Кампанія «Liqui Moly» і галерэя «Ў» запрашаюць маладых мастакоў

Кампанія «Liqui Moly» выступае з ініцыятывай творчага супрацоўніцтва з галерэяй сучаснага мастацтва «Ў» з мэтай пошуку, раскрыцця і падтрымкі маладых талентаў у межах прапанаванага «Liqui Moly» мастацкага праекта «Карціна алеем».

Праект «Карціна алеем» — гэта своеасаблівы экспэрымэнт, адной з мэтаў якога зьяўляецца назіраньне за тым, як сродкамі традыцыйнага для мастацтва матэрыялаў могуць быць асэнсаваны творы, выкананыя ў іншых тэхніках: фатаграфія, відэа, інсталяцыя, пэрформанс.

Мастакам прапануецца вольна праінтэрпрэтаваць ужо існыя аб’екты актуальнага мастацтва, якімі могуць быць як творы вядомых беларускіх аўтараў, так і ўласныя працы, выкананыя з выкарыстаньнем новых тэхналёгій. Адзіная умова — алейныя фарбы. Мэта экспазыцыі — дыялёг паміж традыцыйнымі і актуальнымі тэхнікамі.

Па ініцыятыве кампаніі «Liqui Moly» галерэя сучаснага мастацтва «Ў» запрашае маладых мастакоў да ўдзелу ў праекце «Карціна алеем» і прымае да разгляду творчыя біяграфіі і партфоліо.

Інфармацыя прымаецца з 4 чэрвеня да 4 ліпеня ў галерэі сучаснага мастацтва «Ў» на CD/DVD-дысках, абавязкова падпісаных маркерам: імя аўтара, тэхніка, у якой працуе аўтар, кантактныя зьвесткі.

Зьмест дыска:

  • CV (творчая біяграфія) — інфармацыя пра аўтара (нарадзіўся, вучыўся, выстаўляўся і г.д.), сайты, на якіх маюцца працы аўтара, галерэі, з якімі супрацоўнічае ці супрацоўнічаў аўтар, фатаграфія аўтара;
  • Фатаграфіі працаў аўтара (добрай якасьці) з пазнакамі: год, тэхніка, памеры, назва;
  • Прайс-ліст (калі маецца);
  • Кантакты (адрас, тэлефоны, e-mail).

Спіс мастакоў, абраных для ўдзелу, будзе апублікаваны 14 ліпеня на сайце галерэі: www.ygallery.by. Праект пройдзе на пляцоўцы галерэі сучаснага мастацтва «Ў» з 28 жніўня да 19 верасьня 2010. Кантакты: +375 29 620 10 62, +375 44 799 97 65, vk@ygallery.by.

13:00, 07/06/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0692 seconds.