Ultra-Music Awards падводзіць музычныя вынікі 2010 года

Штогадовае галасаваньне Ultra-Music Awards, якое вызначае з дапамогай наведвальнікаў сайта Ultra-Music лепшых музыкаў мінулага года, выйшла на фінішную прамую. Да канца галасаваньня застаецца два тыдні, а ўжо 26 лютага адбудзецца цырымонія ўзнагароджаньня пераможцаў у клюбе «Графіці».

«Ultra-Music Awards — адзіная ў Беларусі музычная прэмія, пераможцаў у якой выбіраюць самі слухачы, — кажа заснавальнік прэміі і каардынатар праекта Ultra-Music Вячаслаў Радзівонаў. — Тое, што ўжо на першым этапе галасаваньня, напрыклад, у намінацыі „Беларуская песьня года“ былі прапанаваныя 92 запісы, у два разы больш чым у мінулым годзе, сьведчыць аб тым, што такое падвядзеньне вынікаў года неабходна як слухачам і музыкам, так і беларускім СМІ».

Як і ў мінулы раз, галасаваньне Ultra-Music Awards падзелена на дзьве часткі: у першым туры ўсе жадаючыя прапаноўвалі свае варыянты фаварытаў, пасьля чаго былі адабраныя выканаўцы, альбомы і падзеі, якія ўзгадваліся часьцей за іншых — яны і трапілі ў другі тур. Галасаваньне праходзіць у пяці намінацыях — «Лепшы замежны альбом года», «Лепшая замежная песьня года», «Лепшы беларускі альбом года», «Лепшая беларуская песня года» і «Музычная падзея года ў Беларусі» — і працягнецца да 20 лютага. За палову другога тура зафіксавана ўжо больш за 17 тысяч галасоў.

Акрамя асноўных намінацый, рэдакцыя Ultra-Music адзначыць шэраг музыкаў спэцыяльнымі прэміямі. 26 лютага ў клюбе «Графіці» адбудзецца віншаваньне пераможцаў і канцэрт з удзелам гуртоў Sang Sattawood, Clover Club і IQ48. Наведаць мерапрыемства можа любы жадаючы.

26 лютага, паб-клюб «Графіці» (зав. Калініна, 16). Пачатак у 18:00. Квіткі: 25 000, 30 000 (пасьля 20 лютага). Колькасьць месцаў абмежавана! Даведкі і замова квіткоў па тэлефонах: +375 29 779 99 18, +375 29 613 95 06

11:00, 08/02/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2101 seconds.