Ён робіць грошы з паветра — «на гарбату» ў Менск завітаў гуру сеткавага маркетынгу

Сяргею Усехсьвяцкаму з Расеі дакладна ёсьць чым падзяліцца. Адзін з самых пасьпяховых сеткавых бізнэсмэнаў у СНД, аналітык, псыхоляг, кандыдат фізыка-матэматычных навук Усехсьвяцкі паміж працаю на холдынг Gloryon ладзіць трэнінгі асабовага росту. «Прадаюцца» і ягоныя вершы ды расповеды пра вандроўкі.

Тое, што прадаць можна ўсё, ён зразумеў яшчэ ў галодныя гады развалу СССР, калі заснаваў «Асацыяцыю свабоднага дыханьня» ды пачаў вучыць народ дыхаць. Паслухаць майстра схадзіла нашая аматарка пазнаваць усё новае ды падазронае Каця Безмацерных, а некалькі ягоных тэзаў данесла і да нас. 


Сяргей Усехсьвяцкі. Выява з блогу Дзьмітрыя Смакоціна.

Праўда, у Менск Усехсьвяцкі прыехаў не распавядаць пра майстэрства зьбіваць каманду для продажу касмэтычных ці іншых «сеткавых» прадуктаў і нават не вучыць «вольна дыхаць», а праявіць яшчэ адно сваё «я» — як трэнэр з аўтарскімі праграмамі «Танец Ценю» і «Танец каханьня». Такія псыхалягічныя трэнінгі на душэўныя тэмы яшчэ як карыстаюцца попытам — людзі ідуць і плоцяць.

А ў вольны час «гуру» выбраўся й на чайную цырымонію з зацікаўленымі і гаварыў болей пра тое, як ён прыйшоў да «свабоднага дыханьня». Праходзіла сустрэча ў межах праекту «TEA+ART — незвыЧАЙныя сустрэчы» ў менскай краме «Чайны ліст». Гасьцямі там бываюць літаратары, музыкі, мастакі, крытыкі, акторы, рэжысэры, фатографы ды іншыя цікавыя творчыя асобы, вядомыя ці якія толькі заяўляюць пра сябе.

Сяргей Усехсьвяцкі пра гаючае дыханьне ды грыбы

У васемнаццаць у жыцьці Сяргея адбыўся момант ініцыяцыі: у рукі трапіла кніжка «Шлях дзэн» Алана Ўотса. На цыгарэтнай паперы, на машынцы друкаваная. Савок жа. Займальная была маладосьць ва Ўсехсьвяцкага.

«У тыя гады мне было абсалютна пофігу рацыяналізацыя таго, што я раблю. Па раніцах я хадзіў у інстытут, па вечарох — у тэатар, а днём сядзеў у залі замежнай літаратуры ў бібліятэцы, разглядаючы там пяць вэрсій „Дао дэ цзын“.

У мяне заўжды было адчуваньне інтуіцыі і цікаўнасьці, але потым яно пачало паціху зварочвацца. Матэматыка дала мне разуменьне, як створана наша сьвядомасьць з кропкі гледжаньня мадэлі і структуры, абсалютна такое бязьлітаснае разуменьне. Тэатар даў мне доступ да ўсіх архетыпічных гульняў, а Кітай даў здаровую цынічную дзэнскую аснову, што ўсё сьвяшчэннае трэба імгненна абасраць. Манахаў білі палкамі, калі ім зьяўляліся дэманы, але манахаў білі палкамі і калі ім зьяўляліся анёлы. Я разумею, што гэта адна і тая ж хвароба! Галоўнае — не атаясамлівацца».

«Я вешаў японскія карціны на сьценах, музыку слухаў адпаведную. Калі толькі-толькі пачаў савецкі саюз адкрывацца, то хлынула плынь усяго! Роды ў ваду побач з Салжэніцыным былі нейкай візытоўкай гэтай перабудовы. А паколькі я ведаў ангельскую мову і ў мяне было шмат вольнага часу, я аказаўся ў гушчы бабулек за мір, эзатэрыкаў усіх масьцей і іншага, іншага. Калі зьявіліся першыя людзі, што працуюць з дыханьнем, я выразна зразумеў, што гэта маё, і мы зрабілі першую групу у Маскве. У 1991 годзе была арганізавана Міжнародная асацыяцыя свабоднага дыханьня, прайшоў першы трэнінг. Ужо тады да нас прыяжджалі людзі зь Менску».

Свабоднае дыханьне — родны брат раскручанага брэнда халатропнае дыханьне ды іншых, менш папсовых дыханьняў — вайвэйшн, рэбёфінг, рух-музыка-дыханьне.

Свабоднае дыханьне называюць варыянтам для славян. Гэта зьвязнае, глыбокае дыханьне на працягу каля гадзіны. Кажуць, сьвядомасьць расшыраецца — і маеш доступ да схаваных ранаў мінулага і болю, а цялесныя блёкі становяцца відавочнымі ды раствараюцца. Свабоднае дыханьне, сьцьвярджаюць трэнэры, лякуе! І сьмецьце, што ў нас накапілася, трансфармуецца ў іншае, больш каштоўнае.

У 1993 годзе Сяргей Усехсьвяцкі правёў першую на постсавецкай прасторы Віпасану — з дзесятак дзён маўчаньня, сядзеньня і назіраньня за думкамі, пачуцьцямі, якія — усяго воблакі на неабсяжным небе.

Гутарылі за гарбатаю і пра Цэлае. Казаў Сяргей, што, маўляў, атаясамляем сябе мы з асобным грыбам. А ўсе людзі — адна грыбніца.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0642 seconds.