«Усплыў» таемны альбом «Ляпісаў»

Галоўнай музычнай неспадзяванкай лета рызыкуе стаць новы альбом гурта «Ляпіс Трубяцкі», пра выхад якога было абвешчана ўчора. Плытка «Культпросвет», праца над якой вялася ў таямніцы, стала поўнай нечаканасьцю нават для самых заядлых «ляпісаманаў».

«Я лічу, што ў сучаснай мэдыйнай прасторы вельмі шмат непатрэбнай інфармацыі, — кажа лідэр „Ляпісаў“ Сяргей Міхалок. — Пра перасоўваньні артыстаў, пра іх пакупкі, пра тое, што яны зьбіраюцца рабіць і чаго не зьбіраюцца… У выніку зьнікае вельмі важны для актуальнага мастацтва момант нечаканасьці, раптоўнасьці, зьдзіўленьня. Таму мы імкнуліся раней часу нікому нічога не распавядаць».

«Замест гэтага, ня маючы адпачынку і не дасыпаючы, як стаханаўцы ў мартэнаўскіх печаў, мы рэпетавалі, вядзьмарылі, шукалі штосьці новае, патрошку запісваліся. І толькі калі зразумелі, што нам ня сорамна за гэтыя 12 сталеліцейных трэкаў, вырашылі падзяліцца сваёй радасьцю са сьветам».

Ужо вядома, як будзе выглядаць вокладка новай плыткі — яе афармленьне выкананае ў эстэтыцы кубафутурызму, а партрэт Міхалка выклікае зусім выразныя асацыяцыі з выявай Маякоўскага.

«Маякоўскі — адзін з заснавальнікаў рускага футурызму, а мы лічым сябе „неафутурыстамі“, — заяўляе Міхалок. — Нам блізка анархічны сьветапогляд „старых“ футурыстаў, іх бунтарства, эпатаж, плякатнасьць, лёзунгавасьць, нам падабаецца мастацтва, накіраванае ў будучыню. Але калі Маякоўскі казаў пра аплявуху грамадзкаму густу, то мы цалкам гатовыя зрабіць гэтаму густу, гэтым норавам і асновам, аперкот».

Кажучы пра музычны стыль альбому «Культпросьвет», Сяргей Міхалок апісвае альбом як «сумесь з традыцыйнага панк-року, протапанку, рэвалюцыйных маршаў і песень часоў Савецкай эпохі».

«Уявіце сабе маленькага Ігі Попа ў піянэрскім гальштуку, які зьбірае мэталялом, — сьмяецца лідэр „Ляпісаў“. — Мы ўявілі — і атрымалася гэта плытка».

Выхад альбому заплянаваны на першы дзень восені, а бліжэйшы выступ «Ляпісаў» у Беларусі адбудзецца 29 жніўня ў рамках міжнароднага фэсту фэервэркаў «Навальніца», які пройдзе пад Менскам.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0602 seconds.