Арганізатары «Be2gether» удакладнілі тэрміны падачы дакумэнтаў на бясплатныя візы

Паводле новай інфармацыі дакумэнты на бясплатныя візы для паездкі на міжнародны музычны фэстываль «Be2gether» трэба падаваць да 1 чэрвеня ўключна. Тым часам кошт на квіткі будзе паступова павялічвацца.

Тэрмін выдачы візы складае да 10 сутак і пашпарт на гэты час будзе заставацца ў амбасадзе. Віза будзе выдавацца на тэрмін з 11 па 15 чэрвеня. Для яе атрыманьне неабходны дзейны пашпарт з вольнымі старонкамі, страхоўка на ўсе дні знаходжаньня ў Літве, каляровы здымак (35 x 45 мм, 70% — твар), дзьве часткі фэстывальнага квітка (літоўская і беларуская — прадаюцца ў Беларусі толькі разам!), а таксама іх ксэракопіі. У консульстве неабходна будзе запоўніць анкету, пазначыўшы мэту — наведваньне фэстывалю «Be2gether».

Пляцоўка фэстывалю знаходзіцца прыкладна ў 150 км ад Менску каля замку Нарвілішкес на тэрыторыі Літвы. Асноўныя выступы будуць адбывацца амаль без перапынку 12 і 13 чэрвеня. Завяршэньне фэсту адбудзецца ў абед 14 чэрвеня.

Хэдлайнэрамі трэцяга «Be2gether» будуць Gogol Bordello (ЗША), Clawfinger (Швэцыя), Touch And Go (Вялікобрытанія), Polarkreis 18 (Германія), Roni Size (Вялікобрытанія). Беларусь на галоўнай сцэне будзе прадстаўляць «Ляпіс Трубяцкой».

Першапачатковы кошт на квіткі на ўсе дні фэстывалю складае 142 тыс. рублёў. Аднак з часам набліжэньня датаў фэсту кошт будзе расьці (і ў Літве і ў Беларусі). Так у бліжэйшы час квіткі ў продажы будуць ужо па 160 тыс. рублёў.

Замовіць і набыць квіткі магчыма праз сайт www.soundline.by.

Паводле прэс-рэлізу.

vojur 13:41, 07/05/2009 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0575 seconds.