Што робяць дзяўчыны ў беларускім спэцназе?

У беларускі спэцназ нядаўна сталі набіраць дзяўчат. Аказалася, што жадаючых трапіць туды вельмі шмат. Асноўны кантынгент — былыя ці нават дзейныя спарцменкі. Перад працай ім прыходзіцца перашываць мужчынскі камуфляж пад уласны памер, а пасьля яе — вышываць крыжыкам, каб супакоіцца.

«Маладых жанчын, якія жадаюць служыць у спэцназе, вельмі шмат», — кажа камандуючы палка міліцыі спэцыяльнага прызначэньня Гарадзенскай міліцыі маёр Іван Старавойтаў. Інтэрвію зь ім, а таксама зь дзяўчынамі, што служаць у гэтым падразьдзяленьні, публікуе «Міліцэйскі весьнік».

Па словах спэцназавак, набіраць маладых жанчын у полк міліцыі спэцпрызначэньня сталі пасьля таго, як «у праваахоўных органаў зьявіліся стацыянарныя мэталадэтэктары».

«Зразумела, што мужчына жанчыну даглядаць не можа, жаночыя сумачкі правяраць таксама неяк няёмка, для гэтага патрэбныя дзяўчыны», — кажа Вольга Цецярук, майстарка спорту па біятлёну.

Большасьць супрацоўніц «жаночага» спэцназу сапраўды былыя ці дзейныя спарцменкі. У гарадзенскім падразьдзяленьні, да прыкладу, ёсьць удзельніцы Алімпіяд, майстры спорту па лёкай атлетыцы. А ў вольны ад працы час некаторыя дзяўчыны займаюцца выключна жаночай практыкай вышываньня крыжыкам:

«Я вышываю крыжыкам, і не падумайце, што гэта жарт, — кажа Вольга Цецярук. — Стала вышываць шмат гадоў таму. Гэта манатонная дзейнасьць вельмі супакойвае нэрвы і дазваляе на час сысьці ў сябе».

Таксама спэцназаўкам прыходзіцца перашываць мужчынскую форму, бо жаночай пакуль у Беларусі ня робяць. Хаця, здаецца, тое іх ня надта напружвае:

«Мне падабаецца хадзіць у міліцэйскай форме, і я ганаруся тым, што я ў спэцназе», — цытуе «Міліцэйскі весьнік» словы Вольгі Краўцовай, майстаркі спорту па лёкай атлетыцы.

«Маладых жанчын, якія жадаюць служыць у спэцназе, вельмі шмат, — кажа камандуючы палка міліцыі спэцыяльнага прызначэньня Іван Старавойтаў. — У чэрвені гэтага году мы абвясьцілі аб наборы ў падразьдзяленьне дзяўчат, я правёў каля 60 гутарак. Дзяўчаты працуюць у мужчынскім калектыве, на заданьнях разам, на занятках па фізычнай падрыхтоўцы разам, страляюць разам, у камандзіроўках зноў жа разам».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1362 seconds.