«НОМ» у Менску: касьмічная містэрыя

НОМ 

Жыць на чужой, хаця і гасьціннай плянэце, кожным крокам, кожным подыхам усё больш і больш набліжацца да вобраза звычайнай зямной істоты, любіць, кахаць і толькі надзвычай зрэдку мець магчымасьць пачуць, пабачыць «сваіх». Што можа быць лепей? 8 траўня Менск наведалі «каралі Санкт-Пецярбургу», культавыя расейскія абсурдысты — гурт «НОМ».

Створаны яшчэ ў 1980-х як «суполка тэхнароў, тэатралаў і літаратараў-абсурдыстаў», якія, шчыра кажучы, ў тыя гады былі на кожным куце, гурт «НОМ» перажыў практычна ўсіх сваіх патасных калегаў, застаўся актуальным і ў маразм ня ўпаў, што ўвогуле рэдкасьць як для расейскіх, так і для беларускіх музыкаў іх узросту.

Іван Турыст 

Яшчэ па прэс-канфэрэнцыі можна было казаць, што гэтыя мужчыны да сёньняшняга дня захавалі проста нечалавечую яснасьць розуму і адэкватнасьць успрыманьня як лякальных зямных, так і агульнакасьмічных рэаліяў. Гурт, які ня першае дзесяцігодзьдзе вандруе па фэстах узроўню SZIGET, здавалася, усё ж такі залезе пад стол ад сваёй сьціпласьці ў паводзінах. Карацей, «пальцаў тут ніхто ня гнуў», што ў Беларусі ўжо ня звыкла, ад таго яшчэ больш вартае павагі. Іван «Турыст», А. Кагадзееў, М. Гусеў прыемна і проста адказвалі на пытаньні крыху нясьмелых зямных журналістаў. Здавалася, што тут увогуле ніхто не зьбіраўся выконваць свае прафэсійныя журналісцкія абавязкі, чалавекі проста размаўлялі ці то са сваімі кумірамі, ці то проста зь цікавымі людзьмі.

НОМ 

«НОМаўцы» паведамілі пра сваю новую праграму «Кирпич в живот», якая ўжо запісана, але чакае лепшых фінансавых умоваў для рэлізу, пра свае кінастужкі, якія яны здымаюць без асаблівых амбіцыяў, але якія потым атрымліваюць разнастайныя ўзнагароды незалежных кінафэстываляў.

Вось і зараз «НОМФІЛЬМ» здымае новы фільм з назвай «Зорны ворс». Акторскі склад стужкі, як і яе назва, асбалютна «зорны»: акрамя саміх «номаўцаў» тут будуць Алег Скрыпка, Сяргей Міхалок і Шнур. У гэтай размове мяне асабліва ўразіла тое, што да фільму ўжо збудаваная 5-мэтровая ракета (!!!), якая і стане арэнай падзеяў стужкі.

Заўважу, што «касьмічная» тэма прысутнічае ў творчасьці «НОМа» практычна з пачатку існаваньня гурта, таму я ня мог не запытаць у музыкаў, ці не стаміліся яны жыць на гэтае плянэце і ці не зьбіраюцца дамоў. Істоты з гурта «НОМ» загадкава ўсьміхнуліся, памаўчалі і адказалі, што ім тут падабаецца і яны нікуды пакуль не зьбіраюцца. «Зямля разьляціцца на кавалкі, а мы разьляцімся зь ёй».

НОМ 

Сам канцэрт пачаўся амаль з гадзінным спазьненьнем, але гэтае было толькі на карысьць, бо практычна пустая ад пачатку «запуску» людзей заля за хвілінаў 40–50 стала перапоўненай. Публіка складалася з аля-творчых зямлянаў і проста старажытных аматараў розных допінгаў і эскцэнтрычнага музла. Гістэрычнае моладзі тут і побач быць не магло, сярэдні ўзрост глядачоў — каля трыццатніку. Карацей, усе, хто ня мог, ды й не пайшоў бы нават пад пагрозай расстрэлу на «Бумбокс», прыйшлі сюды.

НОМ 

Здаецца, ніхто не пашкадаваў. У адрозненьні ад апошніх канцэртаў у Маскве і Піцеры, дзе на сцэне «НОМ» выступалі ў сваім пашыраным складзе, у Менску тую ж праграму выконвалі ўсяго толькі тры чалавекі. Скарочаны склад — бас, клявішы і вакал, але ад першае песьні і да канца ўражаньне такое, што перад табой насамрэч «сапраўдныя героі і касьмічныя першапраходцы». Нават сумненьняў у гэтым няма. «НОМ» — гэта «НОМ», і другога такога гурту ня будзе. Як казалі ў той жа дзень самі музыкі, яны не зьбіраюцца ствараць ніякіх «прафсаюзаў імя сябе». Яны непаўторныя.

НОМ 

Вакаліст гурту Іван «Турыст» таньчыць, бы жэсаўскі сьлесар, махае над натоўпам вялізным гаечным ключом, апранае папяровыя вушы малпы і сьпявае нешта кшталту «мой отец обезяноид… может, повезёт стать когда-нибудь людьми», потым напяльвае вайсковую кепі міратворца, маршыруе і пяе пра «кузькину мать, мы умеем воевать».

Калі слухаеш усе гэтыя песьні, глядзіш на іх сцэнічнае ўвасабленьне, становіцца зразумелым, што робіць «НОМ» такім унікальным. Музыкі пяюць пра «жид па верёвочке бежит», а зямляне ня бачаць і блізка цені «антысэмітызму» альбо яшчэ чаго горш. Тут нічога такога няма! Усё зроблена вельмі тонка, зь неверагодным пачуцьцём густу і гумару, а гэта, як бы не сьпяваў на вясёлы матыў Іван «Турыст» словы «Пошёл на х...й!», без мазгоў не атрымаецца. Такі закон, не адзін раз ужо пацьверджаны.

НОМ 

Амаль за паўтары гадзіны «НОМ» выканаў усю новую праграму, абавязковыя старыя гіты кшталту «Сенька-Мосгаз», «Лягва» і сыйшоў са сцэны. Адразу пачаліся выкрыкі «Яшчэ!!!», зямляне прагнулі працягу касьмічнае містэрыі, і яна працягнулася «Насекомыми» и «Маршем косморазведчиков». Менавіта пад яго я і «памаршыраваў» дадому і, праходзячы па зямной вуліце Няміга, бачыў і чуў, як «НОМ» адлятаюць дамоў, каб, спадзяюся, яшчэ сюды вярнуцца да нас, да сваіх.

ПРА АЎТАРА

Buzzika 

 

Нарадзіўся на Дэймасе 200 000 год таму, але ў раньнім дзяцінстве з бацькамі пераехаў на Марс, дзе і вырас. Пасьля школы па разьмеркаваньні трапіў на Тытан, адкуль і быў з дапамогай аптычна-люстэркавай сыстэмы (АЛС) зь сям’ёй і калегамі адпраўлены на Зямлю. У Беларусь патрапіў таму, што яшчэ з савецкіх часоў гэтая краіна спэцыялізуецца на оптыцы ў вытворчасьці дэталяў касьмічных караблёў. Праз АЛС сюды накіраваць было прасьцей.

Імя buzzika не сапраўднае, сапраўднае немагчыма паўтарыць не на адной зямной мове з-за асаблівасьцей марсіянскага маўленчага апарату, але buzzika — найбольш блізкае па гучаньню да сапраўднага імя. Тое ж самае і са зьнешнасьцю. Зьнешне buzzika выглядае як чалавек, але гэта зроблена для зручнасьці камунікацый тут, на Зямлі. Насамрэч buzzika нагадвае зямнога ката. Сапраўдная місія buzzika на Зямлі засакрэчана.

Яшчэ 20 фотаздымкаў з выступу гурта «НОМ» у Менску глядзіце ў фотаблогу Generation.bY

Buzzika 13:30, 11/05/2009 | Рэпартажы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0616 seconds.