Ганна Хітрык: «Калі я чагосьці баюся, я пачынаю ўсьміхацца»

Ганна Хітрык

«Княжна ўсея Маладэчна» пра ўласную «успешность и красивость», пра папулярнасьць у СМІ і на вуліцах, пра глямуры і вялікія стразы, пра сьлёзы «ўпыра», пра дэбют на «Басовішчы», пра любоў да казак і да ўсьмешак.

Пра вядомасьць і ўзнагароды

Да свайго тытулу «Самой успешной и красивой» я стаўлюся з гумарам. Не зусім разумею, адкуль можа быць вядома, пасьпяховая я ці не? А крытэры прыгажосьці — гэта наагул дзіўна… Мяркую, сапраўды конкурс мае такое правіла: яго пераможцы не павінны паўтарацца. Нават на трэці год правядзеньня ўжо цяжка знайсьці прэтэндэнтаў на ўзнагароду. Так і зьяўляюцца «Ані Хітрык».

Калі мы туды прыйшлі, я зразумела, што я ў гэтай сытуацыі — адна з рэдкіх дураў. Навошта я прыйшла, калі са мной разам сьмяяцца з гэтага ніхто ня будзе?

Вядучай вечару была Маша Маліноўская, а мужчыны ў яе мяняліся. Але выходзіць і паўтараць аднолькавы жарт… пра Машыны формы… Ну неяк гэта было і непаважліва ў адносінах да яе… Я ўвогуле заўважыла, што гэта мода зараз такая — лажаць свайго партнэра з экрану. Усім становіцца дзіка весела, гэта прыцягвае ўвагу, людзі не пераключаюць каналы… Для мяне гэта ня вельмі сьмешна і зразумела. Калі б мяне так лажанулі, я б у твар дала ці адказала так, што хтосьці з нас бы сышоў.

Людзей абвяшчалі, яны выходзілі, ім задавалі якое-небудзь пытаньне.

Адна жанчына стала паказваць свае пярсьцёнкі зь нейкімі бліскучымі камянямі. Я так думаю, што гэта дыямэнты былі, напэўна. «Гэта мне за першага дзіцёнка муж падараваў, гэта — за другога»… Карацей, я сядзела і думала: «Я хачу дадому, я хачу дадому»…

У выніку мне ўручылі вельмі карысны падарунак: сэртыфікат ад авіякампаніі на набыцьцё двух квіточкаў па кошце аднаго. На жаль, маіх адпускных ня хопіць, каб набыць нават два квіточкі па кошце аднаго:) Я хацела падараваць каму-небудзь гэты сэртыфікат, але яго нельга перадаваць іншым асобам.

А ў канцы быў дождж зь блёстак, і ўсе сьпявалі пад фанаграму.

Вось зараз кажу і круціцца ў галаве думка, што гэта выглядае не зусім прыгожа з майго боку. Калі б я была арганізатарам, я б падумала: «Навошта ты тады прыходзіла, атрымлівала? Трэба было сказаць: "Не, дзякуй", як гэта зрабілі многія». Ня хочацца казаць кепска пра людзей. Але я проста не зусім разумею такіх уручэньняў. Ясна, што арганізатары хацелі прыгожа. Як ні гані на Маскву, але там гэта модненька ўсё. І тое не заўжды. А ў нас не атрымліваецца пакуль. Значыць, напэўна, трэба нешта сваё шукаць.

Пра Рок-князёўну

І канешне ж я лічу сябе «Рок-князёўнай»!:-)

Мы вельмі радаваліся «Адкрыцьцю года» на «Рок-каранацыі 2008». А ў гэтым годзе мне сказаў нехта са знаёмых: «Хітрык, вы ў намінацыі, але няхай будзе сюрпрызам, у якой». Я ўсё гадала, якая ж намінацыя. Паглядзела намінацыі у інтэрнэце: там пра «Рок-князёўну» не было і гаворкі. Карацей, мы трапілі ў такія намінацыі, што мне было ясна: мы ня пройдзем ні ў адной, бо гурту толькі тры гады споўнілася, мы другі раз на «Рок-каранацыі», дзе ўдзельнічаюць сапраўды моцныя людзі.

Але мне так актыўна намякалі, што «Карона» будзе — цяжка было ў гэта паверыць. Калі мне ўжо ў Маладэчна сказалі, што я — «Князёўна», нават ня памятаю сваю рэакцыю. Я, напэўна, стала сьмяяцца. А пасьля я запытала ў аднаго чалавека, які ладзіць такія імпрэзы: «Як жа так атрымалася? Ну якая я „Рок-князёўна“? Гэта ж сьмешна!» А ён мне кажа: «Аня, а каму аддаць гэтую Карону? Няма каму! Таму цябе і абралі».

І тут мне нават крыўдна стала. Таму што я разумею, што гэта не дзякуючы пахвале ў журы: «Слухайце, Хітрык — класная! Так — гэта ня рок, але нічога, яны ж малайцы, яны прабіліся!» Вось гэта было б вялікай удзячнасьцю ад мяне. А калі — «а каму даваць — а няма каму»…Чаму няма каму? Пашукалі б добра, знайшлі б, калі гэта ўсё на такім узроўні… Мы жартуем, што я — «княжна ўсея Маладэчна».

Ганна Хітрык

Да такога я сур’ёзна ня стаўлюся. Я стаўлюся да ўсяго сур’ёзна, што зьвязана з гуртом, а не са мной асабіста. Я разумею, што заўжды будуць людзі, якія будуць мяне ўспрымаць незаслужана добра. Так, нехта перабольшвае мае нейкія добрыя якасьці. Таму што я ж усялякая бываю: і гадкая, і злосная, і мацяруся часам як шавец, і п’яная бываю, і з цыгарэтай бываю… ну… а бываю вельмі добрая і не разумею, за што мяне крыўдзяць.

Пра ўвагу з боку журналістаў

У СМІ зьяўляецца шмат матэрыялаў з узгадваньнем мяне проста таму, што мне вельмі няёмка адмаўляць людзям. Але я чытаю тое, што пішуць пра мяне, толькі калі дасылаюць мне матэрыял на вычытку. Калі я ўжо так адказала на пытаньні, значыць так адказала, што ж рабіць? Ну такая вось я ёсьць!

Але калі самім журналістам не цікава працаваць са мной, я не разумею, навошта гэта рабіць. Я тады сабе гэтую сытуацыю тлумачу наступным чынам: ёсьць заданьне — трэба зрабіць інтэрвію з кім-небудзь зь беларускіх якіх-небудзь «зорак». Журналіст тады тэлефануе якім-небудзь «зоркам-зоркам», а «зоркі» кажуць: «Ах, не! Ах, сёньня не магу!»… А час ідзе… Чалавек у паніцы думае: «Засталося два дні: трэба тэрмінова каго-небудзь знайсьці! Хто-небудзь каго-небудзь ведае? І тут нехта кажа: «Слухай, а гэта вось… — Хітрык!» І ён бярэ мой нумар, тэлефануе. Яму я як асоба нецікавая, а я яго адпаведна зусім ня ведаю. Ён сядзіць з разумным выглядам, адкрывае тэчку, ня гледзячы на цябе, і кажа: «А чаму „ДзеціДзяцей“?» «А скажыце, Аня, якую музыку Вы слухаеце?» І табе становіцца так сумна ад гэтага… І ты злуесься, таму што разумееш, што далей будзе дваццаць пытаньняў такога ж кшталту. Я не крычу, не сваруся, але ведаю, што адказваць проста ня буду нармальна. Калі табе гэта нецікава, а мне дык тым болей. Чаму я павінна ўзгадваць, калі ў якім годзе я прачытала тое, што мяне кранула? Калі табе ўсё адно? Ты зробіш сваю работу, атрымаеш свае грошы, а я табе адкажу абы-што.

Пра прывабнасьць «упыра»

Ганна Хітрык

Так атрымліваецца, што на вуліцах мяне амаль кожны дзень пазнаюць. Тады я ўсьміхаюся, як дура. Што ж мне яшчэ рабіць?

Ганна Хітрык

Калі сумны настрой, то ўключаецца ўпыр. А ўпыр — гэта значыць, што я закрываюся: магу пайсьці кудысьці і проста тупіцца. Галоўнае, што мне ніхто непатрэбны. Мне трэба пабыць адной. Магу глядзець на неба доўга… Як нібыта шапку-невідзімку апранула, каб на цябе ніхто-ніхто ні ў якім разе не зьвяртаў увагу. Калі ў такі момант мяне пазнаюць, мне становіцца непрыемна і за сябе крыўдна, што я згубіла нешта і нават адна не магу пабыць…

Не сьпявачка, не акторка, а…

Цырульніца ці повар.

Я не любіла вучыцца, а вельмі любіла прагульваць. Адпаведна ішла да якіх-небудзь сябровак. А паесьці я любіла заўжды. Ну мы гатавалі, елі. І дома я вельмі любіла гатаваць, асабліва выпякаць пірагі, тарты, арэшкі печаныя. Усё без рэцэптаў: я сама ведала, як і што. Любіла рабіць пловы, мяса. Зараз ня памятаю нічога з таго, што гатавала.

Сёньня я лепей пайду і набуду гатовую бульбу, чым буду яе чысьціць, бо я раней на ўсю сям’ю чысьціла. Напэўна, тады мяне і адрэзала.

А яшчэ я абажала стрыгчы! Я перастрыгла ўсіх лялек, усіх сябровак. Абажала з валасамі капацца! :)

Тыдзень Губіна

Я памятаю, як я плакала, калі нехта сказаў на Андрэя Губіна, што ён дурак. Але гэтая закаханасьць была ў мяне дзесьці тыдзень. Я хадзіла і сьпявала: «Лиза, ещё вчера мы бали вдвоем». А болей ніколі ў мяне куміраў не было.

КлоВун

Калі я вучылася ў вучэльні, ў мяне былі маркоўна-рыжыя валасы. Мне з Масквы прывезьлі гэтую фарбу. Я проста дурэла ад шчасьця! Я была адна такая: нікога такога болей у Менску не было. Гэта было так здорава!

Ганна Хітрык

Мне падабалася быць клоўнам. У акадэміі майстар нашага курса даў мне мянушку «КлоВун». У мяне дагэтуль мэйл такі. Я вельмі люблю, калі людзям весела. Люблю з малымі дурэць. Канешне, я не гатовая весяліць усіх, хто патрапіцца, — толькі сваіх родных. Родныя — гэта ня толькі родныя па крыві ці якія-небудзь блізкія сябры: для мяне чалавек можа за 5 хвілінаў блізкім стаць: да яго адразу адчуваеш нешта такое. Я люблю, калі ўсьміхаюцца.

Нездаровая ў галаве

А ўвогуле я — вар’ят! Я — нездаровы чалавек у галаве, бо ў ёй так шмат усяго… Я вось магу заплакаць… Вось учора сядзела ў ваннай і плакала, адчувала сябе самым няшчасным чалавекам. Мне здавалася, што ўсё рухнула… Таму што мужчына на дзелавой сустрэчы сказаў мне камплімэнт, а мой любімы не сказаў. А я так круцілася перад ім у штанах, якія ён ніколі ня бачыў, думала, скажа: «Ой, якія прыгожыя!» А ён мне нічога не сказаў:(… І я пайшла ў ванную зачынілася і стала плакаць. Ён ня мог зразумець, чаму я плачу. Я разумею, што гэта лухта, але я такая.

Ганна Хітрык

Ці магу заплакаць, таму што… Мне вось падарылі ўчора… какава… І я была такой шчасьлівай, нібыта я ніколі ў жыцьці яго не піла ці нібыта я не магу пайсьці і набыць сабе гэтае какава! :)

Пра натуральнасьць на сцэне

Многа ж чаго ў жыцьці адбылося. Усялякага. І радаснага. І людзей губляеш, канешне, як усе. Часам сьпяваеш песьню і табе ярка-ярка так, нібыта побач чалавек, а яго няма ўжо даўно… І нічога з сабой зрабіць ня можаш, проста пачынаеш рыдаць і усё. Ну вось. Вось я ізноў плачу…

А часам наадварот — такое шчасьце перапаўняе, што нават тэкст ня можаш вымавіць. Проста стаіш…

Мне вельмі цяжка ў «ДзеціДзяцей», таму што на музычнай сцэне ў мяне няма акторства. І на музычнай сцэне я вельмі разгублены і спужаны чалавек. Я разумею, што я не ідэальна граю, што я не ідэальна сьпяваю. Я баюся забыць словы, прыйдзе мала слухачоў, яшчэ нешта здарыцца… Увогуле ў мяне столькі гэтых хваляваньняў! А калі я чагосьці баюся, я пачынаю ўсьміхацца. Часам многа кажу, таму што нэрвы не магу супакоіць.

Пра дэбют на Басовішчы

Вось на Басовішчы я баялася так! Я сядзела і нудзела. Я цэлы дзень хадзіла, паўтарала словы, я перапявала кожную ноту. Перад намі выступаў гурт, на які я глядзела і разумела, што іх ніхто ня слухае. Па-мойму, дзесяць чалавекаў пад сцэнай на Басовішчы — гэта значыць, што ніхто ня слухае. Я ня з тых музыкаў, якія будуць супакойваць сябе думкай, што калі цябе слухае нават адзін чалавек… Да, канешне, я выйду на сцэну, я буду вельмі яму ўдзячная, але я буду сябе адчуваць самым няшчасным чалавекам у сьвеце ў гэты момант. Таму што я буду ўсьведамляць, што з трох соцень чалавек цябе слухае толькі адзін.

І калі мы выйшлі, мне было страшна паглядзець у бок гледачоў, таму што я баялася, што яны ўсе сыйдуць. А калі загучалі першыя акорды, і я пабачыла, што з таго боку, дзе ўсе кушалі і пілі піва, сталі ісьці людзі…. Я на іх глядзела і думала, што калі яны зараз прыйдуць сюды, то ўсё будзе добра. І яны прыйшлі. І з лавачак сталі патрошку перабірацца людзі бліжэй… І ўсё! Далей я ўжо ня надта памятаю, у мяне здарыўся проста адвал башкі. Я стала ідэальна шчасьлівым чалавекам! Я проста вылучала энэргію. Мне было так добра! Вось такое адбываецца са мной на канцэртах, калі ўсё ў парадку.

Пра тэатар

Тэатар — гэта не я, а пэрсанаж. Там мяне няма натуральнай. У «ДзеціДзяцей» у мяне столькі эмоцыяў, таму што мае эмоцыі ў тэатры не выплёскваюцца. Мае пачуцьці ў спэктаклі — не мае.

Вось граю ўся заплаканая ў «Івоне», а дзяўчаты сядзяць у першых шэрагах і абмяркоўваюць, чым я мажу вочы, каб так сьлёзы ліліся. А я плачу і думаю: «Ты мяне ня выб’еш, ня выб’еш». Я выконваю задачу рэжысэра. Я сябе перапраграмоўваю, я прыдумляю сабе гісторыю. Мне крыўдна канешне. Няўжо вы такія глупыя, што не разумееце, што перад вамі жывы чалавек? Навошта так?

Пра самаедзтва

Я дакараю сябе страшна за працу ў спэктаклях. Я сябе проста маральна зьнішчаю.
І на канцэртах сьпяваю, а запісы слухаць не магу. Таму я не магу нават сябе ацаніць.
Я сама па сабе — самаед. Я ніколі сабе не падабаюся. Ні ў адным спэктаклі, ні на адным канцэрце. Я магу атрымаць вялікае задавальненьне, але я не малайчына. Я не хачу адчуваць сябе малайчынай.

Ганна Хітрык

Я бачу, што мной ганарыцца мая сям’я, што яны радуюцца, у гэтым сэнсе толькі магу сябе пахваліць.

Пра страхі

Я заўжды ўсяго баюся. Вось у мяне зьяўляецца каханьне, я адразу баюся яго страціць, замест таго, каб атрымліваць асалоду ад яго. Калі ў мяне нешта ёсьць, мне адразу становіцца вельмі страшна. Гэта ня значыць, што я хапаю і трымаюся за гэта, я проста сама сабе ціха вельмі баюся. Вось уначы ўсе сьпяць, а я плачу. Мне даюць добрыя ролі, а я ўжо плачу, што не спраўлюся.

Пра любімую музыку

Песьні вясёлыя я слухаць не магу. Я магу адну паслухаць і паараць. Я слухаю выключна нейкі грузьняк. Сур’ёзна.

Пра сяброў

Канешне, акрамя сям’і, мае самыя блізкія людзі і сябры — гэта «ДзеціДзяцей». А Юля мне ўвогуле, як сястра. Гэта — такая рэдкасьць. Увогуле, шчыра скажу, што ў маіх адносінах з жанчынамі ёсьць пэўны недавер. Я маю добрых прыяцелек. Ёсьць дзяўчаты, да якіх я проста вельмі добра стаўлюся: дапамагу, калі трэба, ці не дапамагу, калі трэба. Я дакладна ведаю, што я ня буду ні на каго гнаць, за ролю біцца, але ўсё адно нейкі недавер ёсьць.

Некалькі дзяўчатаў, якіх я лічыла сяброўкамі ў школе калісьці, у інстытуце калісьці і ў тэатры адзін раз, мяне вельмі добра «зрабілі». Кожная — па-свойму, кожная — сваім шляхам. А Юля — першы такі блізкі чалавек. І яшчэ ў мяне адна вельмі добрая сяброўка зьявілася — Лета. Значыць, прыйшоў такі момант, калі ня трэба баяцца гэтага ўсяго.

Юлька мяне называе «Малой», а яе — «Свон». «Свон» — гэта «слон», але толькі праз «в». У нас абедзьвюх зялёныя вочы, таму мы адна адну яшчэ «вядзьмаркамі» называем. І думкі ў нас супадаюць. Гэта рэдка бывае. Мы можам, абсалютна не дамаўляючыся, абедзьве прыйсьці ў індыйскіх сарафанах доўгіх. Аднаго разу я была ў Польшчы, а яна — у Нямеччыне. Мы абедзьве набылі ў розных краінах чырвоныя панчохі і капялюшыкі такія сьмешныя чырвоныя з пампонам і пальчаткамі. Абсалютна аднолькавыя! Пры тым, што мы абедзьве такога зусім ня носім! І так бывае настолькі часта! Мы аднолькава кажам ці аднолькава пачынаем у адной танальнасьці сьпяваць песьню. І я разумею, што гэта ўсё ня проста так. Што гэта такі мой чалавек.

Таксама мой лепшы сябар — мая сястра. Яна старэйшая за мяне на два з паловай гады, але я лічу яе малодшай. Яе так хочацца шкадаваць, апякаць. Я ёй вельмі даражу, я яе вельмі люблю. Сашка — такі сьветлы чалавек, яна нічым не сапсаваная.

Пра дзявоцкасьць і стаўленьне да сябе

Наагул, гэта першы год, калі я пачала насіць сарафаны. Да гэтага я насіла толькі штаны і доўгія спадніцы. Зараз вакол мяне сабралася маленькая колькасьць людзей, якія мяне любяць і аберагаюць: мая сястра, яе дзеткі… Калі з табой адбываецца нешта добрае, яно лечыць.

Ганна Хітрык

Юля мне пастаянна паўтарае: «Ты прыгожая! Ты прыгожая!» І я пачынаю сябе трошку любіць. Я адгадавала валасы, чаго ніколі раней не было, бо заўжды мела кароткія фрызуры. Была болей падобная на хлопчыка. Мне было так прасьцей: меней увагі. Табе ніхто ня можа сказаць, што ў цябе нешта ня так, калі на цябе ніхто ўвагу не зьвяртае. Сваёй зьнешнасьцю не асабліва захапляюся. Увогуле, стаўлюся да сябе з гумарам. Можна было б і паболей сябе любіць.

Пра дзіцячасьць

Чаму я такая «дзіцячая», як мяне часам называюць, не ўяўляю. Калі былі жывыя мае бабуля і дзядуля, яны казалі, што ў таты быў такі характар: ён пастаянна дурэў. Я скакала, сваволіла. Дзядуля сьмяяўся, а бабуля сьлёзы выцірала і прыгаворвала: «Эх, Сярожка, Сярожка», бо бачыла тату ўва мне.

Казкі

Імя «Ваня» для сына сястра ў мяне скрала:). Я хацела сына Ваньку і дачку Машу. Ну ўсё, як у казцы. Я фанат казак. Я абажаю казкі, таму што там такое сяброўства сапраўднае, каханьне сапраўднае, любоў маці да свайго дзіцяці…

Я вось сёньня набыла сабе кнігу (я доўга выбірала, што набыць). Я дарослы чалавек, мне 29 год, а я набыла вось «казкі Барда Бібля». А напісала іх тая ж барышня, што і «Гары Потэра».

Пра грошы

Мару пра ўсё сачыненьне «Гары Потэра», пра ўсе 7 кніжак. Абавязкова сабе набуду, хоць і каштуюць яны болей за 100 000. Калі няма грошаў, мяне не напружвае, што пусты халадзільнік. Але мяне напружвае, калі ты ідзеш з Ванькам, а ў цябе ў гаманцы 2000 толькі. Вось і пачынаеш лічыць, што квіточак на праезд каштуе 600 р., Вані сок — каля 1000, а ён просіць у цябе яшчэ штосьці… І тады пачынаеш сама на сябе злавацца, што ня можаш дазволіць дзіцёнку маленькую радасьць…

Радасьці жыцьця і побыт

Я фанат зялёнай цыбулі і часныку. Абажаю ўсё, што можна есьці і што непрыемна пахне:). Я фанат — смуроду. Не люблю піва, але, калі ем сваю «ванючку», тады магу і піва папіць. Абажаю сыр з цьвільлю і пірозіва «Бульба». Не люблю марозіва, але вельмі люблю малочныя кактэйлі.

Люблю ўначы паесьці, пачытаць. Калі я чытаю цікавую кніжку, кладуся вельмі позна. А пасьля, бывае, засынаю на хаду.

Мне падабаецца мыць посуд. Праць абажаю проста. Раней любіла праць нават рукамі. Любіла пасьля гэтага пачуцьцё стомы. Здаецца, ты нешта такое зрабіў вельмі важнае, грандыёзнае. І заўжды пазногцікі белыя такія, і гэты пах парашку…

Вельмі люблю вешаць бялізну — так роўненька, каб ня трэба было прасаваць, бо прасаваць ненавіджу. Ты пацееш, табе горача адразу так становіцца. Адчуваеш сябе нейкай вельмі тоўстай старой жанчынай, у якой 10 дзяцей.

Ганна Хітрык

А ўвогуле я люблю глямур, і падарыце мне вялікую стразу!

 


Воля Вітушка 14:50, 05.11.2009 | Пакаленне Y |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0586 seconds.