Міжнародны праект Belarus Inside-Out шукае творчых людзей

Аўтары, мастакі, фатографы і журналісты запрашаюцца да ўдзелу ў міжнародным праекце Belarus Inside-Out. Калі вы адчуваеце ў сабе моц далучыцца да такіх жа крэатыўных, свабодных і актыўных людзей, і разам зь імі незвычайным чынам падаць асаблівасьці беларускага жыцьця, адкрыць сапраўдную Беларусь, пазбаўленую штампаў і стэрэатыпаў, то сьмела чытайце далей.

Партнэры праекту, сярод якіх часопіс «Plotki», творчы сеціўны праект Generation.By і беларуская пляцоўка грамадзянскай журналістыкі iBelarus.net, адзначаюць нізкі ўзровень веданьня сучаснай Беларусі ў большасьці краін Эўропы:

«Застаецца незаўважанай і неспазнанай іншая Беларусь са сваёй непаўторнай гісторыяй і культурай, зь людзьмі ў пошуках сваёй новай тоеснасьці», — кажуць яны.

Праект Belarus Inside-Out мае мэтай дасьледаваць, прааналізаваць ды крытычна раскрыць сапраўдную рэчаіснасьць беларускага жыцьця праз творчую супрацу беларускіх і замежных удзельнікаў.

Каардынатары праекту запрашаюць маладых аўтараў, мастакоў, фатографаў і журналістаў зь Беларусі, Нямеччыны, Чэхіі ды іншых краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы далучыцца да праекту. «Разам мы прааналізуем», — зьвяртаюцца каардынатары да патэнцыйных удзельнікаў, — «шэраг сацыяльна-культурных зьяваў беларускага жыцьця, паспрабуем разбурыць старыя стэрэатыпы і стварыць новае ўяўленьне пра нашу краіну».

Асноўны этап праекту распачнецца ў жніўні 2009 году. Цягам 10 дзён, ад 14-га да 23-га жніўня, усе ўдзельнікі зьбяруцца разам каб абмеркаваць свае ідэі і прадставіць напрацоўкі, пасьля чаго ўдзельнікі ў групах па два чалавекі разьедуцца на тыдзень па ўсёй краіне для зьбіраньня матэрыялаў. У захапляльным падарожжы беларус і замежнік (менавіта такім будзе склад творчых груп) будуць працаваць разам над асобнай тэмай. Па заканчэньні вандроўкі ўдзельнікі зьбяруцца ў Менску, каб падзяліцца атрыманым досьведам і ўражаньнямі.

Увесь здабыты матэрыял будзе выдадзены ў дзьвюхмоўным часопісе, які будзе распаўсюджвацца ў Беларусі і іншых краінах Эўропы.

А ў студзені 2010 г. адбудзецца прэзэнтацыя вынікаў праекту ў Бэрліне.

Каардынатары адзначаюць, што тэмай для раскрыцьця асаблівасьцяў беларускай рэчаіснасьці можа стаць што заўгодна, ад жыцьця беларускага пакаленьня Y і эміграцыі моладзі, да трагічных наступстваў Чарнобыльскай катастрофы і праблемаў меншасьцяў. Асабліва вітаецца нестандартнае раскрыцьцё невядомых, правакатыўных ці незаўважаных раней бакоў беларускага штодзённага жыцьця. Мы прапануем удзельнікам абсалютную творчую свабоду й вітаем усе новыя ідэі.

Да ўдзелу ў праекце запрашаюцца абсалютна ўсе, хто цікавіцца Беларусьсю і Ўсходняй Эўропай, а асабліва маладыя мастакі, фатографы, аўтары, журналісты і пісьменьнікі. Заяўнікі павінны будуць стварыць матэрыял па пэўнай абранай імі тэме ў рамах агульнай канцэпцыі праекту. Паколькі працаваць давядзецца ў групах з аднаго беларуса і аднаго замежніка, веды ангельскай мовы на сярэднім узроўні зьяўляюцца абавязковымі. Тэрмін паданьня заяваў — да 11-га чэрвеня 2009 г.

*Як падавацца?*
Калі ласка, запоўніце пададзеную ніжэй анкету і далучыце кароткае CV (на адну старонку максымум).

Узор анкеты:

  • Імя
  • Узрост
  • Занятак/сфэра акадэмічных інтарэсаў
  • Матывацыя для ўдзелу ў праекце
  • Адкуль Вы даведаліся пра праект
  • Прыклады творчых працаў:
— для аўтараў і журналістаў: апублікаваныя/неапублікаваныя тэксты
— для мастакоў і фатографаў: падборку малюнкаў/карцін/выяваў/здымкаў/коміксаў (да 10 файлаў агульным памерам ня болей за 5 МВ)

  • Тэмы, якія Вы хацелі б прапанаваць да раскрыцьця

Дашліце ўсю інфармацыю на адрас belarus@plotki.net да 11-га чэрвеня 2009 году.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0541 seconds.