Брытанскія навукоўцы «губляюць мазгі»
У ходзе новага дасьледаваньня эканамістаў Вялікабрытаніі высьветлілася, што брытанская навуковая супольнасьць губляе ўсё больш кадраў
Аўтары незьлічонай колькасьці дасьледаваньняў і вынаходніцтваў, якія пасьпелі ня раз зьдзівіць сьвет, брытанскія навукоўцы раз’язджаюцца па больш прывабным у фінансавым і прафэсійным пляне краінам. З такімі высновамі выступіла група эканамістаў. Сьціслы агляд іх дасьледаваньня апублікаваны ў брытанскай газэце The Daily Telegraph.
Праект «Trailblazing» дазваляе пазнаёміцца з буйнешымі вынаходніцтвамі за апошнія 350 гадоў. Ня толькі брытанскімі
Эканамісты параўналі Вялікабрытанію з 25 вядучымі ў навуковых дасьледаваньнях краінамі. Высьветлілася, што найбольш ахвотна брытанскія мазгі «цякуць» у Швэйцарыю і Злучаныя Штаты, дзе даход лепшых навукоўцаў найвышэйшы.
Хаця Вялікабрытанія — другая па колькасьці народжаных на яе тэрыторыі вядомых фізыкаў краіна, яна саступае Нямеччыне, Швэйцарыі і Японіі ў праве звацца іх домам.
Самае сумнае тое, што «сур’ёзныя» навукоўцы ўсё часьцей імкнуцца пераехаць у іншую краіну. І, на думку аўтараў дасьледаваньня, гэты працэс будзе паскарацца.
Кіраўнікі вядучых унівэрсытэтаў, у тым ліку Оксфарду й Кэмбрыджу, сьцьвярджаюць, што для павелічэньня канкурэнтаздольнасьці брытанскай адукацыі трэба падняць «замалы» кошт навучаньня у ВНУ. Цяпер максымум, які можа заплаціць студэнт за навучаньне ў Вялікабрытаніі, складае 3 145 эўра ў год. У некаторых унівэрах ЗША гэта сума даходзіць да 26 000 эўра. І гэта, на думку прафэсараў, дазваляе амэрыканцам інвэставаць больш у дасьледаваньні і лепш плаціць людзям, якія імі займаюцца.
Але брытанскія навукоўцы ўсё роўна працягваюць зьдзіўляць сьвет. У доказ гэтага навуковая грамада Вялікабрытаніі нядаўна заснавала сайт-бібліятэку «Trailblazing», дзе можна пазнаёміцца з вялікай колькасьцю навуковых матэрыялаў, якія за апошнія 350 гадоў моцна паўплывалі на разьвіцьцё чалавецтва.