Новы дыск «Бі-2» і сюрпрызы Барыса Грэбеншчыкова на фэстывалі «Навальніца»

27–28 жніўня ў межах другога міжнароднага фэстывалю фэервэркаў «Навальніца» ў ГСАК «Лагойск» пад Менскам гледачоў чакае незабыўнае піратэхнічнае шоў ад лепшых каманд Эўропы і маштабныя канцэрты, якія ўзначаляць рок-гурты «Бі-2» і «Акварыюм». 

У першы дзень фэстывалю цьвіком музычнай праграмы стане выступ гурта «Бі-2», які прадставіць свой новы альбом «Пра што гавораць мужчыны». У прэзэнтаваны гэтай вясной дыск увайшло 10 зусім новых песень, запісаных для аднайменнага фільма і натхнёных ім. Таксама прагучаць кампазыцыі з альбому «Лунапарк» (2009) і ўсе галоўныя гіты гурта.

У другі дзень хэдлайнэрам вечару будуць Барыс Грэбеншчыкоў і гурт «Акварыюм» з адмысловай акустычнай праграмай пры ўдзеле брытанскага музыканта Алока Верма.

«Гэта зусім сьвежы экспэрымэнт, у рамках якога прагучаць песьні з розных альбомаў і пэрыядаў, — кажа дырэктар гурта Максім Ландэ. — Барыс Барысавіч і яго калегі прывязуць з сабой агонь летняга сонца і выплюхнуць яго на аматараў фэервэркаў».

Таксама наведвальнікаў чакаюць выступы беларускіх калектываў. 27 жніўня на фэстывальную сцэну выйдзе папулярны гурт Atlantica, а 28 жніўня гледачоў сустрэнуць беларускія рок-музыкі — гурт «Крамбамбуля», якая прадставіць на фэстывалі лепшыя песьні і новы максі-сынгл «Раз-два-тры — усе за стол!», а таксама малады гурт Open Space.

Нагадаем, што акрамя музычнай праграмы гледачы ўбачаць выступы шасьці піратэхнічных каманд (па тры ў кожны з дзён), якія будуць спаборнічаць у пабудове ў небе «вогненных карцін» пад загадзя выбраны акампанэмэнт. У фэстывалі прымаюць удзел лепшыя майстры піратэхнікі зь Італіі, Эстоніі, Украіны, Польшчы і Расіі. Завершыць мерапрыемства пазаконкурсны гала-фэервэрк ад беларускай каманды «Кальвін» — чэмпіёна Эўропы 2007 года.

Кошт квітка на кожны з фэстывальных дзён складае 80 тыс. руб. Дзеці да 12 гадоў у суправаджэньні бацькоў — бясплатна. Гледачы могуць прыехаць на фэстываль як на асабістым аўтатранспарце (да вашых паслуг бясплатная пашыраная паркоўка на 3 тысячы машынамесцаў) і на спэцыяльных аўтобусах (пры наяўнасьці фэстывальнага квітка праезд бясплатны).

Набыць квіткі можна ў касах Палаца Рэспублікі, КЗ «Мінск», у пераходзе на пл. Я. Коласа, у электронных сыстэмах Bilet.tut.by, TicketPro і на сайце www.soundline.by. Даведка і замова: (025) 952 45 55. Больш падрабязная інфармацыя пра фэст і яго праграме на сайце www.navalnica.by.

17:00, 18/08/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0727 seconds.