Дэпутат Здановіч дзеля валютных паступленьняў прапануе скараціць час навучаньня ў беларускіх ВНУ

Кіраўнік камісіі ПП па адукацыі Ўладзімір Здановіч заўважыў, што ў апошнія гады колькасьць замежных студэнтаў у беларускіх ВНУ стала зьмяншацца. Гэта, на думку дэпутата, зьвязана з працягласьцю навучаньня ў нашых унівэрсытэтах. Каб вырашыць праблему Здановіч прапануе скараціць час навучаньня на адзін год.

Заяву старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічнаму прагрэсу Ўладзімір Здановіч цытуе БЕЛТА:

«У апошнія гады замежных студэнтаў, якія навучаюцца ў Беларусі, стала менш. Адна з прычынаў — доўгае навучаньне ў беларускіх ВНУ».

Уладзімір Здановіч канстатаваў, што беларускае заканадаўства прадугледжвае навучаньне ў вышэйшых навучальных установах краіны ад 4 да 6 гадоў. «Рэктары асобных ВНУ сёньня заяўляюць, што могуць пры пераглядзе вучэбных плянаў падрыхтаваць спэцыялістаў у больш сьціслыя тэрміны. Мы можам скараціць тэрміны навучаньня хаця б на адзін год», — сказаў дэпутат. На яго думку, гэта садзейнічала б прыцягненьню замежных студэнтаў. «З аднаго боку, гэта прэстыж нашай дзяржавы, з другога — валютныя паступленьні. Акрамя таго, гэта наладжваньне кантактаў зь іншымі краінамі», — лічыць Уладзімір Здановіч.

Норма аб скарачэньні тэрмінаў навучаньня ў ВНУ магла б быць унесеная ў праект Кодэкса аб адукацыі Беларусі, які знаходзіцца цяпер у парлямэнце. «Але ўсе гэтыя нюансы будуць абмяркоўвацца пры падрыхтоўцы дакумэнта да другога чытаньня. На маючай адбыцца асеньняй сэсіі праект кодэкса дэпутаты разгледзяць толькі ў першым чытаньні ў аўтарскай рэдакцыі».

Уні Вера 15:15, 03/09/2009 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0589 seconds.