У трэці раз Be2gether атрымаўся блізкім да Беларусі ня толькі геаграфічна

Ляпіс Трубяцкой на Be2gether 2009 

Першы Be2gether, які прайшоў амаль тры гады таму, быў як і ўсё першае крыху незнаёмы, але тым і прыцягальны. Ад другога разу чакаеш знаёмых рэчаў і таго, што будзе лепей, а трэці фэст сустракаеш як нешта роднае і гатовы дараваць нават капрызы надвор’я, праблемы з даездам і іншыя побытавыя дробязі.

Нечакана халоднае і дажджлівае чэрвеньскае надвор’е ніяк ня зьменшыла градус пазытыву на фэстывалі. Традыцыйны агляд Be2gether і тэматычныя фотарэпартажы на Generation.bY.

Першы Be2gether, які прайшоў амаль 3 гады таму быў блізкім да Беларусі толькі геаграфічна. Многія валянтэры і прадаўцы крамаў не размаўлялі на зразумелых беларусам мовах, уся друкаваная прадукцыя была зробленая выключна па-літоўску. Не пакідала адчуваньне, што трапіў на вялікая прыгожае, але чужое сьвята. Аднак уражаньні былі такія, якія бываюць толькі ўпершыню: нібыта трапіў у новы кляс, дзе ўсе навічкі і пазіраюць адзін на аднаго з насьцярогай. На другім фэстывалі, які ізноў праходзіў у 30-ці мэтрах ад беларускай мяжы, усё ўжо не выглядала такім чужым.

Be2gether 2009

Спатканьне з Be2gether 2009, якое адбылося на мінулых выходных у Нарвілішках, прайшло як цёплая чаканая сустрэча з старым сябрам, якой не маглі перашкодзіць ані дождж, ані побытавыя дробязі. Нягледзячы на тое, што сярод выканаўцаў было толькі два беларускія гурты, сёлета на Be2gether прыехала сапраўды шмат беларусаў, а пэрсанал на месцы без праблемаў размаўляў па-ангельску ці па-расейску.

Be2gether 2009

На выходных 12-14 чэрвеня ў Нарвілішскім замку на беларуска-літоўскай мяжы прайшоў трэці міжнародны фэстываль музыкі і мастацтва Be2gether. Сёлетні фэст традыцыйна аб’яднаў розныя музычныя стылі на сцэнах і розныя праявы сучаснага мастацтваў у ваколіцах замку. Не адставала ад разнастайнасьці й надвор’е: няспынны дождж у першы дзень і сонечна ў другі.

У Беларусі Be2gether 2009 пачаўся ўжо ў чэргах у літоўскую амбасаду па візы. Сёлета болей 2000 беларусаў атрымалі бясплатныя візы для наведваньня фэстывалю. Аднак дакладная лічба беларусаў на фэсьце невядомая, бо пра тое што многія скарысталіся бясплатнай візай, каб проста рвануць на 5 дзён у шэнген, сьведчыць неверагодная колькасьць абвестак «прадам квіток на Be2gether», якой заспамілі Сеціва напярэдадні фэсту.

На пад’езьдзе да літоўскай мяжы было таксама людна. Для зручнасьці наведвальнікаў фэсту быў адчынены яшчэ адзін памежны пераход. Праўда, працаваць ён пачаў толькі з 16:00 у пятніцу да 10:00 у нядзелю. У аўтобусы зь Вільні да Нарвілішак таксама было складана трапіць. Беларускія мабільныя апэратары загадзя падрыхтаваліся да нечакана вялікай колькасьці абанэнтаў на мяжы зь Літвой. Сувязь працавала выдатна ажно да таго моманту, пакуль не сядаў акумулятар. Velcom адзначыўся, тым што нават падпісаў бліжэйшую базавую станцыю «Be2gether 2009».

Be2gether 2009

Першы дзень сустракаў усіх дажджом і чэргамі за гумовымі ботамі. Зрэшты, гумовыя боты можна сьмела рабіць сымбалем сёлетняга фэсту. Самыя дальнабачныя везьлі «зьменку» з сабою, а ўся тэрыторыя фэсту ператварылася ў асаблівы паказ «гумовай моды». Яркасьці шэраму надвор’ю дадавалі рознакаляровыя дажджавікі. Сёлета набыць іх можна было і на месцы, а мінулым годам арганізатары ратавалі наведвальнікаў апэратыўна прывезенай зь Вільні партыяй дажджавікоў, якія раздавалі бясплатна наўпрост на ўваходзе.

Але дождж ня надта напужаў наведвальнікаў. Ужо ў першы дзень сабралася болей 6 000 чалавек. На розных сцэнах на працягу дня выступілі болей 20 выканаўцаў. На галоўнай сцэне запальвалі рэпэры Dilated Peoples, а ў канец разьвеяў дажджлівы настрой энэргічны выступ Gogol Bordello, якіх паўнапраўна можна назваць фаварытамі дня. Другі саліст насіўся па сцэне з кінутым з натоўпу бел-чырвона-белым сьцягам. Гледачы таньчылі і скакалі пад дажджом. Цыганскія матывы і эпатажнае шоў нагадвалі душэўнае вясельле з тысячамі гасьцей.

http://generation.by/mediashare/9m/7k0d5mpmbj2isyif9yg3hcvlkd0r8h-org.jpg

А каб ня сунуцца ў мокрыя спальнікі, можна было ноч завісаць у адмысловых крытых намётах і таньчыць пад Dj-музычку.

Be2gether 2009

Раніца другога дня фэсту прынесла добрае сонечнае надвор’е зь не надта халодным ветрам, другую хвалю наведвальнікаў, чэргі ў шапіках за півам і ежаю. Бо ў першы дзень з-за залевы й холаду нават самі прадаўцы дзялілі свае стравы проста на «гарачыя» і «халодныя». Жыхары намётавага мястэчка павыцягвалі на прасушку спальнікі й дружнымі шэрагамі рушылі ў актыўную зону.

Сцэны ў суботу вабілі зорным складам выканаўцаў: Touch and Go, Polarkreis 18, Clawfinger і іншыя, а таксама беларусы «Ляпіс Трубяцкой» і The Toobes.

http://generation.by/mediashare/8p/i6nemd4pr7edybjfs00st7jajb61e1-org.jpg

«Ляпіс Трубяцкой» адзіны гурт, які за трохгадовую гісторыю фэсту выступіў на ім два разы. Пасьля пачатковага «Прывітаньне Літва» Ляпісы хутка зарыентаваліся, што ў гэты раз тут значна болей беларусаў, чым раней, і казалі пасьля песьняў «Дзякуй» па-беларуску.

Маладыя The Toobes выступалі на невялікай крытай сцэне, ад таго засталіся крыху незадаволенымі, бо разьлічвалі на большую колькасьць гледачоў. Аднак тыя гледачы, хто зьмясьціўся ў адмысловы намёт пад час выступу хлопцаў, пасьпяхова атрымалі традыцыйную порцыю маладой энэргіі ў клясычных рокавых матывах.

З усіх трох фэстаў сёлетні дакладна адзначыўся неспадзяванкамі з халодным надвор’ем, а з прыемнага ўражвала вялікая колькасьць беларусаў сярод наведвальнікаў у параўнаньні з папярэднімі гадамі. У першы год кожны рэдкі сустрэты беларус рабіўся як родны :)

Ляпіс Трубяцкой на Be2gether 2009

Сёлетні фэст таксама ўпершыню адбыўся ў чэрвені замест звыклага жніўня, каб моладзь пасьпела наведаць фэст да летніх вандровак. Але як распавёў Generation.bY арганізатар фэсту Гедрыюс Клімкявічус, сёлетняя рэформа адукацыі ў Літве ўнесла свае карэктывы – многія студэнты ў дні Be2gether здавалі іспыты.

Be2gether 2009

Дакладную лічбу наведнікаў за усе дні сёлетняга фэстывалю арганізатары пакуль не называюць, але ўжо асьцярожна будуюць сьмелыя пляны на наступны год.

Глядзіце ў фотаблогу Generation.bY тэматычныя фотарэпартажы з Be2gether 2009:

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0601 seconds.