На байдарках па Нёмане 2009: вялікая вада, бабровыя плаціны і прыродныя загадкі

Гэтай вандроўкі я чакала роўна год — акурат зь мінулагодняга заплыву па Нёману. Выправіліся мы сёлета тым жа маршрутам і кампаніяй, што і год таму. Ужо без хваляваньняў, а з сьвяточным прадчуваньнем пабачыць «месцы былой славы». Мы проста яшчэ ня ведалі, што Нёман нас таксама чакае і прыдумляе нам новыя экстрэмальныя выпрабаваньні: вада паднялася на два мэтры (!), рыба літаральна выскоквае на ледзь бачныя берагі, балоты непраходныя, бабровыя плаціны непераадольныя. Экстрым, некранутая прыгажосьць, крытычныя сытуацыі і пошукі рашэньняў, адказнасьць і камандная праца — Нёман той яшчэ настаўнік. Але й мы ня лыкам шытыя.

«Не падкажаце, а дзе тут рака і ранейшы пляж?» — запытваецца ў нас пажылая пара, аглядаючы густыя зарасьлі ў застыўшым Нёмане, які разьліўся да самых дрэваў на ранейшых высокіх берагах.

Мы ўжо паўгадзіны, як складаем байдаркі ў дарогу, і ўжо крыху ўцямілі, што адбываецца: «Нёман падняўся на два мэтры, таму берагі затопленыя. Пясчаны пляж? Мабыць, у бліжэйшы час нідзе на Нёмане ня знойдзеце».

Стартавалі мы ад вёскі з запамінальным назовам «Магільнае». Ля ракі безьліч людзей на машынах, з намётамі — адпачываюць. Мы ўцякалі зь Менску ад шматлюдных сьвяткаваньняў, таму й тут на начоўку не зьбіраліся заставацца. Скласьці байдаркі, перакусіць, папазаваць для фота на разьвітаньне Алесю Язьвінскаму, які мінулым годам даваў нам азы байдарачнага спорту, а сёлета адпускае нас у самастойны шлях, выплысьці праз кусты да імклівай плыні — і вось мы, у чаканай вандроўцы!

Незнаёма-знаёмы Нёман і добрыя знакі

Нас васьмёра — той жа склад, што й мінулым годам на трох байдарках. Расьсякаем хвалі і падаецца, што й ня было гэтага году — як быццам прайшоў толькі тыдзень, і мы зноў тут. Толькі Нёману не пазнаць. Дажджы ішлі ўсю вясну і пачатак лета. Вада паднялася на два мэтры — гэта яшчэ глыбей на крыху болей за мой рост! Нёман магутнай цёмнай плыньню змывае ўсё зь берагоў, не шкадуючы дрэваў, кустоў, затапляючы былыя травяністыя лугі, ператвараючы ўсё сустрэтае ў імклівы вір.

Плывем гадзіну ў прадчуваньні ранейшай стаянкі на высачэзным беразе з старымі дубамі. Ня можам паверыць вачам! Які высокі бераг? Вада паднялася амаль да самых дубоў. Калі раней трэба было зацягваць байдаркі ўверх, то зараз проста зьлёгку прыпадняць — і ты на невялікай палянцы пад дубамі, крыху правей і ніжэй ад дубоў — таксама вада.

Мы як на казачнай высьпе з хмарамі згаладнелых камароў. Сьвет тут ідзе сваім жыцьцём. Раскладаючы намёт, заўважаю, што нешта дзіўнае ўзьбіраецца на нашу «хату». Як вусень, толькі ў панцыры і з крыламі. Зьбегшыся паназіраць невядомую раней казурку, раптам заўважаем — дык гэта ж мятлік! У нас на вачох з кукалкі выбіраецца прыгожы вялікі мятлік зь фіялетавымі крыламі! Пагадзіцеся, ня часта такое можна пабачыць увачавідкі. Прымаем як добры знак для нашага сплаву і рыхтуемся да першага вечару і ночы на Нёмане.

Ранішнія загадкі і нёманская кухня

Раніца напужала. На беразе ляжаць дохлыя шчупакі, а малыя, зазвычай няўлоўныя, уюны цэлымі статкамі прыбываюць да берагу і літаральна спрабуюць выскачыць з вады і зарыцца ў бераг.

У галаве мільгацяць думкі, чаму такая анамалія: нехта лавіў рыбу электравудай ці ў ваду трапілі хімікаты з затопленых палёў і забіваюць рыбу? Пляны на ранішні суп з набранай у Нёмане вады мяняюцца на лёгкі перакус і жаданьне як мага хутчэй плыць далей і шукаць адгадку.

Алё ж калектыўны розум — рэч сапраўды ўнікальная. Пасьля агульнай пабудкі мы ня толькі варылі вядро курынага супу зь нёманскай вады (учора ж нам ад яе ня было кепска!), але і ў кацялку ўжо пасьпявала вуха з назьбіраных юркіх уюнкоў са спрэчнай эстэтычнай прыдатнасьцю. Праўда, наварысты курыны суп зь зелянінай не пакінуў шанцаў для вухі, але той кацялок яшчэ доўга будзе стаяць перад вачыма.

Не пасьпелі запакаваць усе рэчы, як за хвіліну на нас абрушваецца навальніца з градам. Узгадваем прагноз надвор’я на гэтыя дні: «сонечна, месцамі — дажджы» — жартуем, што гэта і ёсьць тое дажджлівае месца. Але 20 хвілінаў — і зноў сонечна. Грузімся па байдарках — і ў шлях! Сёньня мусім прайсьці асноўную частку нашай вандроўкі.

Кіраваць трохмясцовай байдарках — справа ня простая. Тут мусіць быць зладжаная праца ўсёй каманды і дакладны падзел абавязкаў. Накіроўваючы — той, хто сядзіць наперадзе байдаркі і грабе з усёй моцы, але раўнамерна — задае такт руху матросу, які сядзіць пасярэдзіне і сынхронна паўтарае рухі за першым. А самая адказная пасада — рулявы — гэта той, хто сядзіць ззаду і кіруе байдаркай: не заехаць у кусты, абмінуць паваленыя дрэвы ў вадзе, правільна і своечасова павярнуць. Матросам я ўжо насядзелася. Трэба ж набірацца новага досьведу! Усе мяняемся месцамі. Я саджуся наперад — буду задаваць рух і ўважліва глядзець, што наперадзе, бо ў непрадказальным Нёмане ўсё можа быць.

Балоты, плаціна, завалы і пошукі выйсьця

Вечарэе. Толькі й пасьпяваем паварочваць — Нёман віляе, разварочваецца, падманвае завадзямі і спакушае зрэзаць шлях вузкімі пратокамі. Але памятаем, што наперадзе балоты, таму на правакацыі не вядземся і дружным шэрагам кіруемся па плыні.

А вось і балоты. Вада і кусты, крутыя павароты. Ідзем першыя. Тут нават пры жаданьні ня спынісься — берагоў няма, толькі балотная трава, ступіш — а там вада. Таму галоўнае ціха і ўпэўнена грэбсьці, каб дабрацца да нашай стаянкі пасьля балотаў.

Выскокваем з крутога павароту на балотах і перад вачыма аграмадная бабрыная плаціна ўпоперак усёй ракі! Байдарку пачынае заносіць плыньню наўпрост на плаціну. Табанім і крычым наступным байдаркам, каб тармазілі. Усіх выкідвае да нас. Пачынаецца дождж. Наперадзе нарастаючы роў як ад маторкі, што толькі напружвае сытуацыю. Што рабіць?! Напэўна, кожны з нас задаў гучна гэтае пытаньне й ня раз, і ўсё гэта спрабуючы змагацца з плыньню. На плаціну ня пойдзеш — пераверне байдарку. Праходаў па вадзе ня бачна. Вяртацца? Куды? Усё адно прыйдзецца ісьці Нёманам. Патрэбна выйсьце!

У хвіліны насьпявае «плян А» — адна байдарка рушыць назад і спрабуе прайсьці завадзьдзю, бо ёсьць шанец, што можна «прашастаць» і абплыць плаціну балотнымі кустамі. Мы спрабуем «прыпаркавацца», каб нас ня зносіла плыньню да плаціны. Бераг — гэта проста высокая трава ў балотнай вадзе. Трымаемся рукамі за траву і думаем. «Плян А» праваліўся — няма абыходу па балотах.

Разварочваем байдаркі, зьбіраемся разам і пераходзім да «пляну В». Вызваляем ад рэчаў адну байдарку, стоячы на беразе на неглыбокім кавалку ў балоце па калена. Браты Язьвінскія бяруць пілу і рушаць адной байдаркай да плаціны на дэталёвую разьведку. Мы чакаем і ўважліва слухаем. Геаграфічна — мы ў дзесятку мэтраў ад іх, але па рацэ — гэта за крутым паваротам. Хлопцы спрабуюць разабрацца, ці магчыма правесьці байдаркі неяк па вадзе — няхай і безь людзей, там пераплывем самі, калі што. Альбо радыкальны варыянт — пілаваць плаціну, каб зрабіць праход. Варыянт адмятаецца, бо ў вадзе мэтраў чатыры глыбіні і плаціна надта моцная. «Разьведчыкі» вяртаюцца.

За тыя 20 хвілін, што іх ня было, на нашыя ногі з балота пачалі выпаўзаць смаўжы, мурашы, чарвякі, а потым і вялізныя чорныя піяўкі. Напэўна, самае страшнае — застацца ў такім балоце аднаму. Там столькі дробнай жыўнасьці, што ў экстрэмальным варыянце хіба што на дрэве можна сядзець, але й там, думаю, ня менш «людна».

Але рашэньне ўсё ж знайшлі! Пройдзем побач з плацінай па балоце — там хлопцы сьпілавалі кусты і калі па адным вылазіць на маленькі пятачок неглыбокага месца, то можна пераправіцца наўпрост ля плаціны. Хваляваньня ўжо няма. Толькі сэрца грукоча недзе ў грудзёх. Перавярнуцца на байдарцы ня хочацца — тады рэчы панясе далёка, а цяжкія рэчы пойдуць на дно, ды й самому выплыць у гэтых балотах на сухое месца няма шанцаў… Карацей, лепей спакойна і асьцярожна вырашаць праблему.

Моўчкі падплываем да плаціны і рушым у падрыхтаваны пралаз. Заходзім у карчы. Першы выходзіць — астатніх разам з байдаркаю зацягваюць на неглыбокі пятачок. Крыху аступісься — і на некалькі мэтраў у глыбіню. Працягваем байдарку, зноў па адным сядаем. Першы — ужо на глыбіні. Сядае апошні. Грабем! Усё! Перамаглі! Па чарзе выплываюць астатнія. Нашыя твары і радасныя енкі, мабыць, былі чуваць далёка. Хіба што людзей там, апроч нас, дакладна ня было даўно.

Пасьля пасьпяховай пераправы і вада здаецца ўжо не такой чорнай і прахалоднай, і Нёман дабрэйшы, і рыба жывейшай. Зноў балоты, зноў крутыя павароты і вада-вада. Паварочваем — і зноў завал на ўсю раку! Тут ужо праходзім па вузенькім пралазу, адчуваючы дном байдаркі паваленае дрэва. Зноў без ахвяраў!

Былі няпростыя сытуацыі й далей. Але пасьля той плаціны ўсё ўспрымалася ўжо нават зь нейкім азартам.

Калі ўвечары мы выплылі з балотаў і спыніліся на начоўку, стан быў такі прыемна-выматаны, што хацелася толькі ў намёт і спаць. Стомленасьць і фізычная, і маральная. Паесьці, паўзгадваць — і па намётах. Нават гул камароў над намётам не ўплываў на спакой сну гэтай ноччу.

Ту-ту-турысты-авантурысты

Раніцай падасьледвалі мясцовую жыўнасьць: тут раздольле для яшчураў і мятлікаў. Назьбіралі чабрацу на гарбату ў «зсабойку» — і рушылі далей.

Ужо не балоты, а высокія сасновыя берагі ці затопленыя лугі, дзе гаспадараць надзіва нясьпешныя чаплі й буслы. Вада чысьцейшая, чым у пачатку Нёмана. Балоты ачышчаюць. У вадзе скача рыба. Ня раз мы пашкадавалі, што не ўзялі вуду ці нават просты сачок.

Завяршальны дзень вандроўкі радаваў надвор’ем і шырачэзным Нёманам зь вёскамі на ўзвышшах. А папярэднія прыгоды так натхнілі, што ішлі мы вельмі хутка й бадзёра. Хоць назваць сябе прафэсійнымі байдарачнікамі мы ня можам, бо ўсё ж імкнемся спалучыць спорт і рэлакс, але пераадоленыя прыгоды надаюць упэўненасьці.

Грабеш, разглядаеш берагі і ўглядаесься ў далеч — вуууунь ля тых дрэваў заканчэньне нашай вандроўкі. Але гэта яшчэ гадзіну-дзьве вяртлявым Нёманам!

«Жыве! — адказваем чарговым сустрэтым на берагох мінакам, пасьпешна закручаным у рушнікі, імкліва праносімся і працягваем ужо ўсьлед: — Так, вады сапраўды сёлета зашмат».

Ішлі, спаборнічалі, хто прыйдзе да Стоўбцаў першым, ледзь не рукамі дакраналіся да здаровых шчупакоў у вадзе (жывых! :)), раўлі песьні і радаваліся, што мы зараз тут і за пару дзён набраліся столькі эмоцыяў і адрэналіну, што ўзгадваць і ўзгадваць — да наступнага заплыву! Бо мы ўжо другі раз па Нёмане — а гэта традыцыя. Цікава, што прыдумае рака нам на наступны год? Ці мы дамо ёй час на прыдумкі, а самі пойдзем новым, нязьведаным намі маршрутам?

Відавочна адно, на байдаркі мы запалі і роўна праз год зноўку будзем расьсякаць хвалі і шукаць прыгодаў.

Глядзіце таксама вялікі фотарэпaртаж (55 фота) з вандроўкі ў фотаблогу Generation.bY



Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0646 seconds.