The Prodigy ў Менску выступяць на апараце Metallica

Два тыдні засталося да 5 кастрычніка, калі ў Менску ў межах UltraMusicFestival выступяць знакамітыя брытанцы The Prodigy. Арганізатары робяць усё, каб мерапрыемства прайшло на вышэйшым узроўні, нягледзячы на тое, што канцэртаў такога маштабу ў нашай краіне яшчэ не было.

 

Фэстываль пройдзе на стадыёне «Дынама», і ўпершыню ў сучаснай гісторыі пляцоўка ў канцэртнай канфігурацыі будзе разьлічаная не на 10 тысяч гледачоў, а на 30 тысяч. Дасягнуць такога паказчыка ўдалося дзякуючы разьмяшчэньню сцэны ў тарцы стадыённага авалу тварам да футбольнага поля, якое (таксама ўпершыню ў сучаснай гісторыі) на адзін вечар ператворыцца ў танцпляц.

«Для гэтага на газон стадыёну будзе ўсталявана спэцыяльнае японскае пакрыцьцё, якое дазволіць зьберагчы яго ад пашкоджаньняў. Яно настолькі трывалае, што на полі можна будзе гуляць у футбол хоць на наступны дзень», — распавяла прадстаўнік арганізатараў фэстывалю Марына Калесьнікава.

Але яшчэ адным вялікім выклікам для арганізатараў стала пытаньне сьвятлотэхнічнага абсталяваньня. Прычым тут ролю грала ня толькі велічыня пляцоўкі, але й высокія тэхналягічныя патрабаваньні The Prodigy — стандартныя для сусьветных пляцовак, але для Беларусі беспрэцэдэнтныя.

«Артысты з тэхнічнымі райдэрамі такога ўзроўню ў Беларусь яшчэ не прыяжджалі. Цалкам адпаведнай іх узроўню апаратуры ў нашай краіне няма, — прызнаецца Марына. — У выніку мы замовілі апаратуру у латвійскай кампаніі Universal Baltic Sound — найбуйнейшага пракатчыка гукавога абсталяваньня ў Прыбалтыцы. Яны забясьпечвалі тэхнічны бок канцэртаў самых розных сусьветных зорак — ад Metallica да Мадонны. На пляцоўцы будзе 500 кВт гуку, 300 кВт сьвятла, а таксама 2 вялікіх святлодыёдных экраны 6×6 мэтры».

Гурт The Prodigy прадставіць у Менску свой новы альбом «Invaders Must Die», а таксама выканае старыя гіты. Працягласьць іх выступа — ня менш за 1,5 гадзіны. Таксама ў праграме фэстывалю выступы Dub FX (Аўстралія-Вялікабрытанія), The Amatol (Расея), Drum Ecstasy, Юры Дземідовіча, 4 Kuba і многіх іншых выканаўцаў. Падрабязная інфармацыя пра праграму фэстывалю, яго ўдзельніках на афіцыйным сайце UltraMusicFestival.

  • The Prodigy — хэдлайнэры UltraMusicFestival
  • 5 кастрычніка, Менск, стадыён «Дынама»
  • Квіткі: танцпляц — 90 тыс. руб, фан-зона — 180 тыс. руб., сэктары — 90–200 тыс. руб., VIP-зона — 350 тыс.
  • Даведка: (029) 666-56-48

Паводле прэс-рэлізу

12:20, 22/09/2009 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0607 seconds.