У Бэрліне выйшаў часопіс Belarus Inside-Out

У Бэрліне прайшла прэзэнтацыя англамоўнага часопісу Belarus Inside-Out — «Беларусь знутры і звонку», матэрыялы для якога рыхтавала каманда журналістаў зь сямі краін Эўропы, якія разам зь беларускімі калегамі заняліся руйнаваньнем звыклых стэрэатыпаў аб тым, што адбываецца «па той бок усходняй мяжы Эўразьвязу».

Belarus Inside-Out — унікальны супольны праект, зрэалізаваны бэрлінскім часопісам Plotki і беларускім творчым сеціўным праектам Generation.bY. Праект меў на мэце дасьледаваць, прааналізаваць ды крытычна раскрыць сапраўдную рэчаіснасьць беларускага жыцьця праз творчую супрацу беларускіх і замежных удзельнікаў.

Матэрыял для часопісу ствараўся у дзесяцідзённых падарожжах зьмяшаных груп (кожны замежнік меў магчымасьць спазнаваць краіну разам зь беларускім удзельнікам), у час якога маладыя фатографы, журналісты, пісьменьнікі з Грэцыі, Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Францыі, Румыніі, Аўстрыі знаёміліся з надзённымі і адначасова «мала тыповымі» аспэктамі жыцьця сёньняшняй Беларусі.

«Belarus Inside Out — нешта большае, чым проста аповеды пра экзатычную, невядомую Беларусь, — адзначае ў прадмове да часопісу яго рэдактарка зь нямецкага боку Катрын Янка. — На першы погляд, „усе мы больш ці менш аднолькавыя, адукаваныя“, актыўныя грамадзяне сучаснага глябалізаванага сьвету, прывычныя як да падарожжаў, так і да віртуальнай прасторы і магчымасьцяў, якія яна дае.

Здаецца, мы маем агульны пункт гледжаньня. І ўсё ж, нягледзячы на нашы электронныя скрыні, скайпы ды фэйсбукі, нашыя ай-фоны і mp3, у пэўныя моманты мы можам сутыкнуцца з тым, што нашыя ідэнтычнасьці фармаваліся на падставе рознага досьведу… — лініі падзелу рухомыя, накладаньні магчымыя».

Аўтары 96-старонкавага часопісу імкнуліся ўбачыць Беларусь поглядам, пазбаўленым звычайных стэрэатыпаў. У выніку чытачы атрымалі магчымасьць упершыню альбо наноў праз дзесяцігодзьдзі мэліярацыі адкрыць Палесьсе, пазнаёміцца з сучасным пакаленьнем маладых беларусаў, адчуць асаблівасьці беларускай адукацыі з прымусовым разьмеркаваньнем, убачыць праз аб’ектыў вядомай бэрлінскай фотамастачкі схаванае ад вачэй беларускіх шарагоўцаў жыцьцё менскіх суполак сэксуальных меншасьцяў і нават славака-аўстрыйскім вушамі пачуць знаёмыя і нечаканыя гукі Менску. Часопіс зьмяшчае 14 артыкулаў на ангельскай мове, кожны зь якіх аздоблены ўрыўкам тэксту па-беларуску.

Многія зацікаўленыя беларускай тэматыкай немцы, грэкі, украінцы і іншыя наведвальнікі бэрлінскай прэзэнтацыі часопісу былі вымушаныя стаяць альбо сядзець на падлозе з-за адсутнасьці ў тэатры Eigenreich дастатковага месца для некалькіх соцень наведвальнікаў імпрэзы. Дыскусія аб Беларусі, распачатая напрыканцы імпрэзы, яшчэ доўга перасьледавала аўтараў часопісу ў неафіцыйнай яе частцы.

Прэзэнтацыя Belarus Inside-Out заплянаваная і ў Беларусі, паведаміла рэдактарка часопісу зь беларускага боку Воля Кузьміч. Поўная вэрсія тэкстаў па-ангельску і па-беларуску хутка стане дасяжная на адмысловым сайце праекту.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0693 seconds.