Hacks/Hackers: ці разумеюць адзін аднаго журналісты і праграмісты

Журналіст надыктоўвае тэкст па тэлефоне, а інжынер праграмуе камп'ютар, удвая большы за яго – тыя часы даўно прайшлі, і яны абодва ўсё часцей працуюць разам. Абмеркаваць, як з гэтым жыць, сабраліся прадстаўнікі абедзвюх прафесій на трэцяй канферэнцыі Hacks/Hackers 3 красавіка ў Менску.

«Яны нас не разумеюць і не хочуць зразумець»

Як дамагчыся міру між тэхнічным аддзелам і творчымі ў вялікай кампаніі, расказвае Алена Шалаева, выпускаючы рэдактар TUT.BY: «Праблема стасункаў творчых людзей і людзей з тэхнічным складам розуму – гэта праблема. У працэсе падрыхтоўкі я абышла амаль усіх нашых распрацоўшчыкаў і распытала, якія ж у іх праблемы».

«Яны прыбягаюць натоўпам, ці кожны раз новыя людзі, прадстаўляюцца рэдакцыяй і нечага ад нас патрабуюць», – кажуць праграмісты.

«Яны нас не разумеюць і не хочуць зразумець. Калі мы прыходзім, яны злосна жартуюць свае незразумелыя праграмісцкія жартачкі. Мы разумеем, што гэта пра нас і смешна, але не разумеем, што гэта», – адказваюць журналісты.

Паводле кансэнсусу гэтых двух аддзелаў, ім трэба перакладчык з тэхнічнай мовы на «творчую», бо да смешнага: два водступы – гэта два радкі ў рэдактара і два прабелы ў праграміста. А агулам журналісту карысна арыентавацца ў тэхналогіях, але быць мацёрым праграмістам не абавязкова.

«Дастаткова ведаць, як адбываецца вёрстка»

«Я пачынала сваю журналісцкую кар’еру ў 2000 годзе, калі былі тэксты, – кажа Наталля Афанасьева, прадстаўніца Sourcefabric, кампаніі-распрацоўніка вольнага праграмнага забеспячэння для рэдакцый і журналістаў. – Тады друкаваная прадукцыя проста пералівалася ў сеціва.

А зараз… журналісты мусяць засвойваць інструменты: той жа самы storify, карыстацца гуглдыскам, будаваць графікі. Паглыбленага ведання праграмавання не трэба, дастаткова ведаць, як адбываецца вёрстка.

Калі ў чалавека ёсць цікавасць да таго, каб рабіць захапляльныя праекты, а не проста хадзіць на працу і пісаць там літары – ён прымяняе тэхнічныя і ілюстратыўныя сродкі і робіць унікальны кантэнт».

У тым, што без тэхнічных сродкаў ніяк, салідарны і Вадзім Станкевіч, арганізатар і рэдактар газеты «Компьютерные вести»: «Зараз медыйныя прадукты – не проста прасціны тэксту. Гэта прадукт сумеснай працы. Мы намагаліся паказаць, што для медыйнага прадукту праграмісты могуць зрабіць не менш за журналістаў».

Цёплая інфаграфіка

З выдатных прыкладаў прац, дзе сумешчаныя журналістыка і тэхнічныя сродкі – працы піцерскага журналіста Фёдара Шумілава, дызайнера і інфографа, і Вадзіма Шмыгава, візуальнага журналіста з TUT.BY.

Аднойчы 2 студзеня, незадоўга пасля сумна вядомага блакавання БелаПАН і астатніх, сумна было журналісту Вадзіму. І надышоў дзень авечых навінаў. Так за 2 ці 3 гадзіны з дапамогай сэрвіса Tableau з’явілася «авечая інфаграфіка». Усё, што трэба – добры сэт дадзеных.

Маляўнічыя выявы з любоўю да горада робіць Фёдар Шумілаў. На ягоных працах можна пабачыць выяву дна Нявы, будынкі ў разрэзе, нябёсную лінію Пецярбурга па высокіх будынках:

«Калі працую, я заўсёды намагаюся адшукаць эмоцыю і разбудзіць сваё ўнутранае дзіця… Прымераць працу да кожнага канкрэтнага чалавека і ёсць мая задача.

Я намагаюся перадаць кавалачак таго, што люблю».

Дроны, сацыяльны сэрвіс і танныя мультымедыя

Яшчэ варыянт выкарыстання медыя-тэхналогій – сэрвіс meople.net: можа служыць як ананімайзер альбо дазволіць падпісацца на чалавека так, каб пра гэта не ведала сацыяльная сетка.

Новае тэхналагічнае адгалінаванне – журналістыка дронаў, лятаючых апаратаў, з якіх вядзецца здымка. Паводле Віталя Уханава, сузаснавальніка Apex Point Films, які практыкуе такія здымкі, галоўнае не рабіць запуск у натоўпе і не здымаць рэжымныя аб’екты – і ўсё мусіць быць добра. У некаторых краінах такая здымка забаронена, а ў нас – дакладна не рэгламентавана. Ва ўмелых руках атрымліваюцца незвычайныя маляўнічыя кадры.

Мультымедыйныя гісторыі з дапамогай Tilda і Skroll kit прапануе ствараць Аляксандр Амзін, журналіст і медыякансультант з Масквы. Гэтыя сэрвісы дапамагаюць праілюстраваць часткі аповеду і зэканоміць літары – праблема, знаёмая аматарам пісаць лонгрыды, ці вялікія тэксты. Сэрвіс Skroll kit дапамагае рабіць мультымедыйныя гісторыі танна: «Ню-Ёрк Таймс» выпусціла знакамітую мультымедыя-гісторыю, над якой працавалі 8 чалавек паў гады. Аўтар сэрвісу сабраў падобную за гадзіну. Цяпер Skroll kit, на жаль, спыніў сваю працу як асобны праект.

З дапамогай апошніх сэрвісаў добра пісаць гісторыісторытэлінг») – калі любы аповед ёсць гісторыяй, і чытач можа жыць з героем, а інфармацыя вылучацца праз блокі.

Gemius Belarus: больш за палову беларусаў карыстаюцца інтэрнэтам

Найбольш цікавы фокус супрацы для журналістаў і праграмістаў, на думку Марыны Клінавай, арганізатара і вэб-дызайнера – праца з дадзенымі:

«Журналісты ведаюць, як зрабіць гэта зручна для карыстальнікаў. А праграмісты ведаюць усю глыбінную частку: як адсартаваць дадзеныя».

Публікацыі на аснове адкрытых дадзеных, на думку Міхаіла Дарашэвіча, дырэктара Gemius Belarus і чалавека, які палічыў беларускі інтэрнэт – тое, у чым супраца журналіста і праграміста бачная вельмі добра. Напрыклад, калі гэта звязана з геалакацыяй. Праграміст шукае і дастае інфармацыю, журналіст робіць яе карыснай і карыстабельнай для спажыўца.

Дадзеныя, якія прэзентаваў Міхаіл на канферэнцыі – таксама добры прыклад. Іх на рэгулярная аснове набываюць як камерцыйныя фірмы, так і рэдакцыі.

Паводле Gemius Belarus, у беларускім сеціве больш за 5 мільёнаў інтэрнэт-карыстальнікаў, а навіны мужчыны чытаюць крыху больш. У 2009 годзе самай шматлікай была група 15-24 гады, а за 5 год узраслі групы 45-54 і 55-74. І будуць расці далей – бо моладзь у асноўным ужо далучылася да сеціва.


Ганна Валынец 15:00, 04.04.2015 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.1359 seconds.