Блогеры ўзнагародзілі самых (Абса)Лютых Палітыкаў 2010 года васкавым Дыягенам

28 лютага ў Менску адбылося абвяшчэньне ляўрэатаў прыза (Абса)Лютая Палітыка-2011, якім журы блогераў-палітолагаў уганаравала найбольш сьмешныя, абсурдныя і адыёзныя зьявы ў айчыннай палітыцы. Прыз уручаецца ўжо ў другі раз, і ў гэтым годзе на яго прэтэндавала назвычай шмат намінантаў, што арганізатары ўзнагароды тлумачаць інтэнсіўнасьцю мінулай прэзыдэнцкай кампаніі.

У журы ўвайшлі вядомыя палітолагі ды блогеры, што пішуць на палітычныя тэмы: Дзяніс Мельянцоў, Юры Чавусаў, Яўген Ліпковіч, Натальля Васілевіч ды іншыя. Жорсткія рэпрэсіі, якія абрынуліся на апазыцыйных палітыкаў і грамадзянскую супольнасьць напрыканцы мінулага года, абумовілі некаторыя ваганьні ў сябраў журы: ці мэтазгодна ўручаць прыз за хібы ды сумнеўныя дасягненьні палітыкаў у сытуацыі, калі пераважная большасьць патэнцыйных атрымальнікаў знаходзіцца за кратамі. Але ў рэшце рэшт выбар быў зроблены на карысьць вызначэньня пераможцаў.


Падчас імпрэзы прадстаўнік журы, палітоляг Юры Чавусаў заявіў, што ў мінулым годзе камізм і пафас кампаніі па выбарах прэзідэнта канчаткова зьнішчыў мяжу паміж палітыкай і пародыяй на яе. Таму, на ягоную думку, менавіта намінацыі (Абса)Лютай Палітыкі найбольш адэкватна адлюстроўваюць характэрныя асаблівасьці мінулага палітычнага сэзону.

«Мы фіксуем як памылкі апазыцыйных палітыкаў (скандал з катом Уладзіміра Някляева) так і трывожныя праявы ў рыторыцы дзяржаўных службоўцаў (прававы нігілізм міністра ўнутраных спраў Куляшова, які адмовіўся падпарадкоўвацца міжнародным нормам Арганізацыі аб'яднаных нацыяў). Але галоўнае, чым адрозьніваецца нашая прэмія ад іншых узнагародаў — мы імкнемся называць рэчы сваімі імёнамі, не займаемся стварэньнем штучных міфаў зь відавочных памылак палітычных дзеячоў», — патлумачыў Чавусаў.

У чатырнаццаці намінацыях перамаглі як апазыцыйныя палітыкі, так службоўцы дзеючага рэжыму. Былі ўганараваныя таксама кампаніі і акцыі. Сябра журы, блогер Яўген Ліпковіч сам атрымаў прыз «Палітыка 2.0» за спалучэньне палітычнага і віртуальнага.


Яўген Ліпковіч

Варта адзначыць, што ў адрозьненьне ад мінулага году, калі на ўручэньне прыза асабіста зьявіцца вырашыў толькі Алесь Міхалевіч, у гэтым годзе атрымаць у свае рукі статуэтку васкавога Дыягена прыйшлі ўзнагароджаныя ажно ў трох намінацыях.

Палітычным скандалам года была прызнаная гісторыя з катом уладзіміра Някляева — васкавых Дыягенаў узялі кіраўнік перадвыбарчага штаба экс-кандыдата Андрэй Дзьмітрыеў і гаспадар ката Барсіка, зь якім Уладзімір Някляеў заключыў прымірэнчы мэмарандум. Акцыяй году была названая мінулагодняя спроба Васіля Сямашкі закідаць яйкамі дэманстрацыю-геяў у Менску — і журналіст таксама атрымаў прыз уласнаручна.


Васіль Сямашка

У намінацыі «Кампанія году» статуэтку атрымаў прэтэндэнт у кандыдаты ў прэзыдэнты Ільля Дабратвор: ён спрабаваў зарэгістраваць ініцыятыўную групу па вылучэньні сябе кандыдатам у прэзыдэнты, пры гэтым група складалася з аднаго чалавека — самога Ільлі Дабратвора.


Ільля Добратвор


Андрэй Дзьмітрыеў

У шэрагу намінацыяў пераможцамі былі абвешчаныя супольныя суб'екты, не пэрсаніфікаваныя канкрэтнай фігурай. У тым ліку непэрсаніфікаваным апынуўся і атрымальнік галоўнага прыза «Люты палітык года» — ім быў абвешчаны «Генэрал Плошчы», як абстрактнае і сукупнае ўвасабленьне народных чаканьняў. На жаль, пэрсаніфікацыя «Генэрала Плошчы» яшчэ не завершаная да канца — цяпер пракуратура і суд вызначае, хто сапраўды зьяўляецца палітыкам мінулага году ў Беларусі, а прыз будзе аддадзены Лютаму палітыку мінулага года пасьля ягонага вызваленьня.

(Абса)ЛЮТАЯ ПАЛІТЫКА-2011

Самыя смачныя кавалкі палітычнага году ў Беларусі

АГУЛЬНЫЯ НАМІНАЦЫІ

1."Эўраразетка" за найлепшую інтэграцыю з Эўропай

- Беларускі народ на Плошчы - за тое, што шляхам самаахвярнага ўдзелу у правакацыі і праз далейшае зьбіцьцё дамогся скасаваньня платы за выдачу нацыянальных візаў у краіны Эўразьвязу

2.За вынас мозга сродкамі палітычнага аналізу

- Станіслаў Шушкевіч з прапановай вырашыць пытаньне з правамі чалавека ў Беларусі праз увядзеньне ў краіну расейскіх войскаў

3.Скандал!

- Кот кандыдата Някляева

4.Запільнасьць

- Невядомы супрацоўнік расейскіх спэцслужбаў, які паведаміў пра падрыхтоўку пакушэньня на Лукашэнку ў часе сьвяткаваньня Дажынак, беларуская аналітычная і экспэртная супольнасьць, а таксама спадары Беразоўскі, Кастусёў, Мілінкевіч, Раманчук і іншыя шукальнікі "расейскага сьледу" ў час выбарчай кампаніі і па выніках 19 сьнежня

5."За тонкі гумар і разнастайнасьць думак" за няспраўджаны прагноз года

- Амбасада ЗША ў Беларусі супольна зь неназваным «бывшим советником по отношениям с прессой президентской администрации Александром XXXXXX» за прагнозы адносна адмовы Аляксандра Лукашэнкі балятавацца на чацьверты тэрмін (па дадзеных Вікілікс)

6."Палітыка 2.0" за спалучэньне віртуальнага і палітычнага

- Яўген Ліпковіч — па сукупнасьці віртуальных дасягненьняў, у прыватнасьці за кампанію «Кастусёў или смерть», за абарону севастопальскага парку, за вылучэньне ў мясцовыя саветы дэпутатаў праз ЖЖ ды ініцыяваньне кампаніі ШОС.

7.Акцыя года

- Журналіст Белапан Васіль Семашка разганяе гейпрайд

8."Зьліцьцё і паглынаньне" за посьпехі ў кааліцыйным развале-будаўніцтве (аб'яднаная з намінацыяй "Элемэнтарныя часьціцы")

- Удзел кандыдатаў ад апазыцыі ў тэлевізійных дэбатах, калі яны здолелі на працягу гадзіны дэманстраваць кранальнае тактычнае адзінства, з улікам папярэдніх канфліктаў.

9."Пазыцыянуйся!" за найлепшы рэбрэндынг

- Алесь Міхалевіч — распачаў кампанію прэзэнтацыяй у планетарыі, працягнуў прэзэнтацыяй праграмы ў ратушы, шакаваў усіх заявамі пра гарантыі для Лукашэнкі пасьля прыходу да ўлады, абяцаў забараніць бырла і шансон у маршрутках, але пытаньні дзяржаўнай сымболікі лічыў не прэзыдэнцкай справай, на плошчу не заклікаў, але сам прыйшоў і быў кінуты ў вязьніцу

10."Дура Лекс" за трыюмф юрыдычнае мысьлі

- Міністар унутраных спраў Анатоль Куляшоў, які заявіў што не жыве па законах ААН, чым апраўдваў расстрэлы асобаў, якія абскарджвалі ў Камітэце ААН па правах чалавека смяротныя прысуды

11.Кампанія году

- Нядоўгая выбарчая кампанія прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзідэнты Ільлі Дабратвора (спрабаваў зарэгістраваць ініцыятыўную групу з 1 чалавека)

12. СМІ году

- Фэйсбук Хартыі-97, што за вечар стварыў пераканаўчую карціну дзяржаўнага перавароту, паведамляючы кожныя дваццаць хвілін пра Ўрад нацыянальнага даверу, «народны натоўп штурмуе дом ураду» і г.д. — за збор доказнай базы.

13.Прэмія Дарвіна ў галіне палітычных і сацыяльных навук за палітычнае самазабойства

- Яраслаў Раманчук за заявы на прэс-канфэрэнцыі 20 сьнежня


Васкавы Дыяген

ГАЛОЎНЫ ПРЫЗ

Палітык году

«Генэрал Плошчы» як абстрактнае і сукупнае ўвасабленьне народных чаканьняў. На жаль, пэрсаніфікацыя «Генэрала Плошчы» яшчэ не завершаная да канца — няхай цяпер пракуратура і суд вызначае, хто сапраўды зьяўляецца палітыкам мінулага году ў Беларусі. Прыз будзе аддадзены ЛЮТАМУ ПАЛІТЫКУ мінулага года пасьля ягонага вызваленьня.

18:22, 28/02/2011 | Рэпартажы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0773 seconds.