Колькасьць студэнтаў у Беларусі ўзрасла за апошнія восем год на 50%

Студэнтаў у Беларусі больш, чым жыхароў Баранавічаў і Бабруйску разам узятых. Зараз кожны 23 жыхар краіны — студэнт. У той жа момант, колькасьць вышэйшых навучальных устаноў скарацілася. Generation.bY вымераў студэнцтва ў розных краінах сьвету параўнальна зь Беларусьсю.

З 2000 па 2008 год колькасьць навучэнцаў ВНУ Беларусі павялічылася на 139 тысяч. Такую інфармацыю апублікаваў Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі. Згодна з дадзенымі камітэту, у 2008 у Беларусі навучалася 420,7 тысяч студэнтаў, што на 50% болей за колькасьць студэнтаў у краіне ў 2000 годзе. Цікава, што колькасьць навучальных устаноў у краіне за той жа час скарацілася на 4 (зараз іх 53).

Шмат гэта ці не? Агулам на эўрапейскім кантынэнце студэнтаў каля 31 мільёну.

  
Рост колькасьці беларускіх студэнтаў за 8 год. Мапа - БелСтат.

Параўнальна зь іншымі краінамі Эўропы, беларускае студэнцтва асабліва памерамі не вылучаецца. Каб адчуць гэта, ня трэба за блізкім сьветам хадзіць. Напрыклад, у Нямеччыне 1 974 тысяч студэнтаў. Такім чынам, у ёй на 10 тысяч чалавек 239 студэнтаў.


Параўнаньне колькасьці студэнтаў на 10 тысяч чалавек у розных краінах сьвету.  Візулізацыя Many Eyes.

У Аўстраліі паказчык гэты такі ж, як і ў Беларусі — 435 студэнтаў, а вось ва Ўкраіне зь яе 2 102 тысячамі паказчык вышэй. Там 459 студэнтаў на чалавека. Найбольш «студэнцкай» з разгледжаных краін аказалася Польшча: там на 10 тысяч чалавек 503 студэнты.

Таксама Беларусь вылучаецца ростам колькасьцю студэнтаў, у той момант, як наборы ў вышэйшыя навучальныя ўстановах іншых краін Эўропы падаюць. У 2008 годзе ва Ўкраіне колькасьць першакурсьнікаў скарацілася на 67 тысяч, у Польшчы колькасьць студэнтаў скацілася на 4 тысячы, у Нямеччыне было набрана на першы курс на 3% меней, чым чакалася.

Цікава, што ў большасьці краін сьвету вышэйшую адукацыю імкнуцца атрымаць перш за ўсё дзяўчыны. Напрыклад, у Польшчы 56,4% навучэнцаў ВНУ — студэнткі, у Фінляндыі іх 56%, а ў Аўстрыі — 52% студэнткі. Па Беларусі такіх дадзеных, на жаль, не апублікавана.

Нагадаем, што ў 2009 годзе, па словах міністра адукацыі Аляксандра Радзькова, плянуецца павялічыць набор у ВНУ. У гэтым годзе студэнтамі стануць 32 694 чалавек, зь іх 24 804 паступяць на дзённую форму навучаньня (на 4,5% болей у параўнаньні з 2008 г.). У той жа момант, улады незадаволеныя наборам у ПТВ. Па словах міністра, беларускія ПТВ прымаюць на 40% меней, чым яны маглі б зьмясьціць.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0603 seconds.