Латвійскія студэнты атрымліваюць болей за выкладчыкаў

Дзіўная сытуацыя склалася ў латвійскіх ВНУ дзякуючы эўрапейскаму фінансаваньню. Студэнты, якія прэтэндуюць на доктарскую або магістэрскую ступень, атрымліваюць у выглядзе стыпэндый болей, чым прафэсары, якія іх навучаюць. У гэты ж час беспрацоўе сярод выпускнікоў Латвіі павялічылася амаль на 50%.


Лёс латвійскага студэнта: беспрацоўе ці працоўная эміграцыя?

«Дзякуючы эўрапейскім грошам, дактаранты і магістранты могуць атрымліваць вельмі нядрэнныя стыпэндыі. Скажам, дактарант другога году навучаньня атрымлівае ў месяц 600 латаў на рукі (850 эўра), а апошняга году — 800 латаў (1130 эўра). Гэта больш чым прафэсар-кіраўнік. Прафэсары, вядома, ад такой сытуацыі не ў захапленьні, але маладым дарога адкрыта», — заявіў у этэры радыёстанцыі Baltkom 93,9 прэзыдэнт Латвійскай акадэміі навук Юрыс Экманіс.

У такой сытуацыі латвійскіх акадэмікаў болей за ўсё непакоіць верагоднасьць таго, што магістры і дактары пасьля заканчэньня навучаньня зьедуць у іншыя краіны ЭЗ. Бо зарабіць тыя ж самыя грошы, што давала ім дзяржава ў працэсе навучаньня, наўрад ці атрымаецца:

«Незразумела, што гэтым новым дактарам рабіць, каб зарабляць у Латвіі тыя ж грошы, якія яны атрымлівалі ў выглядзе стыпэндыі. І асноўная небясьпека ў тым, што іх ахвотна прымаюць у Эўропе. Нямеччына, да прыкладу, у гэтым годзе адкрыла свой рынак працы. Людзей з такой кваліфікацыяй перакупяць папросту.

У масавым парадку навукоўцы не зьязджаюць, але ж і навука — гэта тая галіна, дзе неабавязкова кудысьці зьяжджаць, каб працаваць на іншую дзяржаву. Інтэрнэт ёсьць, людзі, седзячы тут, атрымліваюць замежную зарплату. І самае дрэннае — пры гэтым нічога ня робяць для Латвіі», — апісаў становішча спраў прэзыдэнт Акадэміі навук Латвіі.

Пры гэтым беспрацоўе сярод былых студэнтаў латвійскіх унівэрсытэтаў б’е рэкорды. У 2010 годзе колькасьць беспрацоўных выпускнікоў ВНУ павялічылася на 44%. Агулам кожны трэці малады чалавек 15–24 гадоў не можа знайсьці працу ў Латвіі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0637 seconds.