Інтэрнэт-рэліз дэбютнага альбому берасьцейскай сьпявачкі Prana

«Высакаякасны, модны рокапопс, багата ўдобраны джазавымі імправізацыі і інтанацыямі сучаснага гарадзкога рамансу» — так ахарактарызаваў стылістыку альбому вядомы беларускі музычны крытык Генадзь Шостак. Музычны аглядальнік «Эўрапейскага радыё для Беларусі» Павел Сьвярдлоў назваў дыск «насычаным падарожжам у сьвет дзявочых хваляваньняў і летуценьняў, абсалютнай пяшчоты і анёльскай чысціні». «Мяккія, без пафасу і галашэньняў, часам на мяжы нэрву песьні пра самае галоўнае чалавечае пачуцьцё — каханьне» — гэта ўжо эпітэты ад Алега Клімава.

Свой дэбютны дыск маладая берасьцейская сьпявачка Prana запісала ў 2009 годзе на менскай студыі «Forz» пры ўдзеле музыкантаў гурта «Спасение». Кружэлка пабачыла сьвет 25 траўня 2010 г.

Prana

Інтэрнэт-рэліз «Завтра новый день», які адбываецца сёньня — 1 верасьня, прымеркаваны да самай важнай падзеі ў творчым жыцьці выканаўцы і яе калектыву — 9 верасьня адбудзецца іх першы выступ на маскоўскай сцэне. Адбудзецца гэта ў клюбе «Ікра» на культавым рок-фэстывалі «Индюшата».

Фэстываль, упершыню праведзены 20 гадоў таму, запрашае маладых музыкантаў з Расіі і блізкага замежжа, якія атрымаюць магчымасьць выступіць перад дзеячамі музычнай індустрыі: прамоўтэрамі, прадстаўнікамі лэйблаў, прадусарамі і журналістамі. Аргкамітэт фэсту пад кіраўніцтвам расейскага прадусара Аляксандра Кушніра (які адкрыў у «сааўтарстве» зь Леанідам Бурлаковым Зэмфіру і Мумій Троля) адабраў для ўдзелу ў ім 17 калектываў. Адзінай прадстаўніцай зь Беларусі і стала Prana.

Спампаваць рэліз можна ад сёньня на сайце сьпявачкі — www.musicbyprana.com.

16:00, 01/09/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0694 seconds.