Студэнцкае самакіраваньне ЭГУ зарэгістравалі ў Літве

Студэнты Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту скончылі працэдуру рэгістрацыі ўласнага самакіраваньня. Цяпер студэнцкае прадстаўніцтва ЭГУ прызнанае ў Літве на афіцыйным узроўні.

Студэнцкае прадстаўніцтва Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, якое выконвае функцыі студэнцкага самакіраваньня, абвясьціла аб пасьпяховым завяршэньні працэдуры рэгістрацыі ў Цэнтры рэгістра Лiтвы.

«Упершыню за час знаходжаньня ўнівэрсытэту ў Літве мы змаглі ня толькі прыдумаць дакладную пляцоўку для абароны інтарэсаў нашых студэнтаў, але і атрымаць пасьведчаньне аб рэгістрацыі», — заявіў прэзыдэнт Студэнцкага прадстаўніцтва ЭГУ, другакурсьнік Максім Мілто. — Па яго словах, гэта падзея пацьвярджае факт таго, што «студэнты ЭГУ валодаюць роўнымі правамі са студэнтамі ўсіх астатніх вышэйшых школ Літвы».

Асноўныя мэты дзейнасьці самакіраваньня ЭГУ — падтрымка, абарона і прадстаўніцтва правоў і інтарэсаў студэнтаў ЭГУ.

Максім Мілто
Максім Мілто на адкрыцьці новага навучальнага году ЭГУ, 1 кастрычніка 2010

На шостым годзе свайго знаходжаньня ў Літве студэнты ЭГУ вырашылі таксама далучыцца да літоўскага Студэнцкага саюзу:

«У найбліжэйшы час мы плянуем правядзеньне шэрагу праектаў з нашымі сябрамі зь Літвы, а таксама ўступленьне ў Саюз студэнтаў Літвы (LSS)», — кажа Максім Мілто.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0569 seconds.