Позірк на Прагу праз аб’ектыў

Фотавыстава «Казачная краіна» адкрылася ў кінатэатары «Перамога» 16 кастрычніка. Галоўная тэма падзеі, прымеркаванай да Дня ўтварэньня незалежнай Чэхаславацкай рэспублікі, — Прага, галоўныя героі — беларускія фатографы Віталь Раковіч і Віктар Жураўкоў, вачамі якіх можна пазнаёміцца альбо яшчэ раз прагуляцца па чэскай сталіцы.

На фотаздымках усе клясычныя, знаёмыя любому турысту пражскія радасьці: і Влтава з Карлавым мостам, і Пражскім замак з саборам сьвятога Віта, і Парахавая вежа. Словам, усё, што можа парадаваць восеньскую душу аматара і знатака жамчужын Эўропы. І, як лічыць Марцін Чэх, прадстаўнік чэскай амбасады, магчыма наблізіць нас да гэтых месцаў:

«Фатаграфіі Віталя Раковіча і Віктара Жураўкова могуць наблізіць уражаньні, якія ахопліваюць прыежджых, што сутыкаюцца з усюдыіснай гісторыяй, што пакінула свой адбітак на архітэктуры дамоў і абліччы [чэскіх] вуліц, — кажа намесьнік кіраўніка амбасады Чэскай Рэспублікі спадар Чэх. — Гэты шлях кожны можа перажыць па-свойму. Адна з такіх магчымасьцяў — паглыбіцца ў сьвет легенд, злучаных з цэлым шэрагам месцаў, і адчуць дакрананьне магіі, на якую ў сучасным сьвеце зусім не застаецца часу. Мне падаецца, што выстава абодвух аўтараў можа як раз і натхніць на такія сустрэчы».

Як прызнаўся Віталь Раковіч, у чэскую сталіцу фатограф закахаўся яшчэ ў раньнім дзяцінстве, калі на вочы яму трапіўся альбом аб Празе, поўны «ажурных будынкаў зь дзіўнымі шпілямі і жудасных чорных сылуэтаў гаргулій». Каханьне засталося надоўга, Віталь вырас і адправіўся ў «далёкі, але прывабны горад», і адбудаваў на здымках сваю «казачную краіну».

На здымках Прага — сапраўды крыху казачная. Хаця тая казка — нармальны стан для гораду, якому больш за тысячу год і які здолеў захаваць такую незвычайную для беларуса самавітасьць сярэднявечча. І цёмныя стагодзьдзі, што самае цікавае, дагэтуль жывуць у абрысах сталіцы Чэхіі. Здымкі — пераканаўчы доказ гэтага.

Хаця, здаецца, што можна пасьпець перадаць праз некалькі дзесяткаў каляровых выяваў у рамках? «Можна перасоўвацца па вуліцы, якая жыве турыстамі, і ў два крокі пераступіць парог невялікага непрыкметнага касьцёлу, апынуцца зусім у іншым сьвеце; і гэтыя два сьветы не перасякаюцца і ня зьмешваюцца, але жыцьцярадасна ідуць побач», — перакананы фатограф Віктар Жураўкоў.

Паўтысячагодзьдзі таму па пражскім вулачках хадзіў Францыск Скарына, цяпер два беларускія фатографы паспрабавалі злавіць атмасфэру гэтага гораду. Атрымалася казка, атрымалася перакрыжаваньне эпох, атрымалася нешта яшчэ... Прыходзьце і знайдзіце гэта самі.

Завітаць у «Казачную краіну» можна да 10 лістападу.

Аўтар фота Julia Fox

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1352 seconds.