Менскі гурт The Toobes прэзэнтаваў дэбютны альбом вялікім сольным канцэртам

The Toobes

На канцэрце ў «Рэактары» 16 красавіка The Toobes прэзэнтавалі свой дэбютны альбом, які «нараджалі амаль год» і «ганарацца ім ад коркі да коркі, ад музыкі да вокладкі». Паглядзець на дэбют і адарвацца пад энэргічны ангельскамоўны рок-н-рол у выкананьні «трох хлопцаў у чырвоных джынсах» набілася поўная заля «Рэактару».

The Toobes

Музыка The Toobes — драйвавая сумесь рэтра рок-н-ролу, фанку, блюзу, напорыстага року й панку. І ўсё гэта выдаюць тры чалавекі: Стас-бас, Стас-драм і Косьця-гітара.

The Toobes

Да таго ж, на канцэрце здымаўся першы кліп гурта. Магчыма, у відэа-гісторыі застануцца й безьліч сьмелых гледачоў і глядачак, што адзін за адным скакалі са сцэны на шчыльны натоўп у залі.

The Toobes

На завяршэньне канцэрту «кола замкнулі» і самі музыкі, скочыўшы ў залю на рукі прыхільнікаў, падвёўшы эфэктную рысу пад дзьвюхгадзіннай прэзэнтацыяй.

The Toobes

Граюць хлопцы з жніўня 2007 году. Але за такі кароткі час гурт пасьпеў выступіць на многіх пляцоўках Менску, знайсьці шмат прыхільнікаў і перамагчы ў студзені 2009-га ў беларуска-швэдзкім музычным праекце Bandscan, абышоўшы дзесяткі гуртоў з усёй Беларусі. Цяпер The Toobes рыхтуецца да гастроляў па Швэцыі.

Глядзіце яшчэ 20 кадраў з сольнага канцэрту The Toobes у «Рэактары» у фотаблогу Generation.bY

Паслухаць The Toobes у Сеціве можна на старонках гурта ў Last.fm і Myspace.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0619 seconds.