Ноўтбук за $35 распрацоўвае Індыя

Індыя распрацоўвае найтаньнейшы ў сьвеце ноўтбук. Прызначанае для школьнікаў кампутарнае прыстасаваньне мае тачскрын і самыя неабходныя для навучаньня праграмы. Масавы выпуск ноўтбуку можа пачацца неўзабаве.

Распрацаваны ў вядучых навуковых інстытутах краіны, індыйскі ноўтбук будзе каштаваць $35 і мець тачскрын — экран, які дазваляе кіраваць кампутарам праз дотыкі. Па словах міністра чалавечага разьвіцьця Індыі Капіла Сібала (Kapil Sibal), гэта прыстасаваньне адмыслова распрацоўвалася для школьнікаў і студэнтаў.

Аскетычны, але паўнавартасны «ноўтбук за $35» мае бясплатную апэрацыйную сыстэму Linux, сеціўны браўзэр, PDF-рыдэр і софт для відэа-канфэрэнцыі. Лэптом спраектаваны такім чынам, каб у выпадку неабходнасьці да яго можна было дадаваць новыя элемэнты.

Па словах спадара Сібалы, цяпер урад Індыі вядзе перамовы зь вядучымі кампутарнымі карпарацыямі, каб запусьціць прыстасаваньне ў масавую вытворчасьць. Плянуецца, што ў 2011 ноўтбук будзе прадстаўлены ў вышэйшых навучальных установах. Бліжэйшая мэта — зьменшыць яго кошт да $20, а ў будучым, магчыма, і да $10.

Індыя вылучае каля трох адсоткаў свайго сукупнага бюджэту на школьную адукацыю. За апошні час яна здолела павялічыць узровень пісьменнасьці да 64% са свайго 1.2 мільярднага насельніцтва. Аднак дасьледаваньні кажуць, што многія школьнікі ледзьве здольныя пісаць і чытаць, на большае разьлічваць зь існуючым магчымасьцямі школаў не прыходзіцца.

Паводле Reuters

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0573 seconds.