У Менску адчынілі першы інтэрнат «Студэнцкай вёскі»
У сярэдзіне 2007 году чыноўнікі загаварылі пра «Студэнцкую вёску», якая мусіла вырашыць праблемы недахопу месцаў у інтэрнатах. Тады гучалі сьмелыя заявы, што ўжо ў 2009-м будзе пабудаваны увесь яе комплекс. «Студэнцкай вёска» адчынілася нарэшце сёньня, але складаецца яна пакуль толькі з аднаго інтэрнату.
Фота ОНТ
Сёньня там адбылася афіцыйная цырымонія адкрыцьця. Але яшчэ з 16 студзеня ў 10-ці павярховы інтэрнат засяляюцца студэнты юрфака і факультэта міжнародных стасункаў БДУ.
Новы інтэрнат БДУ атрымаў нумар 11. Будынак разьлічаны на 1030 месцаў у двух- і трохмясцовых пакоях. У якія праведзенае тэлебачаньне, інтэрнэт і унутраны тэлефон. Кожным блёк мае сваю прыбіральню, душ, кухню з электраплітой і лядоўняй. У новым інтэрнаце акрамя жылых пакояў ёсьць таксама навучальныя клясы і трэнажорка, а таксама кавярня на 60 месцаў.
У гэтым годзе ў межах комплексу абяцаюць пабудаваць яшчэ два інтэрнаты, а пазьней яшчэ 5.
Праект студэнцкай вёскі, які канчаткова быў зацьверджаны ў пачатку 2009 г
Акрамя 8-мі інтэрнатаў па заканчэньні будаўніцтва «Студэнцкая вёска» будзе мець паліклініку, крыты каток, фізкультурна-аздараўляльны цэнтар, гандлёвы цэнтар, гасьцініцу, кавярню і аддзяленьне банку.
Сканчэньне ўсіх прац у комплексе студэнцкіх інтэрнатаў цяпер плянуюць у 2013 годзе, яшчэ некалькі месяцаў таму называліся іншыя тэрміны — канец 2011 году.