Фэст моладзевых арганізацыяў: знаёмствы і прызнаньні

 

29 траўня ў Менску прайшоў фэстываль моладзевых арганізацыяў і ініцыятываў — упершыню за больш чым пяць год такі прадстаўнічы моладзевы сход. На фэст з усёй Беларусі прыехала болей 50 прадстаўнікоў каля 30 незалежных арганізацыяў і праектаў. Новая генэрацыя беларускіх моладзевых ініцыятываў у 30 здымках і тэкставым рэпартажы на Generation.bY.

Падобны фэст, дзе б здолелі нарэшце пазнаёміцца і прэзэнтаваць сябе розныя моладзевыя ініцыятывы і арганізацыі, насьпяваў даўно. І ў самым канцы вясны беларускую моладзь нарэшце «прарвала» — у адным памяшканьні сабраліся і студэнцкія, ад заснаванага яшчэ ў мінулым стагодзьдзі «Задзіночаньня Беларускіх Студэнтаў» да суперновай «Студэнцкай Рады», і палітычныя, і гістарычна-культурныя, і сацыяльныя ініцыятывы моладзі.

Як адзначыў адзін з арганізатараў фэсту Сяржук Семянюк, «за апошнія шэсьць год гэта першы фэст у такім фармаце. Былі спробы аб’яднаць моладзевыя арганізацыі, але рабіліся яны дзеля факту аб’яднаньня, а ня дзеля супольнай дзейнасьці».

Адной з галоўных праблем большасьці беларускіх моладзевых ініцыятываў, як адзначылі ўдзельнікі фэсту, ёсьць атрыманьне афіцыйнай рэгістрацыі ў якасьці грамадзкай, альбо палітычнай арганізацыі. Таму большасьць удзельнікаў вызначалі свой афіцыйны статус як «працэс рэгістрацыі».

«Галоўнай мэтай фэсту было знаёмства арганізацый паміж сабой, зь іх дзейнасьцю, праектамі і канкрэтнымі акцыямі, — распавёў Сяржук Семянюк. — Як высьвятляецца, ёсьць шмат розных арганізацыяў з аднолькавымі мэтамі, і яны насамрэч робяць адно і тое ж».

«І адсюль вынікае другая мэта фэсту — падштурхнуць гэтыя арганізацыі да супольнай дзейнасьці. У выніку мы здолелі стварыць пляцоўку для камунікацыяў, людзі зрабілі прэзэнтацыі сваіх арганізацый, і ў наступных дыскусіях вызначылася, што яны зацікаўленыя ў супольнай дзейнасьці».

На фэсьце былі агучаныя вынікі профільных тэматыцы фэсту дасьледаваньняў НІСЭПД, лябараторыі «Новак». Згодна зь імі, моладзь вельмі добра разумее сытуацыю ў Беларусі, але, у большасьці сваёй, не гатовая нешта зьмяняць. Часьцей людзі разьлічваюць самі на сябе, не чакаючы датацыяў ад дзяржавы, але ў выніку пагаршэньня сытуацыі ў краіне згодныя проста «саскочыць» зь Беларусі. Над тым, каб пакінуць Беларусь, задумваюцца каля 46% групы актыўных грамадзян.

«Плюсы нашага ладу заключаюцца ў адсутнасьці мінусаў», — такое ёмістае апісаньне беларускай рэчаіснасьці дае, па словах экспэртаў, звычайная беларуская моладзь.

«Звычайная моладзь, якая незаангажаваная ў розных арганізацыях, ня бачыць папросту тых, хто б здолеў яе рэпрэзэнтаваць», — робіць вынік адзін з экспэртаў, які выступаў на фэсьце.

91% «агентаў пераменаў» (тых, хто прагне зьменаў у краіне) не зьяўляецца сябрамі ні грамадзкіх арганізацыяў, ні палітычных партыяў. Але яны не зьбіраюцца самі ўдзельнічаць у грамадзкіх пратэстах і ініцыятаваць зьмены. Зь іншага боку, «агенты пераменаў» лічаць тых, хто робяць нейкую працу ў грамадзтве, сьмелымі і ўспрымаюць іх працу пазытыўна.

Хоць у фэсьце ўдзельнічалі амаль усе незалежныя моладзевыя ініцыятывы краіны, іх уплыў застаецца нязначны. Колькасьць актывістаў гэтых арганізацыяў не перавышае 1 000 чалавек. Абмеркаваць усе надзённыя праблемы, задачы і пляны на працягу аднаго дня — задача ня з простых. Арганізатары фэсту агучылі жаданьне і надалей праводзіць падобныя мерапрыемствы і разам з удзельнікамі абмеркавалі наступныя тэмы моладзевых канфэрэнцыяў.

Глядзіце ў фотаблогу Generation.bY вялікі фотарэпартаж з Фэсту моладзевых НДА

Аўтар фота Воля Кузьміч

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1085 seconds.