Заробак маладога спэцыяліста ў ВНУ — €120
Выпускнікі беларускіх унівэрсытэтаў, якіх разьмяркоўваць ва ўстановы вышэйшай адукацыі, атрымліваюць у сярэднім 505 тысячаў беларускіх рублёў ці €120 у месяц. А максымум, на што можа разьлічваць малады спэцыяліст на дзяржаўнай працы — 650 тысячаў.
Па словах намесьніка старшыні Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Рамана Дапіры, налічаны заробак на стаўку маладога спэцыяліста, якога разьмеркавалі на працу ва ўстановы вышэйшай адукацыі, па выніках мінулага месяца склаў 505 тысяч рублёў.
Разьмеркаваныя выпускнікі ў іншых арганізацыях могуць разьлічваць на крыху большыя грошы.
«Заробак маладых спэцыялістаў з вышэйшай адукацыяй з улікам усіх даплат, без стымулюючых выплат — прэмій і надбавак, складае каля 530 тысяч рублёў. А з надбаўкамі — 650 тысяч рублёў», — заявіў у інтэрвію Настаўніцкай газэце спадар Дапіра.
Першыя грошы, якія атрымае малады спэцыяліст у Беларусі — гэта «грашовая дапамога» на летні час, калі выпускнік яшчэ працаваць не пачаў, але ўнівэрсытэт ужо скончыў. Памер яе роўны стыпэндыі за апошні сэмэстар навучаньня, ці сацыяльнай стыпэндыі.
Аднак нізкія заробкі, на думку высокага прафсаюзнага супрацоўніка, не праблема. А калі і сыходзяць маладыя спэцыялісты з галіны адукацыі, то зусім не
«Часам прыходзіцца назіраць з болем у сэрцы, як з галіны сыходзяць людзі, у тым ліку і маладыя. Для такога рашэньня ў спэцыяліста могуць быць розныя прычыны, як аб’ектыўныя (сапраўды, чалавек выбраў не свой шлях), так і суб’ектыўныя (не склаліся адносіны ў калектыве, проста не пашанцавала з клясам)», — кажа спадар Дапіра.
Па словах намесьніка старшыні Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі, «з 2006 года заработная плата маладога спэцыяліста істотна вырасла». У 2006 у сярэднім малады спэцыяліст атрымліваў 276 900 рублёў (па тым курсе €103), у 2008 — 298 200. Але калі гэта «істотна» перавесьці ў валюту, то атрымліваецца, што за 4 гады зарплата маладых спэцыялістаў вырасла на… 17 эўра!