Сьвежая a-ha на разьвітаньне

Адбыўся можа і ня першы, але рызыкоўна апошні візыт нарвэжцаў a-ha у Менск у межах сусьветнага разьвітальнага туру. Канцэрт аказаўся поўным велічных момантаў супольнага выкананьня дасканала мэлядычных кампазыцый гурту і ўсяго астатняга, што дазваляе назваць шоў узорна якасным і паказальным. Момантамі і імгненьнямі разам з a-ha пранікаўся Generation.bY.

Гэтым разам выступалі a-ha сапраўды як у апошні раз. Прынамсі, у Менску. Шоў уласна складалася з рослых строга апранутых нарвэжцаў і іх музыкі ды трох вялізных экранаў, на якіх паказвалі ў розных вэрсіях ці то простую трансьляцыю канцэрта, ці то фота і культавае відэа гурту. І гэтага хапіла збольшага далёка не студэнцкага ўзросту прыхільнікам, каб раскупіць усе квіткі на менскі канцэрт.

a-ha — гурт наколькі папулярны, настолькі ж стабільны. Прынамсі, папулярнасьць a-ha доўгія гады вызначалася тым, да якой ступені адпавядае іх чарговы альбом канонам самага першага і галоўнага, з «Take on Me» і «Hunting High and Low». Так, ужо другая плытка 90-х прывяла да распаду гурту, а вось сёмы ня надта камэрцыйна пасьпяховы альбом Lifelines 2002 быў залічаны крытыкамі ў якасныя прыклады.

Але толькі на апошнім альбоме Foot of the Mountain адбываецца вяртаньне да сыходнага калісьці і моднага цяпер сынты-попу. На ім жа ўзьнікае спасылка на неўміручы поп-стандарт «Take on me» у выглядзе «Riding the Crest». Такая пацешная спроба рэйнкарнацыі саміх сябе, даволі пасьпяховая, дарэчы, калі ўлічыць, што апошні раз падобны вынік у чартах a-ha мелі, страшна сказаць, у 88-м. «Riding the Crest» у выніку «слухаецца, амаль як тыя самыя кампазыцыі 80-х» з абавязковымі сынтэзатарамі і ўсё тым жа неверагодным вакалам Мортэна Гаркета. Дзеля справядлівасьці варта адзначыць, што Foot of the Mountain ня першая гучная сынты-поп рэйнкарнацыя нашых часоў. Чаго варты толькі апошні альбом Empire of the Sun, што нядаўна таксама дабіраліся да беларускага слухача на Be2gether.

А ў цэлым a-ha застаюцца такім ж лірычнымі і мілымі, як і ў іх самым першым коміксе. Усё той жа на 5 актаваў голас, мілыя і дасканала мэлядычныя кампазыцыі. І, здаецца, не было 25 гадоў, першага распаду і калекцый матылёў і архідэяў Мортэна Гаркета ды праблем з сэрцам клявішніка і гітарыста Магнэ Фурухольмэна.

Успамін з 80-х зьяўляецца ўжо зь першай кампазыцыяй канцэрту у выглядзе аднаго зь ярчэйшых мэтадаў прыцягненьня ўвагі і выпрацоўкі сьлязьлівых эндарфінаў — «The Sun Always Shines on T.V.». Сапраўды, як не прыгадаць тых самых часоў, калі a-ha былі ўзьведзеныя ў статус нацыянальных герояў Нарвэгіі і быў вызначаны далейшы лёс тройцы: яны заняліся выступамі на канцэртах у гонар Нобэлеўскіх ляўрэатаў, адкрыцьцём у нацыянальнай бібліятэцы выстаў імя ўласнага 25-годзьдзя і раздачай парадаў, як захаваць «такі фантастычны выгляд», карацей, замацаваньнем уласнай бессьмяротнасьці. Як мінімум, у межах адной-адзінай скандынаўскай супольнасьці.

А менскае a-ha — гэта яшчэ і нястройны хор «Hunting High and Low», нэрвовыя камэнтары сябровак на кожнае ангельскае слова вакаліста і мужыкі за 40, якіх Мортэн Гаркет прымушае пераходзяць на фальцэт.

Уласна тэма распаду гурту на канцэрце так і не была закранутая, толькі падзякі за «25 гадоў, зь якімі вы былі разам з намі» ды шлейф фота і вокладак плытак, на якіх постаці нязьменна саладжавых герояў постэраў пакою любой старшаклясьніцы зьмянялі адна адну.

Поўнае разьвітаньне наступіла ў той момант, калі на экране зьявіўся надпіс Minsk, музыкі выканалі «Take on me» і ўзьнялі ўгару ахапкі ружаў, што сыпаліся ад дзеўчын усіх узростаў. a-ha разьвіталася, няхай жыве a-ha.

Вялікі фотарэпартаж з апошняга канцэрту a-ha у Менску у фотаблогу

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0594 seconds.