Што адбываецца з хлопцамі ў менскіх ваенкаматах

Паводле дадзеных Вайсковага камісарыяту Менска, менш за 7% менскіх прызыўнікоў не атрымліваюць адтэрміноўкі ці накіраваньня ў запас і ў выніку ідуць у войска. Прычым хаваецца ад ваенкамату толькі кожны дваццаты прызыўнік. У любым выпадку, міліцыя знаходзіць прыкладна 60% зь іх.

Менскія ваенкаматы падвялі вынікі прызыўной кампаніі за красавік-верасень 2010 году. Высьветлілася, што з 20 120 хлапцоў, якія прайшлі за гэты час праз ваенкаматы гораду, прыкладна кожны 17-ы адправіўся ў войска. Большай палове (11 805 хлапцам) далі адтэрміноўку, а ў запас адправілі болей за 6 тысячаў чалавек.


Увесну ваенкаматы шукалі амаль 1000 менскіх прызыўнікоў. А знайшлі 670. Здымак Вінсэнта Мудзі з сэрыі «Лукашэнкаўскі Менск»

Такім чынам, кожны чацьвёрты прызыўнік адпраўляецца ў запас па стане здароўя. Па «іншым прычынам» — 535.

За час вясеньняга прызыву 2010 году амаль тысяча маладых менчукоў вырашыла ад войска «адкасіць» і папросту ў ваенкаматах не зьявіліся. 670 зь іх міліцыя знайшла, за што ёй цяпер асабліва ўдзячны камісар Ваеннага камісарыяту Менску Анатоль Раманенка.

Тыя, хто ўхіляюцца ад службы ў беларускім войску, па словах ваенкома, могуць несьці як адміністратыўную, так і крымінальную адказнасьць. У першым выпадку сума штрафаў складае да 5 з паловай мільёнаў рублёў.

Цягам вясеньняга, як і восеньскага прызыву, што нядаўна распачаўся ў Беларусі, вайскоўцы плянавалі набраць каля 10 тысячаў чалавек. Атрымліваецца, што жыхароў Менску, дзе жыве амаль 20% насельніцтва краіны, сярод іх толькі 13%. У беларускае войска ў першую чаргу ідуць жыхары рэгіёнаў.


Блакітны - Не прызваныя ў войска, чырвоны - Адпраўленыя ў запас па стане здароўя, аранжавы - Адпраўленыя ў запас па іншых прычынах, зялёны - Прадастаўлена адтэрміноўка ад прызыву па розных падставах, шэры - пайшлі на тэрміновую службу, сіні - пайшлі на службу ў рэзэрве.

Нядаўна прэзыдэнт Лукашэнка назваў праблемай тое, што армія пакуль не ахоплівае службай усё мужчынскае насельніцтва. Нагадаем, што з гэтай восені студэнты-завочнікі згубілі права на адтэрміноўку ад службы ў войску.

Цяпер у беларускім войску служыць 65 тысячаў чалавек (па іншым дадзеным 73 тысячы). Па колькасьці вайскоўцаў на тысячу грамадзян Беларусь займае 27 месца ў сьвеце (Расея на 29-м, Украіна на 99 месцы).

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0637 seconds.