Астрафізык Стывэн Хокінг прыйшоў да высновы, што Сусьвет узьнік без удзелу Бога

Вядомы брытанскі астрафізык Стывэн Хокінг у сваёй новай кнізе прыйшоў да высновы, што Сусьвет узьнік па аб'ектыўных прычынах і яго стварэньне нельга зьвязваць зь дзейнасьцю вышэйшага розуму.


Скандальная атэістычная рэкляма на аўтобусах Лёндана ў 2008 годзе.

Як сёньня піша The Times, у новай працы Хокінг абвяргае меркаваньні Ісаака Ньютана аб тым, што Сусьвет ня мог узьнікнуць з хаосу толькі дзякуючы законам прыроды, але мусіў быць створаны Богам.

«Паколькі існуе закон гравітацыі, Сусьвет можа і будзе ствараць сябе зь нічога. Самаадвольнае ўзьнікненьне — вось прычына, чаму існуе нешта, замест нічога, чаму існуе Сусьвет і чаму ёсьць мы», — піша фізык у сваёй новай кнізе «The Grand Design».

У сваіх ранейшых тэорыях фізык не выключаў магчымасьці ўдзелу вышэйшых сілаў у стварэньні матэрыі і бачыў у Богу патэнцыйнага стваральніка сьвету.

Ідэя аб самаразьвіцьці Сусьвету прыйшла да Хокінга ў 1992 годзе, калі была знойдзеная падобная на нашу Сонечную сыстэму новая плянэтная сыстэма.

«Я зразумеў, што мы не зьяўляемся ўнікальнай зьявай у космасе. Адказ на пытаньне ці патрэбны Сусьвету стваральнік: не, не патрэбны. Вялікі выбух, які прывёў да ўзьнікненьня вядомага навуцы сучаснага сьвету, не патрабуе боскай рукі. Ён ўяўляе сабой непазьбежныя наступствы фізычных законаў», — піша астрафізык.

Сучасная навука знаходзіцца ў перадрэвалюцыйным стане, лічыць адзін з самых вядомых навукоўцаў плянэты. У бліжэйшы час будзе створаная тэорыя, якая тлумачыць усе фундамэнтальныя асновы фізычнага сьвету.

Адкрыцьцё, на думку 68-гадовага астрафізыка, будзе зробленае ў межах М-тэорыі, якая прадугледжвае наяўнасьць паралельных сьветаў і шматлікіх фізычных сілаў, невядомых пакуль сучаснай навуцы.

Stephen Hawking атрымаў сусьветную вядомасьць дзякуючы сваёй кнізе «Кароткая гісторыя часу», якая была выдадзеная ў 1988 годзе. Праз хваробу ён паралізаваны ўжо шмат гадоў і камунікуе праз адмысловы генэратар мовы.

vojur 15:31, 02/09/2010
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1434 seconds.