Уладальнік начнога клюбу зэканоміў на яго разгроме

Веска Васільеў, уладальнік начнога клюбу ў баўгарскім гарадку Шумэн, прапанаваў яго наведвальнікам у літаральным сэнсе «разьнесьці» ўласную ўстанову.

У час начной дыскатэкі спадар Васьлеў абвясьціў, што дазваляе наведвальнікам забраць з клюбу «Калізей» усё, што яны лічаць карысным для сябе акрамя некаторага абсталяваньня і зьмесьціва бару. Пасьля гэтага пэрсанал раздаў васьмістам запрошаным адвёрткі, пласкагубцы і іншы адпаведны інструмэнт.

Спачатку азадачаныя наведвальнікі прынялі словы ўладальніка за жарт. Але адзін зь іх усё ж наважыўся зьнесьці барнае крэсла, за што ахова дыскатэкі толькі падбадзёрыла яго. Тады людзі і ўцямілі што да чаго і прыняліся разносіць клюб на часткі.

Ужо празь некалькі гадзін памяшканьне клюбу было вычышчанае ўшчэнт: былі зьнесеныя нават прымацаваныя да падлогі канапы і крэслы, бакалы і іншы посуд. Танцы ж пры гэтым працягваліся.

Пад раніцу на дыскатэцы засталіся некалькі наведвальнікаў, фрагмэнт барнай стойкі і голыя сьцены. Як сьцьвярджаюць сьведкі, некаторым наведвальнікам атрымалася нядрэнна падзарабіць.

Гаспадар месца застаўся вельмі задаволеным і заявіў, што зэканоміў неблагую суму, перадае «Российская газета». Такім неардынарным мэтадам ён вырашыў пазбавіцца ад мэблі і непатрэбнага перад рамонтам абсталяваньня, зэканоміўшы на ўтылізацыі, якая ў краінах Эўразьвязу каштуе немалыя грошы. «А што, абсталяваньне і так было старое, навошта мне яно?» — філязофскі заўважыў спадар Васільеў, запрасіўшы заходзіць да яго за рэшткамі мэблі, балазе засталося іх ня так шмат.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2159 seconds.