У ЭГУ будуць вывучаць беларускае габрэйства

У Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце адбудзецца адкрыцьцё Цэнтра вывучэньня гісторыі і культуры габрэйства ў Беларусі. Гэты першая ўстанова, якая возьмецца за вывучэньне беларускага габрэйства.

У канцы 1990-х — пачатку 2000-х гг. у Беларусі, як і ў іншых постсавецкіх дзяржавах, сфарміравалася кола дасьледчыкаў, якія дастаткова плённа працуюць у сфэры вывучэньня габрэйскай гісторыі і культуры. Аднак неаднаразовыя спробы аб’яднаць навукоўцаў, інтарэсы якіх засяроджаны ў галіне юдаікі, з-за шэрагу прычынаў ня мелі посьпехаў.

Дзейнасьць Цэнтру будзе сканцэнтравана ў наступных галінах: правядзеньне навуковых канфэрэнцый, сэмінараў, дыскусійных круглых сталоў; выданьне навуковага штогодніка, прысьвечанага дасьледаваньням габрэйскай гісторыі і культуры; выданьне манаграфій і зборнікаў дакумэнтаў; археаграфічная і дасьледчая праца. Цэнтар узначаліць кандыдат гістарычных навук Дзьмітрый Шавелёў.

Да працы над рознымі праектамі Цэнтру плянуецца прыцягваць беларускіх, літоўскіх, латыскіх, польскіх і ізраільскіх дасьледчыкаў, у чыю сфэру навуковых інтарэсаў уваходзіць юдэйская праблематыка. Да прыкладу, Віленскі Габрэйскі цэнтар можа заняцца вывучэньнем лёсаў 14 нобэлеўскіх ляўрэатаў, якія паходзяць зь Беларусі.

З нагоды афіцыйнага адкрыцьця Цэнтра ў адміністрацыйным корпусе ЭГУ пройдзе адкрытая лекцыя кандыдата гістарычных навук Д. Шавелёва на тэму: «Дасьледаваньні габрэйства ў Беларусі: гісторыя, праблемы, пэрспэктывы».

Прэзэнтацыя цэнтру адбудзецца 9 чэрвеня 2010 году ў 17:00 (канфэрэнц-заля ЭГУ, вул. Таўро 12, Вільня) у 17.00. Чакаецца прысутнасьць беларускіх, літоўскіх і латыскіх дасьледчыкаў, якія працуюць у сфэры юдаікі, навукоўцаў, якія займаюцца сумежнай тэматыкай, прадстаўнікоў габрэйскіх суполак Беларусі і Літвы і іншых ганаровых гасьцей.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0933 seconds.