Беларускі павільён Вэнэцыянскай біенале адчыніцца на пляцоўках БелЭКСПА

Другі раз за ўсю гісторыю Вэнэцыянскай біенале беларускія мастакі прымуць у ёй удзел. З адной невялікай папраўкай: павільён адчыніцца не ў Вэнэцыі, а ў Менску.

Як распавядаюць арганізатары выставы, куратар Лізавета Міхальчук і камісар Руслан Вашкевіч, адкрыцьцё неафіцыйнага Беларускага павільёну 53-яй Вэнэцыянскай біенале на базе выставачнага цэнтру «БелЭКСПА» ў Менску адбудзецца 3 чэрвеня 2009 году.

«У экспазыцыі будуць прадстаўленыя творы 30 беларускіх мастакоў, скульптараў і фатографаў розных пакаленьняў, якія працуюць у розных кірунках сучаснага, а, дакладней, актуальнага мастацтва», — кажуць арганізатары выставы.
«Пад тэрмінам „актуальнае“ маецца на ўвазе мастацтва наватарскае, авангарднае, якое пашырае традыцыі і асэнсоўвае і перапрацоўвае рэальнасьць у новы прадукт».

Беларусь толькі аднойчы, у 2005 годзе, мела свой уласны павільён на біенале. Яшчэ раней у Вэнэцыі выстаўляліся творы Марка Шагала і Лявона Тарасевіча, якія прадстаўлялі на біенале Францыю і Польшчу адпаведна.

«На жаль, сёлета Беларусь (у чарговы раз) ня трапіць у лік 77 удзельнікаў гэтага найбуйнейшага прагляду дасягненьняў сучаснага мастацтва, сярод якіх будуць нават Каморскія выспы, Габон і Чарнагорыя», — адзначаюць арганізатары беларускай выставы.
На думку арганізатараў, «сучаснае мастацтва ў Беларусі існуе ў форме спарадычных ачагоў, якія успыхваюць зрэдку там і тут. Абсалютнай большасьцю яно ўспрымаецца як маргінальнае, без праўдзівай эстэтычнай каштоўнасьці».

Экспазыцыя ў БелЭКСПА упершыню аб’яднае актуальных беларускіх мастакоў, не зьвяртаючы ўвагі на ідэалёгію і стыль. Як спадзяюцца арганізатары, «яна павінна стаць першым і вырашальным крокам на шляху да прызнаньня эстэтычнай і агульнакультурнай каштоўнасьці наватарскіх дасягненьняў нашых мастакоў». Таксама выстава мусіць паспрыяць узьнікненьню ў Беларусі «арт-рынка, адэкватнага агульнасусьветнаму».

Біенале ў Вэнэцыі - самае вядомае ў сьвеце біенале мастацтваў, якая праходзіць у Вэнэцыі пачынаючы з 1895 г.

Выстава пройдзе у НВЦ «БелЭКСПА» з 3 па 6 чэрвеня 2009 г. (вул. Я. Купалы, 27).

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0899 seconds.