Беларусы ў 40 разоў бяднейшыя за швэдаў

Беларусы аказаліся найбяднейшай нацыяй у Эўропе пасьля Малдовы і Ўкраіны. Агулам, жыхары Беларусі больш чым у 62 разы бяднейшыя за швэйцарцаў і ў 40 разоў — за швэдаў. Дасьледчыкі налічылі, што беларусы валодаюць толькі 0.02% сусьветнага багацьця. 

Такія лічбы ўтрымлівае даклад, падрыхтаваны пад эгідай Credit Suisse Research Institute прафэсарамі Энтані Шорраксам і Джэймсам Дэвісам. Global Wealth Report утрымлівае параўнаньне пэрсанальнага дабрабыту ва ўсім сьвеце. Багацьце для навукоўцаў — наяўнасьць уласнага жытла і іншай маёмасьці, акрамя нерухомасьці і спажывецкіх крэдытаў.

Паводле справаздачы, самыя багатыя ў сьвеце — жыхары Швэйцарыі і Нарвэгіі. Credit Suisse ацаніў маёмасьць кожнага швэйцарца, старэйшага за 20 гадоў, у $372,000, а нарвэжца — у $326 000. Далей ідуць жыхары Аўстраліі, Сынгапуру, Францыі — у іх болей за $250 000 на аднаго дарослага.

Суседзі Беларусі патрапілі ў групу краін, дабрабыт якіх толькі фармуецца. Самы нізкі ўзровень багацьця сярод эўрапейскіх краін — у Малдове ($2 534 на дарослага). Затым ідуць Украіна — $2 731 і Беларусь — $6 071. Багацьце расейцаў дасьледчыкі ацанілі прыкладна ў $10 тысячаў, палякаў — $28 тысячаў.

3 з 4.4 мільярдаў дарослага насельніцтва мае менш за $10 000, а 24 мільёны — даляравыя мільянэры. З-за велізарнага сацыяльнага расслаеньня багатым можа лічыцца чалавек з капіталам усяго ў $4000, вылічылі аўтары. Каб патрапіць у 10% самых багатых, трэба мець больш $72 000, у 1% — $588 000.

Большасьць насельніцтва нашай краіны валодаюць багацьцем на ўзроўні ад 10 да 100 тысячаў даляраў. Дасьледчыкі знайшлі таксама 28 тысячаў найбагацейшых беларусаў, што валодаюць маёмасьцю болей чым на $100 тысячаў (у Літве такіх 5 тысячаў чалавек, ва Ўкраіне — 35 тысячаў).


Хто ў сьвеце ўсіх багацейшы? Багацьце на аднаго дарослага ў сьвеце. Беларусь у групе найбагацейшых афрыканцаў і бяднейшых эўрапейцаў

Дасьледчыкі назвалі Беларусь сярод тых краін, дзе багацьце людзей за апошнія 10 гадоў расло найвялікшымі тэмпамі. З 2000 году беларусы разбагацелі ў 2.72 разы. Тут мы саступаем расейцам (тыя сталі багацейшымі ў 5.8 разоў), палякам (у 3.1 разы) і ўкраінцам (разбагацелі за дзесяцігодзьдзе ўкраінцы амаль у 3 разы). Але астатніх суседзяў, у тым ліку і тых, што падаліся ў Эўразьвяз, абганяем (літоўцы разбагацелі ў 2.5 разы, прыкладна на столькі ж павялічылася багацьце эстонцаў і латышоў).

Пры гэтым навукоўцы падлічылі, што беларусы валодаюць 0.02% сусьветнага багацьця. Аднак дадзеным адносна Беларусі дасьледчыкі ня схільныя цалкам давяраць, называючы іх «беднымі».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0745 seconds.