да афіцыйнай даты выбараў — нядзелі 6 сакавіка.

Такім незвычайным мэтадам галасаваньня эстонскія ўлады імкнуцца прыцягнуць да выбараў паболей людзей. Галасаваць можна будзе як праз мабільны тэлефон ці ID-картку, так і ўласнымі рукамі на выбарчым участку.

Для ўдзелу ў электронным галасаваньні праз кампутар выбаршчык павінен мець адмысловую ідэнтыфікацыйную картку, якая выкарыстоўваецца ў Эстоніі як пасьведчаньне асобы нароўні з пашпартам. Неабходна таксама мець прыладу, якая чытае ID-карткі, а таксама спампаваць кампутарную праграму «аплікацыя выбаршчыка» з сайту эстонскага ЦВК.

Пасьля ўваходу ў сыстэму выбараў, праграма правярае, ці не прагаласаваў выбаршчык раней, і загружае сьпісы кандыдатаў выбарчай акругі па месцы жыхарства. Пасьля чаго застаецца абраць патрэбнае прозьвішча і прагаласаваць за свайго кандыдата.

У выпадку смс-галасаваньня ролю ідэнтыфікацыйнай карткі будзе граць SIM-карта тэлефона, а прыладай зьлічваньня будзе служыць сам тэлефон. Трэба проста зарэгістраваць свой нумар на сайце эстонскай паліцыі і прагаласаваць у любы момант зь любога месца і становішча.

Адмыслоўцы ў галіне бясьпекі сьцьвярджаюць, што галасаваньне праз SIM-картку такое ж бясьпечнае, як галасаваньне ID-каркай.

Голас, пададзены электронным шляхам, можна зьмяніць, прагаласаваўшы яшчэ раз да 6 сакавіка. У гэтым выпадку будзе ўлічаны апошні голас. Калі выбаршчык таксама прагаласаваў у выбарчым участку ў пэрыяд датэрміновага галасаваньня з 28 лютага па 2 сакавіка, тады яго электронны голас анулюецца і ўлічваецца голас, аддадзены «на паперы». У дзень выбараў — 6 сакавіка — электронны голас нельга ні зьмяніць, ні ануляваць.

За інтэрнэт-галасаваньнем на выбарах у парлямэнт будзе сачыць нядаўна створанае ў Эстоніі «кібэрвойска» — арганізацыя, што спэцыялізуецца на бясьпецы ў галіне інфармацыйных тэхналёгіяў.

Электронным шляхам эстонцы галасуюць яшчэ з 2005 году. На апошніх выбарах магчымасьцю галасаваць з хаты ў 1.3-мільённай Эстоніі скарысталіся болей за 100 тысячаў чалавек.

За два дні да заканчэньня датэрміновага галасаваньня ўжо болей за 70 тысячаў чалавек прагаласавалі он-лайн. Прагаласаваць раней на сваёй старонцы ў Фэйсбук заклікаў нават прэзыдэнт Эстоніі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1646 seconds.