Навукоўцы: старыя людзі мудрэйшыя

«Слухайце старэйшых» — вучылі нас яшчэ ў пачатковай школе і мелі рацыю. Навукоўцы правялі экспэрымэнт, у якім высьветлілася, што сталыя людзі лепей валодаюць навыкамі сацыяльнага ўзаемадзеяньня. Незалежна ад ладу жыцьця, адукацыі ці IQ, старыя людзі прымаюць больш мудрыя рашэньні ў сацыяльных рознагалосьсях.

Старыя часьцей, чым моладзь і людзі сярэдняга веку, усьведамляюць, што ў розных людзей розныя каштоўнасьці і што сьвет неадназначны. Відавочная на першы погляд выснова мае больш глыбінны сэнс. У старых лепей атрымліваецца аналіз сацыяльных праблемаў. Да такіх высноваў прыйшлі навукоўцы зь Мічыганскага ўнівэрсытэту пад кіраўніцтвам Рычарда Нісбэта, паведамляе Associated Press.

Навуковец адзначае, што большасьць сталых людзей маюць невялікія веды ў кампутаровых ды іншых тэхналёгіях, але вынікі дасьледаваньня выяўляюць шэраг іншых перавагаў старых для аналізу сацыяльных праблемаў.

У экспэрымэнце, які для большай упэўненасьці праводзілі тройчы, узялі ўдзел 247 чалавек, якіх падзялілі на тры ўзроставыя групы: 25–40, 41–59 і старэйшыя за 60 год. Людзі атрымалі фіктыўныя навіны пра канфлікт у нейкай краіне і мусілі выказаць свае меркаваньні пра сыход супрацьстаяньня і магчымыя варыянты вырашэньня сытуацыі. На выніку асноўную розьніцу ў меркаваньнях граў менавіта ўзрост, а не сацыяльны статус ці адукацыя.

Навукоўцы спадзяюцца, што вынікі дасьледаваньня паўплываюць і на разуменьне важнасьці захоўваньня працоўных месцаў для сталых супрацоўнікаў.

Lynn A. Hasher, прафэсар па псыхалёгіі з Канады, назваў гэтае дасьледаваньне «найлепшай дэманстрацыяй таго, што мудрасьць расьце з узростам».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1315 seconds.