Аўтаматычная праверка правапісу выгадавала пакаленьне «чайнікаў»?

Шматлікія праграмы праверкі правапісу могуць зрабіць з адоранага студэнта дурня, кажуць дасьледаваньні амэрыканскіх навукоўцаў. Больш за астатніх турбуюцца навукоўцы за дзяцей: нялёгка вучыцца, калі кампутар сам здольны выправіць усе твае памылкі.

З тых часоў, як у 1980 годзе на пэрсанальных кампутарах зьявілася першая сыстэма праверкі артаграфіі, машына пасьпела знайсьці незьлічоную колькасьць чалавечых памылак. Але моўныя экспэрты кажуць, што мы ўжо так прызвычаіліся да нашых надзейных інструмэнтаў праверкі правапісу, што ўсё больш і больш апіраемся на іх замест таго, каб выкарыстоўваць іх як напамін пра граматычныя правілы.

Гэта праблема болей за ўсё актуальная для дзяцей, якія толькі пачынаюць вывучаць сэнс таго ці іншага слова, таму часта не зьвяртаюць увагі на працэс рэдагаваньня. Доктар Дэніс Галета (Dennis Galletta), прафэсар інфармацыйных сыстэм у бізнэс-школе Каца кажа, што ўдзячны сваёй шчасьлівай зорцы за тое, што ён здольны зразумець у час, што некаторыя фразы ўсё ж патрабуюць рэдагаваньня, не зважаючы на тое, ёсьць ці няма пад імі чырвонай хвалістай лініі.

Галета і яго каманда студэнтаў з унівэрсытэта Піцбурга правялі дасьледаваньне, якое паказвае, што людзі з розным узроўнем веданьня моваў занадта шмат давяраюць праграмам праверкі правапісу, што прыносіць ім пэўную шкоду.

Галета папрасіў 33 студэнта адрэдагаваць старонку бізнэс карэспандэнцыі: палову з дапамогай праграмы праверкі правапісу і палову безь яе. Вынік уражвае. З адключанай праверкай правапісу студэнты з высокімі баламі па моўным тэсьце зрабілі ў тры разы менш памылак у рэдагаваньні, чым з уключанай праграмай.

Прафэсар зьвяртае ўвагу на тое, што, калі праграма праверкі выкарыстоўвалася, студэнты з розным узроўнем граматнасьці мелі амаль аднолькавую колькасьць памылак у рэдагаваньні тэксту.

Галета заўважае, што сытуацыя з аўтаматычнай праверкай нагадвае азартную гульню: «аднойчы вы маеце магчымасьць сарваць куш, але большую частку гульні вы прайграеце». Памылка гульца ў тым, што ён думае, быццам шчасьлівейшы за сярэдняга Яся, і выйграваць будзе заўжды, дадае прафэсар.

«Лянота зьмешваецца з даверам да кампутара. Але калі людзі ведаюць, што на кампутары няма праверкі артаграфіі, яны робяцца больш асьцярожнымі».

Рой Пітэр Кларк, доктар філязофіі, віцэ-прэзыдэнт Інстытута Пойнтэр і аўтар выданьня «прылады для пісьма: 50 асноўных стратэгій для кожнага пісьменьніка» згодны з Галета. Ён адзначае, што праверка артаграфіі сама па сабе ня ёсьць коранем праблемы. Асноўная бяда ў недахопе трох асноўных практык: чытаньня, пісаньня і абмеркаваньня таго, як жыве мова.

«Чым больш студэнт практыкуецца ў гэтых навыках, тым больш пісьменны ён становіцца. І наадварот, чым менш ён практыкуецца ў сваіх лінгвістычных здольнасьцях, тым большая спакуса спадзявацца на кампутар, які не заўжды будзе вашым сябрам», — кажа Кларк.

Нягледзячы на тое, з 1980 тэхналёгія праверкі правапісу значна палепшылася, яна ўсё яшчэ прайграе чалавечым вачам у здольнасьці разьбірацца ў значэньнях словаў. І ніколі не перасягне іх. Ці не гучыць гэта пазытыўна для чалавецтва?

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1494 seconds.