Twitter пужае нямецкіх палітыкаў напярэдадні выбараў

Шэраг нямецкіх палітыкаў заявілі пра неабходнасьць неяк абмежаваць працу папулярнага сэрвісу мікраблогаў Twitter, бо лічаць, што ён можа быць выкарыстаны для агалошваньня прамежкавых вынікаў галасаваньня яшчэ да закрыцьця выбарчых участкаў. Цікава, што «ўцечкі інфармацыі» праз Twitter пужаюць як правых, так і левых палітыкаў.

 

Галоўны ўпаўнаважаны пра правядзеньні выбараў 27 верасьня Roderich Egeler хвалюецца, што прадстаўнікі той ці іншай партыі могуць змабілізаваць сваіх прыхільнікаў празь інтэрнэт, каб у апошнія гадзіны галасаваньня пастарацца зьмяніць вынікі на сваю карысьць, піша нямецкае выданьне RP-online.

Палітыкі спасылаюцца на выпадак, які ўжо меў месца ў гісторыі нямецкіх выбараў. На мінулых прэзыдэнцкіх выбарах у траўні 2009 году дэпутатка бундэстагу Julia Kloeckner засядала ў парляманцкай падліковай камісіі. Яе фрэнды даведаліся пра выбраньне Хорста Келера на другі тэрмін з пастоў дэпутаткі ў Twitter яшчэ да агучваньня афіцыйных вынікаў.

Але як абмежаваць Twitter і наагул ранейшае агучваньне вынікаў выбараў? Так, генсакратар «Хрысьціянскага Сацыяльнага Саюзу» прапануе прыняць паміж палітыкамі адмысловы «кодэкс маўчаньня».

Паводле нямецкага заканадаўства датэрміновае агучваньне вынікаў караецца. На сёньня агучваньне апытаньняў выбаршчыкаў на выхадзе з участкаў дазваляецца толькі з 18:00 — пасьля заканчэньня галасаваньня. За парушэньне закону немалы штраф — 50 тыс. эўра. Але ў палітычнай гонцы гэты штраф, мабыць, мала каго пужае. Таму галоўны ўпаўнаважаны пра правядзеньні выбараў зьбіраецца правесьці перамовы з прадстаўнікамі інстытутаў грамадзкай думкі, каб прыняць дадатковыя меры па супрацьдзяеньні незаконным агучваньням дадзеных экзыт-полаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.058 seconds.