Беларускі сэзон оўпэн-эйраў 2009 зачыніўся канцэртам The Prodigy на стадыёне «Дынама»

The Prodigy in Minsk

Вельмі гучна анансаваны цягам некалькіх месяцаў UltraMusicFestival урэшце адбыўся і прайшоў пасьпяхова. Ня гледзячы на няўдалае надвор’е і не зусім запоўнены стадыён «Дынама» можна спадзявацца, што The Prodigy адчынілі Беларусь для вялікіх канцэртаў сусьветных альтэрнатыўных зорак.

За гэтае лета ў Беларусі зьявіўся цэлы шэраг open-air фэстываляў рознага маштабу і ўзроўню. Сэзон канцэртаў на адкрытым паветры, які, здавалася, ужо прайшоў, аднак завершыўся толькі цяпер.

UltraMusicFestival з культавымі The Prodigy на хэдлайне прайшоў сёньня на стадыёне «Дынама». Экстрыму канцэрту надавала амаль зімовае надвор’е, але публіка ратавалася танцамі і радасьцю ад прыезду чаканых музыкаў. Праўда, фэнаў назьбіралася меней, чым мог бы зьмясьціць стадыён.

The Prodigy in Minsk

На пустых трыбунах мільгацелі амапаўцы і рэдкія гледачы. Большасьць з наведнікаў лёгка зьмясьцілася на танцпляцы і ў дастаткова вольнай фан-зоне пад сцэнай. Як абяцалі напярэдадні арганізатары, фэстывальная пляцоўка «Дынама» ўпершыню была разьлічаная не на 10 тысяч гледачоў, а на 30 тысяч. Але запоўнілася хіба на траціну.

Першы UltraMusicFestival пачаўся з выступаў беларускіх Dj Mihas i The Playfellow, але публіка толькі пачынала зьбірацца — складанасьці на ўваходзе стварала неагучанае раней патрабаваньне мяняць квіткі на брасьлеты, таму многія прыхільнікі адстойвалі ў чэргах на ўваходзе двойчы.

The Prodigy in Minsk

На сцэне працягвалі разварушваць прыбываючых гледачоў берасьцейцы 4kuba & Access Denied, расейцы The Amatol, маскоўскі Dj The Proxy, менскія Drum Ecstasy і аўстралійска-брытанскі праект Dub Fx, які перад прыездам навучыўся слэнгу і вітаў прысутных зваротам «Привет, чуваки!»

Чаканьне галоўных зорак вечару падагравалі смс’кі на ўсталяваных двух экранах: ад традыцыйных прывітаньняў з розных гарадоў да рытарычных пытаньняў, дзе ж «Волшебный кролик», і канстатацыі фактаў пра халоднае надвор’е. Тэмпэратура не перывышала градусаў 7 па Цэльсію, але кампэнсавалася адсутнасьцю дажджу — кароткачасовы дождж прайшоў якраз да пачатку асноўных падзеяў на сцэне.

The Prodigy in Minsk

Але тыя, хто вытрымаў халодны восеньскі надвячорак на «Дынама», атрымалі доўгачаканую кампэнсацыю — The Prodigy адыгралі амаль паўтарыгадзінны сэт зь вядомымі гітамі і песьнямі з альбому гэтага году «Invaders Must Die». Тэмпэратура на стадыёне тут толькі павышалася — некаторыя нават распраналіся ад эмоцыяў, а легенды кіслотных 90-х падарылі яшчэ дзьве песьні на «біс».

The Prodigy in Minsk

Гэта, бадай, першы канцэрт у Менску, на які прыехалі і людзі з-за мяжы — сярод беларускіх прыхільнікаў з розных гарадоў таксама фэны з суседніх краінаў.

The Prodigy in Minsk

Яшчэ некалькі месяцаў таму было цяжка ўявіць, што фронт-мэн The Prodigy будзе адпачываць у адным зь менскіх клюбаў. Але Кейт Флінт, якому нядаўна споўнілася 40 год, пасьля канцэрту накіраваўся на менскую after-party.

The Prodigy in Minsk

«Мы адчыняем новую старонку ў гісторыі open-air фэстываляў у Беларусі», — напісана на сайце фэсту, на якім застыў лічыльнік у 11 592 не прададзеных квіткоў.

UltraMusicFestival зачыніў сэзон незвычайна частых для Беларусі гэтага году оўпэн-эйраў і адначасова адчыніў Беларусь для магчымых будучых буйных канцэртаў сусьветных альтэрнатыўных зорак.

Невядома, што болей напужала патэнцыйных гледачоў у апошні дзень, незвычайна нізкая тэмпература паветра для вялікіх оўпэн-эйраў ці традыцыйна высокія кошты на імпрэзы такога ўзроўню. Стадыён «Дынама» ня быў цалкам запоўнены, але туды прыйшлі ня толькі фэны The Prodigy, а і тыя, хто хацеў пабачыць падзею. І першыя дакладна засталіся задаволеныя.

Яшчэ 30 здымкаў з канцэрту The Prodigy ў Менску.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0905 seconds.