Кацярына Сінюк. Ужо ў класе дзявятым была такая энергія — пазмагацца з несправядлівасцю

Як паслухмяны дзіцёнак, які ўсім цікавіцца, робіцца гучнай выбітнай маладой журналісткай, на якую крыўдзяцца міністры і жонкі амапаўцаў. Новы герой серыі Generation.by «Кім я стану, калі вырасту» пра першую генерацыю, што падрастае ў незалежнай Беларусі  — Кацярына Сінюк з Tut.by, якая сваімі артыкуламі стварае характар буйнейшаму сайту краіны.

Пайшла да скінхэдаў

У школьны час напісала ў газеце «Брестский курьер» першую сваю значную публікацыю, якая апынулася на развароце. У нас у школе скінхеды збілі хлопца. У яго былі красоўкі з яркімі матузкамі, і з-за гэта яго збілі. У працэсе казалі, маўляў, ты рэпер, ты казёл. У іншым раёне таксама збілі хлопца. І я сустракалася з ягонай мамай, пайшла да скінхэдаў, быццам бы хачу да іх далучыцца.

Потым ужо як журналістка пайшла да антыфашыстаў і выслухала іх бок. Яшчэ патэлефанавала праваахоўнікам, якія агулам казалі, што няма такой праблемы, выслухала пацярпелых і выдала гэта ўсё на цэлы разварот.

Тады я ўжо перайшла ў журналісцкі клас ліцэя і там пачаўся такі шухер, маўляў, ой, як гэта ты зрабіла.

У мяне сусед быў скінхэдам і яны амаль адразу прасяклі, хто я і што я. І вось калі публікацыя выйшла, я ішла пасля школы, сустрэла іх, і мой сусед такі кажа: «Не пазнаяце, гэта ж яна хацела да нас далучыцца!» І яны мяне акружылі, маўляў, мы цябе зараз на турнікет павесім за твае кучаравінкі, ледзь не збілі. Але сусед, ён жа на мяне паказаў, але і абараніў.

Пасля пагражалі яшчэ. Было страшна, але калі я размаўляла з маці збітага хлопца, калі яна плакала, бо яго ледзь не забілі, я зразумела, што гэта такі моцны боль для яе, што гэта так несправядліва і што з гэтым трэба нешта рабіць. 

Энергія пазмагацца

Калі была малая, вельмі хацела стаць спявачкай. Скончыла музычную школу па класе акардэона, сама пайшла ў гурток гітары і паралельна займалася вакалам. Мы спявалі па горадзе з нейкімі канцэртамі. А ўжо ў класе дзявятым хацела стаць альбо адвакатам ці міліцыянтам. У мяне ўжо тады была такая энергія пазмагацца з несправядлівасцю, якая была навокал. 

Гурток журналістыкі

Неяк аднойчы патрапіла ў гурток журналістыкі і мне адразу спадабалася, я зразумела, што гэта тое, што трэба. Пачала друкавацца ў школьнай газеце. У мяне дома заўсёды было шмат прэсы, і я падумала, калі надрукавалася ў школьнай газеце, то змагу пайсці і ў нармальныя газеты. І ў дзявятым класе прыйшла ў рэдакцыю недзяржаўнага выдання «Брестский курьер», сказала, што я шкалярка і мне было б вельмі цікава надрукавацца, нават тэмы прынесла. І я пачала асвятляць спачатку моладзевыя тэмы, а потым перайшла на грамадскія.

Тэатр і публічныя выступы

Бацькі мяне аддавалі ва ўсемагчымыя секцыі, займалася танцамі, у лялечным тэатры займалася, нават выступалі. Я была такім паслухмяным дзіцёнкам, які ўсім цікавіцца. У школе вучылася нармальна, але сама рукі не падымала. Дагэтуль не вельмі люблю публічныя нейкія выступы.

«Якая Вільня?! Ты што!» І таму я пайшла на журфак

У год, калі я паступала, адкрываўся факультэт Медыя і камунікацыя ў ЕГУ, але мама сказала: «Якая Вільня?! Ты што!» І таму я пайшла на журфак.

Асаблівых цяжкасцяў не было, бо я ішла з такім стосам публікацый. У прыёмнай камісіі нават «пачка адвісла», маўляў, першы раз такое бачым, каб было столькі публікацый пры паступленні. І за сумоў’е яны паставілі мне дзевяць, але, калі б паставілі дзесяць, то я б паступіла на бюджэтнае аддзяленне, а так мне не хапіла паўбалы. За эсэ паставілі нізкую адзнаку, можна было аспрэчыць, але мама сказала: «Не трэба, яны табе будуць помсціць». Але яны мне і так помсцілі за ўсю маю далейшую дзейнасць, я патрапіла ў няміласць, у такі чорны спіс за свае наступныя публікацыі.

Пісаць тое, што адпавядае рэчаіснасці

Для студэнта журфака самая вялікая праблема, куды пайсці на практыку, якая праходзіць кожны год. Яшчэ ў школе я зразумела, што не пайду працаваць у дзяржаўныя выданні. Мне хацелася пісаць тое, што адпавядае рэчаіснасці.

Пайсці на практыку ў незалежныя СМІ амаль немагчыма. Я плакала, малілася, і мяне адпусцілі на БелаПан. І там я рабіла матэрыял пра тое, як берасцейскіх лепшых вучняў вазілі на прыём да прэзідэнта. І тады пачаліся праблемы, як мне потым тлумачылі, з-за таго, што я ўчапілася ў прэзідэнта. Хаця насамрэч там не пра прэзідэнта наогул было, а пра тое, у якіх умовах жылі два дні дзеці ў Менску, як ім забаранялі задаваць пытанні і г.д. Намесніка дэкана з-за гэтага звольнілі з пасады. Мяне выклікаў дэкан і сказаў: «Ты — ошибка природы», у мяне нават дагэтуль захаваўся дыктафонны запіс.

Трохі пазней я напісала ў сваім ЖЖ меркаванне наконт усёй гэтай сітуацыі, і мне сказалі: «Забірай дакументы!». Прыйшоў кдбіст, пачаў прамываць мазгі разам з дэканам, маўляў, цябе ніякае іміджавае выданне не возьме, ты ніхто і зваць цябе ніяк. Я сядзела, у мяне быў ком у горле, аднак адмовілася забіраць дакументы. 

Маладзенькі хлопчык з КДБ

Неяк збіралася ехаць у Амерыку па Work and Travel і мне трэба было здаць датэрмінова іспыты. Спачатку адмаўляліся мне дазволіць, прыйшоў нават гэты кдбэшнік і пачаў казаць, што мяне не выпусцяць з краіны. Там такі быў маладзенькі хлопчык, я яму кажу: «Ну ты можаш гэта зрабіць, а табе што, лягчэй будзе?!» Ён агулам неаднаразова спрабаваў да мяне падысці, бо слухаўку я не брала, і ён прыходзіў да дэкана. Аднойчы прыходжу, ён кажа: «Ты вось на мінулых выходных была на праваабарончым семінары, хто там удзельнічаў? Калі скажаш, паедзеш у сваю Амерыку».

Зразумела я не сказала, таму падумала, што нешта зараз будзе: з універам няясна што, у Амерыку мяне не пусцяць. І калі я ў аэрапорце стаяла, увесь час абарочвалася, а калі мяне прапусцілі, то так расплакалася. Але пасля Амерыкі ўжо не чапалі.

Ну выключайце

Я ўжо на першым курсе зразумела, што я тут ніякіх ведаў не атрымаю. Адразу пайшла працаваць. І калі мне пагражалі: «Мы цябе выключым», то неяк трохі смешна рабілася: ну выключайце. Трэба было сысці напэўна, перапаступіць куды-небудзь на міжнародныя адносіны ці замежныя мовы. Пяць гадоў, яны мне нічога не далі, а так бы англійскую хоць ведала. Вельмі мала маіх аднагрупнікаў пайшлі ў прафесію, гэта таксама аб нечым гаворыць.

Што падумае міністр абароны

Я стараюся асвятляць усе бакі. І ўсё адно з’яўляюцца незадаволеныя. І яны могуць пісаць усё, што ім хочацца. Але я нядаўна сутыкнулася з сітуацыяй, калі галоўны ідэолаг Мінабароны на афіцыйным сайце напісаў абразу ў такой грубай форме, такое панібрацтва, маўляў, я нейкая дурная дзевачка, якая нічога не разумее і нічога не ведае. Гэта было пасля маёй серыі публікацый пра службу ў арміі. А так увогуле насамрэч проста няма часу адсочваць усіх незадаволеных. Раней я яшчэ форум чытала, то зараз проста няма часу.

Я ведаю, што напрыклад у Штатах існуюць спецыяльныя аддзелы, якія не дапускаюць таго, каб журналісты бачылі такія абразлівыя каментары. Бо і так праца нервовая. Але Мінабароны — гэта ўжо зусім. Гэта ж прадстаўнік афіцыйнага ведамства, як можна было такое напісаць?! Можна было напісаць, маўляў, мы абвяргаем гэтую інфармацыю.

Агулам, я калі пішу артыкул, то ў апошнюю чаргу задумваюся, што падумае міністр абароны. Мяне хвалюе тое, што зменіцца ў жыцці людзей. І калі ты паляпшаеш нешта, гэта важна. І ты ўсведамляеш, што адказны за людзей. 

Крыўды міністэрства

Міністэрства адукацыі перыядычна крыўдзіцца на нас. Вось зараз яны адмовіліся даваць нам каментары, атрымліваецца што з-за мяне. Я зрабіла такі матэрыял пра настаўнікаў. Можа гэта і не трэба было даваць у Дзень настаўніка, можа трэба было даць пазней. Але што там няпраўда?! І вось неяк пасля калега рабіла матэрыял і ёй патрэбны быў каментар міністэрства адукацыі, яна пазваніла, а там сказалі, што болей не даюць каментары менавіта з-за гэтай публікацыі. 

Я адчуваю, што магу паўплываць

Неяк пісала пра тое, як можна зрабіць бізнэс на сацыяльных кватэрах сірот. Я даслала потым тэкст у МУС, пракуратуру. МУС зрабіў сваё расследаванне, у Мясніковіча нават было паседжанне на гэты конт. І калі гэта адбываецца, я адчуваю, што магу паўплываць на такія рэчы. 

Высновы

Калі чалавек чытае тэкст і не ведае, хто яго напісаў, я не лічу, што гэта дрэнна. Важна тое, якія высновы зробяць чытачы пасля матэрыялу. 

Праплачаныя артыкулы

Пад кожным артыкулам, не маім дык каго-небудзь іншага, будзе абавязкова каментар, што публікацыя праплачана. Неяк брытанцы рабілі даследаванне «ТОП-100 папулярных каментарыяў», дык вось гэты быў на самым версе. Раней я думала: «Як гэта ў галаву магло прыйсці ўвогуле, што артыкул праплачаны?!» Але калі бачыш кожны раз гэты каментар, то звыкаешся.

Баяцца таго, што людзі нешта скажуць

У Амерыцы людзі да жыцця ставяцца інакш, няма ў іх нейкіх абмежаванняў, маўляў, «а што людзі падумаюць?». А тут вельмі многія не робяць тое, што хацелі, толькі таму, што баяцца таго, што людзі нешта скажуць. Вось да нас прыязджаюць расіяне і кажуць увесь час, што беларусы такія адкрытыя. Я заўсёды здзіўляюся, якія ж яны адкрытыя?! Але хочацца, каб яны былі больш шчырымі і больш адкрытымі.

Я, чорт, не размаўляю па-беларуску, а ўкраінская з’яўляецца ў галаве!

Я лічу, што беларускую мову трэба рэкламаваць, каб людзі яе чулі. Напрыклад, ва Ўкраіне ёсць шоў «Х-фактар», ідзе цалкам па-украінску. Яго глядзіць шмат мільёнаў. І калі я гляджу выпуск, кожны выпуск па дзве гадзіны, і я пасля яго пачынаю размаўляць па-украінску. Я, чорт, не размаўляю па-беларуску, а ўкраінская з’яўляецца ў галаве! Таму і трэба ў нас рабіць такія перадачы, напрыклад. І калі б беларусы таксама больш чулі беларускую, яны б можа і не ставіліся да гэтага як да нечага такога дзіўнага. У мяне бывае, што я размаўляю па тэлефоне па-беларуску, а побач сябры так глядзяць: «Ого, а як гэта?!». Ну як «А як?!». Гэта ж твая мова!

«Калі б я там была, ты мяне таксама пабіў бы?» — «Канешне»

Пасля выхаду артыкула пра АМАПаўца, ягоная жонка даслала некалькі адмоўных лістоў, маўляў, чаго майго мужа выставілі калхознікам, на нас вылілася куча бруду ад чытачоў. Я ёй нармальна адказала, што ваш муж такі, які ён ёсць і вы гэта ведаеце. Іншая справа, што яна яго не прымае. Ну што яна не ведае? Што ён на трасянцы размаўляе? І што ён з вёскі? Яна яшчэ ў рэдакцыю потым пісала, каб знялі артыкул, маўляў, інакш буду прымаць меры. Якія меры, не ведаю. Сам АМАПавец не тэлефанаваў, а Ластоўскі [прэс-сакратар ГУУС Мінгарвыканкама] ў ФБ напісаў: «Интересная, неоднозначная статья».

У мяне дагэтуль да АМАПу было вельмі дрэннае стаўленне. Бо зразумела, АМАП удзельнічае ў масавых затрыманнях. Мой сябар дзяцінства стаў АМАПаўцам, і я пасля плошчы яму напісала: «Калі б я там была, ты мяне таксама пабіў бы?» — «Канешне». І я з ім спыніла камунікацыі ўвогуле. То бок ён сапраўды верыць. А вось гэты герой зусім іншы. Можа ён таксама верыць, але мне спадабалася тое, што ён не гнаў гэтай ідэалогіі. І мне было цікава зрабіць гэты артыкул, бо да гэтага ніхто такое не рабіў.

Калі я першы раз да яго прыйшла, мы былі ў кабінеце, і ён адказваў на мае пытанні і быў такі заціснуты, ідэолаг яшчэ заходзіў. Не атрымлівалася нармальнае інтэрв’ю. Я падумала: «Ну не можа быць ён такім». І вырашыла паехаць з ім на працу ў электрычку. Я проста ўбачыла, якую цяжкую частку працы яны робяць. Іх абражаюць, могуць і паслаць, і плюнуць. Гэта неверагодна цяжкая праца. Я ўбачыла тое, што я не бачыла раней, і шмат людзей пра гэта і не задумвалася. Можа гэта і розныя рэчы: затрыманні і такая праца. І трэба гэта паасобку ацэньваць. Але калі маляваць партрэт і браць усе бакі, то вось гэты бок быў мне незнаёмы. Таму ў пэўнай ступені я змяніла сваё меркаванне пра іх. 

Менск — Чыкага

Жыць бы хацела, вядома, у Менску, мне хочацца тут працаваць і тут жыць. Яшчэ адзін любімы горад — Горадня. Такое адчуванне, што людзі там больш еўрапейскія. Зразумела, што калі там пажывеш, то апынецца, што людзі там такія самыя як у Менску і паўсюль у Беларусі. У ЗША вельмі люблю Чыкага, так спадабаўся горад сваёй атмасферай. Менск дарэчы мне нагадвае нечым Чыкага, нечым такім, складана перадаць чым.

Насамрэч да гэтага не дойдзе

Мама ўсе мае артыкулы чытае, мы ўсё абмяркоўваем з ёй. Калі вось БАЖ напісаў, што мяне выклікалі ў Следчы камітэт, яна тэлефануе мне ўначы: «Дочачка! Куды ж гэта цябе выклікалі? Чаму ж гэта ты не сказала?». — «Мама, ну забей». Таму я і стараюся ўсё з ёй абмяркоўваць. Бо мама прачытае, як нехта там напіша ў інтэрнэце, што падае ў суд на мяне. Але я тлумачу, што насамрэч да гэтага не дойдзе. Бо адна справа, што яму не спадабалася, як я напісала, а зусім іншая, калі я парушыла закон. Апошняга мы не дапускаем.

Іван Шыла. Быў маленькі ды рамантычны, а цяпер я больш цынічны
Віталь Рыжкоў. Мама, адстань ад мяне, я яшчэ пажыву хістаннямі
Алесь Кот-Зайцаў. Чым больш свабодна жывеш, тым больш намаганняў цябе прыціснуць


comments powered by Disqus
 
In 0.0859 seconds.