Handmade heritage — у Дунаева на летніку пабудавалі печку


Міжнародны летнік Handmade heritage (Рукатворная спадчына) з удзелам моладзі зь Беларусі, Польшчы і Аўстрыі адбыўся ў вёсцы Дунаева (Капыльскі раён) з 24 па 31 ліпеня.

Тэма летніка — традыцыйныя рамёствы Беларусі, Польшчы, а таксама Нямеччыны. Пад час летніка ўдзельнікі будавалі сапраўдную печку па нямецкіх традыцыях разам з спэцыяльна запрошаным майстрам зь Нямеччыны Хансам Баўманн-Рывадэнэйра, удзельнічалі ў шматлікіх майстар-клясах: пляценьне з саломкі, традыцыйнае і зараз вельмі папулярнае валяньне з воўны, выраб беларускіх лялек-жаданіц, якія, па беларускім паганскім павер’і, зьдзяйсьняюць жаданьні.


Па паганскім павер'і перад першым запальваньнем печку трэба абсыпаць зернем або крупой. Лялька-Крупенічка — ахоўніца печкі і дому.

З польскага боку — выраб глінянага посуду і вышываньне традыцыйных для Польшчы ўзораў на адмыслова падрыхтаваных торбах. Усе майстар-клясы праводзілі самі ўдзельнікі. Самым цікавым для ўдзельнікаў стала навучаньне адзін аднаго сваім традыцыйным сьпевам і танцам. Найбольш папулярнымі ў летніку сталі беларускі танец Ойра-ойра і польскі Обэрэк.


У музэі ткацтва ў вёсцы Семежава

Асноўная мэта летніку — знаёмства моладзі з традыцыямі і культурай краін-удзельніц, а таксама павышэньне зацікаўленасьці сярод моладзі да культуры і традыцый.


Беларуская лялька-жаданіца ў астрыйскім народным касьцюме дзірндль на плячы Макса, удзельніка з Аўстрыі.

«Ніколі ня мог сабе ўявіць, што летам у вольны час замест таго, каб проста ляжаць на сонейку, купацца ці піць гарэлку, я ў свае 25 год сядзеў і вышываў альбо валяў нешта з воўны, дарабляў тое, што не пасьпеў пад час майстар-клясу», — падзяліўся ўражаньнямі госьць летніка аўстрыец Макс Розэнбэргер.

Мовамі зносінаў сярод удзельнікаў сталі беларуская, ангельская і нямецкая. Алеся Белановіч, адна з арганізатараў летніка пад час заключнай вечарыны адзначыла:

«Асаблівае дзякуй польскай групе, удзельнікі якой не разумеюць рускую, але разумеюць беларускую мову: беларусы пачалі больш размаўляць па-беларуску».

Трэба адзначыць, што летнік знаходзіўся каля рэшткаў сядзібы Эдварда Вайніловіча «Лапухі», які ў гонар сваіх дзяцей Сымона і Алены ахвяраваў грошы на пабудову Чырвонага касьцёлу ў цэнтры беларускай сталіцы. Пад час летніку ўдзельнікі таксама расчысьцілі «беларускія джунглі» вакол рэшткаў гаспадарчых забудоў сядзібы і ўсталявалі сваімі рукамі зроблены ўказальнік. Цяпер любы зацікаўлены можа наведаць вёску Дунаева ў Капыльскім раёне і з дапамогай указальніка знайсьці й дакрануцца да рэшткаў некалі вялікай і квітнеючай сядзібы Э.Вайніловіча «Лапухі».


та-даааааааам! печка працуе!

Арганізатарамі і партнэрамі праекту, у межах якога адбыўся летнік, выступілі арганізацыя «Адукацыя бязь межаў» (Беларусь), Грамадзкае аб’яднаньне імя Эдзіты Штайн (Польшча) і Грамадзкае аб’яднаньне «Моладзевая і сацыяльная работа» (Германія). Праект праходзіў пры падтрымцы Фонда імя Робэрта Боша (Германія) і Фонда імя Штэфана Баторы (Польша).

Здымкі Макса Розэнбэргера

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.151 seconds.