Facebook стаў найбольш наведвальным сайтам ЗША

Упершыню Facebook трапіў на першы радок па наведвальнасьці ў ЗША. Сацыяльная сетка абышла нават інтэрнэт-гігант Google.

Паводле дадзеных нью-ёрскай кампаніі Hitwise, якая займаецца падлікам сеціўнага трафіку, на мінулым тыдні Facebook быў галоўным сайтам ЗША. Яго наведвальнасьць перавысіла нават гэты паказчык у пошукавіка Google, які зь верасьня 2007 утрымліваў тытул найпапулярнейшага сайту Амэрыкі.

З 6 па 13 сакавіка 7.07% усіх наведваньняў сайтаў у ЗША прыйшліся на Facebook, і толькі 7.03% на Google, паведамляе TechCrunch. Трэці радок у рэйтынгу Hitwise займае паштовая служба Yahoo Mail з 3.8%. Відэа-партал YouTube, які належыць Google, мае 2.14% рынку.


З 6 па 13 сакавіка 7.07% усіх наведваньняў сайтаў у ЗША прыйшліся на Facebook, і толькі 7.03% на Google.

Як піша аналітык Hitwise Хедэ Догерці (Heather Dougherty) у сваім блогу, Facebook ужо абганяў Google па наведвальнасьці ў час істотных сьвятаў, такіх як Каляды альбо на Новы год.

У апошні час Facebook мае надзвычай станоўчую дынаміку росту. Ён павялічыў сваю долю рынка за апошні год на 185%. Цяпер Facebook прэтэндуе на нешта большае, чым найменьне галоўнай сацыяльнай сеткі сьвету. Партал пазыцыянуе сябе як галоўны сеціўны цэнтар, адзначае The Christian Science Monitor. Садзейнічае гэтаму і хуткае прасоўваньне Facebook ва ўкараненьні на сайце пошуку рэальнага часу.

Але, як адзначаюць экспэрты, лічбы рэйтынгаў трэба ўпісваць у кантэкст падзей. Пакуль Facebook — толькі пасьпяховы стартап, які дагэтуль шукае ўстойлівую бізнэс-мадэль. Таму паўнавартаснай канкурэнцыі са $130-мільярдным гігантам Google на гэты момант чакаць ня варта, піша у Daily Finance Сэм Гасьцін (Sam Gustin).

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0577 seconds.