Лідэры «Студэнцкай Рады» прынялі рашэньне зьехаць зь Беларусі

Пасьля ператрусу ў кватэры кіраўнікоў моладзевай прафсаюзнай групы «Студэнцкая Рада», студэнцкія актывісты прынялі рашэньне зьехаць зь Беларусі.

20 студзеня ў менскай кватэры Лізы Яфімавай і Дзьмітрыя Гамянюка прайшоў ператрус у межах крымінальнай справы аб «масавых беспарадках». Яго праводзілі супрацоўнікі КДБ, перад гэтым зачытаўшы пастанову, у адпаведнасьці зь якой Дзьмітрый Гамянюк нібыта прымаў удзел у дзейнасьці кампаніі «Гавары праўду» і ў падрыхтоўцы і правядзеньні на плошчы Незалежнасьці акцыі 19 сьнежня. Падчас ператрусу былі канфіскаваныя штодзёньнік, дакумэнты і значакі.

Правядзеньне ператрусу Лізавета Яфімава і Дзьмітрый Гамянюк зьвязваюць з тым, што займаліся актыўнай грамадзкай дзейнасьцю. Перад выбарамі яны займаліся кампаніяй супраць прымусу студэнтаў да датэрміновага галасаваньня, а пасьля выбараў зьбіралі інфармацыю пра затрыманьні студэнтаў і арганізоўвалі міжнародную падтрымку для студэнтаў, якім пагражаюць адлічэньні.

Яшчэ за два месяцы да выбараў студэнцкія актывісты адчулі на сабе ціск з боку дзяржавы. Так, 2 сьнежня на беларуска-польскай мяжы была зьнятая зь цягніка Лізавета Яфімава. На працягу 1,5 гадзін у яе без тлумачэньня прычын праводзіўся дагляд асабістых рэчаў. Празь некалькі дзён пасьля гэтага, быў ускрыты офіс «Студэнцкай Рады», зь якога зьніклі ўсе друкаваныя матэрыялы арганізацыі.

«Пры тым, што мы не прымалі ўдзелу ў дзейнасьці кампаніі «Гавары праўду» і тым больш, у падрыхтоўцы і правядзеньні акцыі пратэсту 19 сьнежня, пагроза асабістай бясьпекі безумоўна прысутнічае. 19 сьнежня быў пастаўлены крыж на існаваньні прававой дзяржавы ў Беларусі, і даказаць сваю невінаватасьць будзе практычна немагчыма. Менавіта таму мы былі вымушаныя часова пакінуць сваю родную краіну» — адзначаюць у адмысловым звароце з нагоды ад'езду Лізавета Яфімава і Дзьмітрый Гамянюк, аднак прымыняць сваю дзейнасьць не плянуюць.

«Студэнцкая Рада» з 2008 году займаецца абаронай правоў студэнтаў і дасьледаваньнямі ў студэнцкім асяродку.

Уні Вера 23:05, 24/01/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0602 seconds.