Як правільна кіраваць СМІ навучаць у БДУ
Сёлета ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце адчыняюцца шэраг новых спэцыяльнасьцяў. Сярод іх журфакаўскія «Мэнэджмэнт СМІ» і «Літаратурная праца (творчасьць)». На новыя спэцыяльнасьці плянуецца набраць больш за паўсотні чалавек.
Новую спэцыяльнасьць будзе курыраваць Дзьмітры Драздоў, які чытае такія курсы, як «Дзелавая журналістыка» і «Эканамічная інфармацыя ў замежных СМІ». А яе выпускнікі будуць займацца ня толькі журналістыкай, але і арганізоўваць працу рэдакцыі, працаваць над фінансавымі пытаньнямі і палітыкай рэклямы.
Дзьмітры Драздоў. Фота з сайту Інстытуту журналістыкі БДУ
Пэрспэктывы «мэнэджэраў СМІ» выглядаюць яшчэ больш сьветлымі на фоне апошніх заяваў старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага, які назваў 2009 год «правальным для мэдыйнага рынку». Па яго словах, рынак тэлевізійнай рэклямы краіны скараціўся на 25% і ўпаў да ўзроўню 2007 году.
Рэклямадаўцы з радыё і тэлебачаньня сышлі ў Сеціва, канстатуе Зімоўскі.
Як перадае БелаПАН, у кіраўніка Інстытута журналістыкі БДУ Сяргея Дубовіка сумненьняў у будучым выпускнікоў журфаку не ўзьнікае:
«Нашы журналісты запатрабаваныя, праблем з працаўладкаваньнем выпускнікоў журфаку няма».
Пры прыняцьці на іншую новую спэцыяльнасьць журфаку, «Літаратурная праца (творчасьць)», істотнае значэньне можа граць ня толькі ўступны бал, але і наяўнасьць уласных зборнікаў вершаў ці аповедаў. Набор на яе нашмат меншы, чым на «мэнэджмэнт». Для «Літаратурнай працы» выдзеленыя 20 месцаў, толькі 5 зь якіх на бясплатным аддзяленьні, у той час як на «мэнэджмэнт» хочуць набраць 35 студэнтаў (10 бясплатнікаў).
У мінулым годзе на першы курс факультэту журналістыкі былі прынятыя 335 чалавек (зь іх толькі 120 на бясплатнае аддзяленьне). У гэтым толькі на дзённае навучаньне факультэт плянуе ўзяць 305 студэнтаў, і яшчэ 85 - на завочнае.
Таксама ўпершыню журналістаў вырашылі навучаць у Брэсцкагім дзяржаўным ўнівэрсытэце, дзе на спэцыяльнасьць «журналістыка» плянуецца залічыць па 25 чалавек на дзённую і завочную форму навучаньня.
Журналістаў таксама рыхтуе Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт, Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, а таксама недзяржаўны Інстытут парлямэнтарызму і прадпрымальніцтва.